Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскага актывіста, які пайшоў падтрымаць Ціханоўскага пад будынкам міліцыі, завезьлі ў шпіталь з пастарунку 


Мікола Салянік (справа) і Сяргей Ціханоўскі на пікеце 29 траўня ў Горадні
Мікола Салянік (справа) і Сяргей Ціханоўскі на пікеце 29 траўня ў Горадні

Гарадзенца Міколу Саляніка затрымалі пад будынкам УУС Горадзенскага аблвыканкаму ранкам 30 траўня.

Як паведамляе сайт «Народнай грамады», яго пратрымалі больш за тры гадзіны ў Ленінскім РАУС Горадні. Паводле Саляніка, яму стала дрэнна, прыйшлося выклікаць хуткую дапамогу, мэдыкі канстатавалі, гіпэртанічны крыз і яго адвезьлі ў гарадзкую бальніцу № 4 у суправаджэньні капітана і сяржанта міліцыі, якія цяпер знаходзяцца ў калідоры і ахоўваюць ягоную палату.

Мікола Салянік выступаў з прамовай падчас збору подпісаў ініцыятыўнай групай Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні. Пасьля затрыманьня Сяргея Ціханоўскага ён пайшоў разам зь іншымі гарадзенцамі пад будынак Упраўленьня ўнутраных спраў, каб даведацца пра лёс блогера. Каля 21:30 ён прапанаваў усім прысутным разысьціся, каб іхні сход не расцанілі як незаконнае пікетаваньне.

Салянік — інвалід ІІ групы. Ён вядомы сваімі пэрформансамі: ладзіў акцыі ў турэмнай робе, заклейваў сабе рот скотчам падчас судовага паседжаньня, прыкоўваў сябе кайданкамі да баляс у судзе, ладзіў пахаваньне Канстытуцыі Беларусі.

Затрыманьні Ціханоўскага і яго прыхільнікаў у Горадні. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG