Палітычны і грамадзкі парадак дня ў Злучаных Штатах Амэрыкі ўжо два тыдні фармуе сьмерць афраамэрыканца Джоджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй у Мінэапалісе і рэакцыя грамадзтва на гэтую падзею.
Пасьля гібелі Джорджа Флойда ў Мінэапалісе расфармуюць паліцыю
Улады Мінэапаліса зьбіраюцца рэфармаваць паліцыю, стварыўшы «новую мадэль грамадзкай бясьпекі», — заявіла кіраўніца гарадзкой рады Ліза Бэндэр. Пра гэта інфармуе Нямецкая хваля.
Улады амэрыканскага гораду Мінэапаліса, у якім падчас затрыманьня паліцыяй загінуў афраамэрыканец Джордж Флойд, зрабілі высновы з гэтага трагічнага інцыдэнту — і прынялі рашэньне расфармаваць мясцовае падраздзяленьне паліцыі. Пра гэта паведаміла ў нядзелю, 7 чэрвеня, старшыня гарадзкой раады Ліза Бэндэр у інтэрвію тэлеканалу CNN.
«Мы зьбіраемся стварыць у Мінэапалісе новую мадэль грамадзкай бясьпекі», — заявіла яна.
Пры гэтым Бэндэр дадала, што, мяркуючы па дэманстрацых на вуліцах гораду і лістах, якія паступаюць у гарадзкую раду, грамадзтва ў горадзе больш не адчувае сябе ў бясьпецы.
Раней дзевяць з 12 членаў гарадзкой рады аб’явілі на мітынгу ў гарадзкім парку, што яны падтрымліваюць роспуск дэпартамэнта і яго замену нейкай супольнай мадэльлю падтрыманьня грамадзкай бясьпекі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даручыў вывесьці Нацыянальную гвардыю з Вашынгтону
Прэзыдэнт патлумачыў гэта тым, што сталіца знаходзіцца пад ідэальным кантролем, піша Голас Амэрыкі.
Загад Трампа тычыцца 5 тысяч службоўцаў Нацыянальнай гвардыі, накіраваных у Вашынгтон некалькі дзён таму для супакаеньня пратэстаў у сувязі са сьмерцю Джорджа Флойда. Прэзыдэнт патлумачыў сваё рашэньне тым, што сталіца краіны знаходзіцца «пад ідэальным кантролем».
«Яны адправяцца дадому, але могуць хутка вярнуцца, калі спатрэбіцца, — напісаў Трамп у Твітэры. — Мінулай ноччу выйшла значна менш пратэстуючых, чым чакалася!»
Нягледзячы на вывад Нацыянальнай гвардыі, некаторыя былыя вайсковыя кіраўнікі ЗША працягваюць выказваць нязгоду з заявай Трампа, агучанай тыдзень таму, пра прыцягненьні да 10 тысяч вайскоўцаў узброеных сіл для ўзмацненьня мясцовай паліцыі ў Вашынгтоне ў яе процістаяньні з удзельнікамі акцый пратэсту з нагоды гібелі Джорджа Флойда ў Мінэапалісе, штат Мінэсота, 25 траўня.
У выніку 1600 вайскоўцаў 82-й паветрана-дэсантнай дывізіі былі перакінутыя ў Вашынгтон, але не былі задзейнічаны для супакаеньня пратэстаў.
Генпракурор ЗША Уільям Бар лічыць апраўданым выдаленьне дэманстрантаў з Лафает-сквэру
Генэральны пракурор, ён жа кіраўнік Міністэрства юстыцыі ЗША Уільям Бар заявіў, што дэманстранты ў парку ня былі мірнымі.
Бар выказаўся ў падтрымку прымяненьня сілы для ачысткі ад дэманстрантаў Лафает-сквру, разьмешчанага праз дарогу ад Белага дому, у панядзелак увечары, перад тым, як прэзыдэнт Дональд Трамп прайшоў праз парк, каб прыняць удзел у фотасэсіі перад царквой непадалёк.
«Гэта былі ня мірныя дэманстранты, — заявіў ён, выступаючы ў праграме „Тварам да краіны“ на канале CBS. — Гэта вялікая хлусьня, адна з тых, што СМІ падтрымліваюць цяпер».
Бар заявіў, што дэманстрантаў тройчы папярэджвалі аб неабходнасьці пакінуць парк, і толькі пасьля гэтага паліцыя і прадстаўнікі іншых органаў улады перайшлі ў наступ, ужыўшы супраць іх пярцовы газ.
Джо Байдэн сустрэнецца з роднымі Джорджа Флойда
Кандыдат у прэзыдэнты дэмакрат Джо Байдэн запіша відэазварот для мэмарыяльнай цырымоніі ў памяць аб Флойдзе.
Байдэн у панядзелак наведае Х’юстан, дзе сустрэнецца з сям’ёй Джорджа Флойда праз два тыдні пасьля таго, як сьмерць Флойда пры затрыманьні паліцыяй выклікала агульнанацыянальныя пратэсты супраць расавай няроўнасьці. Пра гэта паведамілі два старэйшыя памочнікі Байдэна.
Чакаецца, што Байдэн выкажа спачуваньні родным Флойда і запіша відэазварот для яго пахаваньня, якое пройдзе пазьней у той жа дзень у Х’юстане, паведамілі памочнікі. Пры гэтым на самім пахаваньні ён ня зьявіцца, каб прыбыцьцё супрацоўнікаў Сакрэтнай службы не перашкаджала ўдзельнікам цырымоніі.
У апошнія дні Байдэн крытыкаваў прэзыдэнта Дональда Трампа за яго рэакцыю на пратэсты, якія ў асноўным насілі мірны характар, але часам перарасталі ў гвалтоўныя сутыкненьні і нанясеньне маёмаснай шкоды.
Улады амэрыканскіх гарадоў і штатаў заклікаюць дэманстрантаў здаць тэст на COVID-19
У Флорыдзе адзначаюць рост захворваньняў пасьля пачатку пратэстаў у сувязі са сьмерцю Джорджа Флойда.
Улады па ўсёй краіне заклікаюць удзельнікаў акцый пратэст здаць тэсты на COVID-19 пасьля тыдня вулічных маршаў і цесных кантактаў адзін з адным.
«Здайце тэст!» — заклікаў губэрнатар Нью-Ёрка Эндру Куома, дадаўшы, што штат адкрывае 15 новых цэнтраў тэставаньня.
Ён заявіў, што людзі не павінны ісьці на рызыку.
«Я б дзейнічаў так, калі б меў кантак зь вірусам. Я б сказаў людзям, зь якім кантактую: думайце, што мой тэст на вірус станоўчы», — сказаў Куома.
З аналягічнымі заклікамі здаць тэсты зьвярнуліся лідэры штатаў і гарадоў у Атланце, Сан-Францыска і Сыэтле.
- Афраамэрыканец Джордж Флойд загінуў 25 траўня пасьля таго, як белы паліцыянт, які праводзіў затрыманьне, на працягу амаль 9 хвілін ціснуў на яго горла каленам, нягледзячы на просьбы затрыманага аб дапамозе і фразы пра тое, што ён ня можа дыхаць. Пасьля сьмерці Флойда ў ЗША і па ўсім сьвеце пачаліся масавыя пратэсты супраць расізму і паліцэйскага гвалту.