20 ліпеня споўнілася два гады, як у Кіеве ад выбуху бомбы, прымацаванай да аўтамабіля, загінуў вядомы беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет.
Забойства Паўла Шарамета дагэтуль не раскрытае, невядомымі застаюцца як выканаўцы, гэтак і замоўца злачынства. Да Шарамета загінулі яшчэ 5 беларускіх журналістаў, чые сьмерці называюць загадкавымі.
Анатоль Майсеня. Нібыта аўтааварыя
Вядомы палітоляг, публіцыст і журналіст Анатоль Майсеня загінуў у лістападзе 1996 году ў аўтакатастрофе. Аўтамабіль, на якім журналіст вяртаўся з канфэрэнцыі ў Італіі, трапіў у аварыю на шашы Брэст-Масква непадалёк ад Стоўбцаў.
«Ня справіўся з кіраваньнем», — было сказана ў справе аб дарожна-транспартным здарэньні, але экс-міністар унутраных справаў Юры Захаранка, які дзякуючы сувязям у МУС змог азнаёміцца з матэрыяламі гэтай справы і ведаў ролю Майсені ў стасунках беларускай апазыцыі з Захадам, не выключаў, што гэта было палітычнае забойства, замаскаванае пад аварыю.
Назіральнікі адзначалі, што Майсеня загінуў напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году, які апазыцыя назвала «канстытуцыйным пераваротам».
Шмат каму Анатоль Майсеня запомніўся як аўтар аналітычнага артыкулу «Беларусь во мгле», у якім на дзесяцігодзьдзі наперад прадказаў разьвіцьцё падзей у краіне пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Таксама Майсеня вядомы як заснавальнік Цэнтру стратэгічных ініцыятыў «Усход-Захад», які прасоўваў ідэю ўваходжаньня Беларусі ў Эўразьвяз і НАТО.
Зьміцер Завадзкі. Нібыта выкраданьне і забойства
У ліпені 2000 году апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі быў скрадзены невядомымі па дарозе ў аэрапорт «Менск-2».
У сакавіку 2002 году па справе аб выкраданьні журналіста былі асуджаныя 4 чалавекі — былыя супрацоўнікі спэцыяльнага атраду міліцыі «Алмаз». Пазьней суд прызнаў Завадзкага памерлым. Пошукавая справа Зьмітра Завадзкага не закрытая, але прагрэсу ў пошуках няма.
Справа Зьмітра Завадзкага стаіць у адным шэрагу са зьнікненьнямі вядомых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, якія адбыліся ў 1999–2000 гадах.
Апазыцыя мяркуе, што яны былі забітыя, хоць целаў таксама дагэтуль не знайшлі. Гэта ўскосна пацьвярджаецца зьвесткамі былога начальніка Менскага СІЗА Алега Алкаева пра так званы «расстрэльны пісталет». Беларускія ўлады датычнасьць да гэтых зьнікненьняў адмаўляюць.
Назіральнікі не выключалі, што выкраданьне і сьмерць Зьмітра Завадзкага зьвязаныя зь ягонай камандзіроўкай у Чачню, дзе ў вайсковых дзеяньнях бралі ўдзел і найміты зь Беларусі.
Вераніка Чаркасава. Нібыта бытавое забойства
У 80-х – 90-х гадах мінулага стагодзьдзя Вераніка Чаркасава плённа працавала на дзяржаўным тэлебачаньні, але сапраўдную вядомасьць набыла як журналістка шэрагу недзяржаўных выданьняў, у тым ліку БДГ і «Белгазеты» на пачатку 2000-х гадоў. Апошняй газэтай, зь якой яна супрацоўнічала, была «Салідарнасць».
Чаркасаву знайшлі забітай ва ўласнай кватэры ў кастрычніку 2004 году. На целе былі дзясяткі нажавых ран.
Сьледзтва цягнулася амаль 2 гады, у ліку падазроных апынуліся сын журналісткі ды яе айчым, але да суду справа так і не дайшла і была спыненая.
Між тым журналісцкая супольнасьць лічыць, што сьледзтва стала на недакладны шлях, калі сканцэнтравалася на бытавой вэрсіі забойства, замест таго каб шукаць прычыны нападу на журналістку ў яе прафэсійнай дзейнасьці.
Паводле дасьледаваньня няўрадавай арганізацыі «Творчая майстэрня Агенцтва журналісцкіх расьсьледаваньняў», Чаркасава, якая, сярод іншага, зьбірала матэрыялы пра незаконны гандаль зброяй і наведвала Ірак, магла натрапіць на інфармацыю, раскрыцьця якой не жадалі пэўныя колы ва ўладзе.
Шмат хто з калегаў журналісткі мяркуе, што зь ёй паквіталіся, наняўшы прафэсійнага кілера.
Васіль Гроднікаў. Нібыта сьмерць ад бытавой траўмы
У кастрычніку 2005 году ў сваім доме ў Заслаўі быў знойдзены мёртвым аўтар «Народнай Волі», публіцыст Васіль Гроднікаў. На падазрэньні адносна крымінальнага характару гэтай сьмерці наводзілі траўмы на галаве і целе журналіста, а таксама паламаны зэдлік і сьляды крыві ў доме.
Грамадзкасьць брала пад увагу і тое, што аўтар шмат пісаў пра карупцыю мясцовых чыноўнікаў ды службоўцаў з КДБ і МУС, зьбіраў матэрыял пра кватэрныя махінацыі ў Маладэчне.
Між тым пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу аб сьмерці Гроднікава, спасылаючыся на «сьмерць ад бытавой траўмы».
«Паказаньні сьведак і першыя вынікі экспэртызаў не даюць падставаў для завядзеньня крымінальнай справы», — адказваў сьледчы менскай раённай пракуратуры Дзьмітры Кірыльчык.
Тым часам міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала ўлады Беларусі ўсебакова расьсьледаваць сьмерць Гроднікава. У адмысловай заяве арганізацыі адзначалася, што Гроднікаў — ня першы беларускі журналіст, які памёр загадкавай сьмерцю, і называліся імёны Веранікі Чаркасавай і Зьмітра Завадзкага.
Алег Бябенін. Нібыта самагубства
Заснавальнік і кіраўнік апазыцыйнага сайту Сharter97 Алег Бябенін у верасьні 2010 году быў знойдзены ў пятлі на лецішчы ў Дзяржынскім раёне. Бябеніну было толькі 36 год.
Акрамя журналістыкі, ён пачаў займацца палітычнай дзейнасьцю — узначаліў выбарчы штаб кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Да выбараў заставалася крыху болей за 3 месяцы, пачыналася самая важная частка выбарчай кампаніі — і раптам гэтая сьмерць з прыкметамі самагубства.
Калегі і сябры Бябеніна ў ягоны добраахвотны сыход з жыцьця не паверылі. Яны згадвалі выкраданьне журналіста і пагрозы на ягоны адрас з боку невядомых у 1997 годзе, казалі пра прыкметы барацьбы ў доме, дзе знайшлі цела, пра іншыя несупадзеньні ў вэрсіі аб самагубстве, якую прызнала Генэральная пракуратура.
Саньнікаў, які пасьля выбараў адбыў паўтара года ў вязьніцы і мусіў па вызваленьні зьехаць зь Беларусі, таксама заявіў, што ня верыць у самагубства Бябеніна.