Маскоўскі суд Менску 20 сакавіка адправіў на дапрацоўку адміністрацыйную справу затрыманага напярэдадні анархіста Мікалая Дзядка.
Што ня так са справай?
З матэрыялаў справы вынікае, што надпіс на інтэрнаце № 1 «МАПІД» зрабілі другога лютага, а Дзядок прыехаў у Беларусь з Польшчы 3 лютага. То бок на момант напісаньня Дзядка не было ў краіне.
Аднак сьведка Юлія Бушлякова сьцьвярджае, што бачыла Дзядка і пазьней пазнала яго па фота. Падчас допыту яна кажа, што бачыла Мікалая прыкладна ў 18.15, калі надпіс быў ужо намаляваны. Ён нібыта яе ўбачыў і адышоў да прыпынку ад парапэта, дзе быў пах фарбы. Паводле яе слоў, Мікола адказаў, што чакае тралейбус. Калі яна вярнулася з інтэрната з вахцёрам, яго не было.