На нарадзе 25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра «актывізацыю рознага кшталту фэйкавых інфармацыйных каналаў», піша БелТА.
«Я заўважыў, што ў так званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах і іншых яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала, — казаў Лукашэнка. — Разьдзьмуць могуць там скандал зь нявыплатай у нейкай канкрэтнай арганізацыі — лекарам, настаўнікам і гэтак далей».
Лукашэнка заявіў, што прасіў старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву, каб тая абтэлефанавала ўсіх старшыняў аблвыканкамаў «і проста па-чалавечы папярэдзіла іх: калі ёсьць нейкая праблема, яе трэба вырашыць на месцы».
Адносна скаргаў бабруйскіх мэдыкаў на нявыплату прэміяў Лукашэнка заявіў, што «калі яны сапраўды працуюць і зьвязаныя з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, дык трэба падтрымаць людзей», але адзначыў, што нельга ставіць у роўныя ўмовы тых, хто выконвае «чыстую» і «брудную» працу.
На думку Лукашэнкі, «аўтары фэйкаў» зусім не турбуюцца пра лекараў, а «галоўнае — хайпануць». Ён заявіў, што «мы зь імі разьбяромся», «прыйдзе час — мы ўсіх паставім на месца». Пры тым забараніў ім «закрываць рот». Журналістам, якія падаюць інфармацыю «ня чэсна», «трэба адказваць, як гэта было зь Першым каналам».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.