Гомельскі анархіст Сяргей Раманаў лічыў, што яго хочуць «ізаляваць яго ў месцах зьняволеньня» да прэзыдэнцкіх выбараў і для гэтага шукаюць любую падставу. Цяпер супраць Раманава распачалі крымінальную справу за «невыкананьне патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду».
Сяргея Раманава, як піша анархістка Марына Касінерава, затрымалі 1 чэрвеня праз «падазрэньне ў злачынстве», правялі ператрусы дома і ў гаражы ягонага бацькі, забралі тэхніку, «шукалі літаратуру і рэцэпты выбухоўкі». На наступны дзень яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе і абавязаньні зьявіцца на выклік сьледчага.
Урэшце 8 чэрвеня яму выставілі абвінавачаньне ў «невыкананьні патрабаваньняў прэвэнтыўнага нагляду» (арт. 421 КК). Паводле гэтага артыкулу могуць арыштаваць або пазбавіць волі на тэрмін да 1 году. Сьледчыя дзеяньні могуць завяршыцца да жніўня.
Як сьцьвярджае «Анархісцкі чорны крыж Беларусі», Раманаў у дзень затрыманьня адмовіўся даваць паказаньні і назваць паролі ад тэхнікі, даў кароткія тлумачэньні пазьней у прысутнасьці адваката.
Сяргей Раманаў быў асуджаны паводле артыкулу 295.3 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь «Незаконныя дзеяньні з прадметамі з гаручымі рэчывамі» да 5 гадоў зьняволеньня. Пасьля выхаду з калёніі 3 ліпеня 2019 году ён знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам. Тэрмін прэвэнтыўнага нагляду за Раманавым канчаўся 8 ліпеня.
За гэты час яго двойчы каралі адміністрацыйным арыштам за парушэньне правілаў нагляду — адно парушэньне ён прызнае, другое спрабуе абскардзіць: выйшаў з кватэры, бо адчуў сябе вельмі кепска і хацеў выклікаць хуткую дапамогу.
Трэці пратакол, складзены ў лютым, спачатку скасавалі, пасьля пастанову аб скасаваньні адклікалі. Той пратакол быў зьвязаны з тым, што Раманаў сустрэўся зь сябрам у бары, дзе прадавалі сьпіртное — анархіст заяўляў, што проста не заўважыў, што ва ўстанове прадаюць алькаголь.