Сэнат аднагалосна (98 галасоў «за», 0 «супраць») зацьвердзіў кандыдатуру генэрала Чарльза Браўна-малодшага на пасаду начальніка штаба вайскова-паветраных сілаў ЗША, інфармуе «Голас Амэрыкі» .
Да новага прызначэньня Браўн узначальваў Ціхаакіянскае камандаваньне ВПС, якое адказвае за дзейнасьць ВПС на тэрыторыі ЗША і на Інда-Ціхаакіянскім тэатры вайсковых дзеяньняў, які ахоплівае палову зямной кулі.
Ён таксама быў намесьнікам камандзіра Цэнтральнага камандаваньня, якое каардынуе дзеяньні амэрыканскіх вайскоўцаў на Блізкім Усходзе, зь ліпеня 2016 году па ліпень 2018 году. Да гэтага ён узначальваў Цэнтральнае камандаваньне ВПС ЗША.
Гістарычнае зацьвярджэньне кандыдатуры Браўна адбылося ў той момант, калі краіну ахапілі пратэсты супраць расавай і сацыяльнай несправядлівась пасьля сьмерці ў траўні афраамэрыканца Джорджа Флойда пры затрыманьні паліцыяй.
«Я думаю пра тое, што маё прызначэньне можа прынесьці некаторую надзею, але яно таксама нясе з сабой вялікі цяжар. Я не магу выправіць стагодзьдзі расізму ў нашай краіне, як не магу выправіць дзесяцігодзьдзі дыскрымінацыі, якія, магчыма, адбіліся на членах нашых ВПС», — заявіў Браўн у відэазвароце да ВВС.
Ён выказаў надзею на тое, што мудрасьць і веды выйдуць на першы плян у гэтыя «цяжкія часы» і прывядуць да паляпшэньняў, «каб усе лётчыкі, сёньня і заўтра, ацанілі вартасьці разнастайнасьці і служылі ва ўмовах, у якіх яны могуць цалкам раскрыць свой патэнцыял».
- Будучы пілётам зьнішчальніка F-16, Браўн налётаў амаль 3 тысячы гадзін, у тым ліку 130 баявых гадзін, за сваю больш чым 35-гадовую службу.