Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне пракуратура хоча арыштаваць экс-прэзыдэнта Парашэнку. У чым яго падазраюць?


Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адказвае на пытаньні журналістаў, 10 чэрвеня 2020 году
Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка адказвае на пытаньні журналістаў, 10 чэрвеня 2020 году

Сьледчыя Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў паводле даручэньня генэральнага пракурора Ўкраіны Ірыны Венядзіктавай абвясьцілі падазрэньне пятаму прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку. Цяпер вырашаецца пытаньне аб абраньні для яго меры папярэдняга стрыманьня і зьмяшчэньні пад варту.

«Гэтае падазрэньне будзе адпраўлена яшчэ і поштай. Сёньня або заўтра ў суд будзе накіравана хадайніцтва аб абраньні меры папярэдняга стрыманьня. Мы зробім гэта хутка, але патрэбны яшчэ допыт Пятра Парашэнкі ў якасьці падазраванага», — паведаміла журналістам Ірына Венядзіктава.

Сьледчыя падазраюць, што ў 2018 годзе, у часе свайго прэзыдэнцтва, Пятро Парашэнка аддаў «злачынны загад» кіраўніку Службы зьнешняй выведкі Ўкраіны аб прызначэньні ягоным намесьнікам Сяргея Семачкі, сям’я якога атрымала грамадзянства Расеі і вяла бізнэс у анэксаваным Крыме.

Гэтыя дзеяньні Пятра Парашэнкі сьледзтва кваліфікуе як наўмыснае перавышэньне ўладных правоў і паўнамоцтваў у асаблівы пэрыяд. Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны такія дзеяньні караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 10 гадоў.

Пятро Парашэнка і ягоныя адвакаты лічаць, што падазрэньне яму ня ўручанае, бо парушаная працэдура — яны пераконваюць, што гэты дакумэнт мусіла ўручаць генэральны пракурор Ірына Венядзіктава, бо экс-прэзыдэнт — народны дэпутат Украіны.

«Сёньняшнія дзеяньні генэральнага пракурора сьведчаць, што гэта дакладнае ўказаньне ад прэзыдэнта. Мы перакананыя, што тут ёсьць склад злачынства — умяшаньне ў дзейнасьць генэральнага пракурора», — заявіў Пятро Парашэнка.

Ён перакананы, што дзеяньні генэральнага пракурора і Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў — гэта палітычны перасьлед апазыцыі: «Мы вяртаемся ў часы Януковіча».

Супраць Пятра Парашэнкі пасьля сыходу з прэзыдэнцкай пасады было заведзена больш як 20 спраў — у тым ліку аб дзяржаўнай здрадзе і злоўжываньні ўладай. Сярод абвінавачаньняў — арганізацыя праходу караблёў праз Керчанскую затоку, ухіленьне ад падаткаў, умяшаньне ў працу судоў, незаконнае прызначэньне Ўладзімера Гройсмана прэм’ер-міністрам, незаконнае завалоданьне зямельным участкам і маёмасьцю ды іншыя. Парашэнка адмаўляе ўдзел у любых супрацьзаконных дзеяньнях.

Паводле Канстытуцыі Ўкраіны прэзыдэнт карыстаецца правам недатыкальнасьці толькі на час выкананьня паўнамоцтваў. Званьне ж прэзыдэнта Ўкраіны захоўваецца за ім пажыцьцёва, калі толькі ён ня быў адхілены ад пасады ў парадку імпічмэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG