Чаму Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў, якія на слыху ў грамадзтве — Бабарыкі, Канапацкай, Цапкалы? Як Бабарыка здолеў сабраць такую вялікую ініцыятыўную групу? Чаму не зарэгістравалі групу Ціханоўскага і большасьці «кандыдатаў пратэсту»? Што гавораць у мэдыйнай прасторы Расеі пра беларускія выбары?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны экспэрт Паўлюк Быкоўскі і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзім Мажэйка.
Сьцісла
Быкоўскі
- Сабраць 100 тысяч подпісаў рэальна могуць толькі тры групы — Лукашэнкі, Бабарыкі і Дзьмітрыева
- Бабарыка аказваецца самым вялікім эўрапейцам сярод тых, хто яго падтрымлівае
- Тэма беларускіх выбараў ужо зьявілася ў РФ, але на рэсурсах не для масавай аўдыторыі, кшталту ukraina.ru
- Я думаю, што фэдэральныя тэлеканалы падтрымаюць Лукашэнку
Мажэйка
- Ва ўлады быў страх выглядаць баязьліўцамі, выглядаць тымі, хто спалохаўся і не дапусьціў канкурэнта да выбараў. І гэты страх перамог
- Я назіраю ў сваім ФБ, як вядомыя людзі, якія раней ніколі не пісалі пра палітыку, убачылі ў Бабарыку свайго кандыдата
- Для расейскіх радыкальных Telegram-каналаў Бабарыка ніяк ня іх кандыдат
- Праблема прарасейскіх сілаў у Беларусі ў тым, што іх не рэпрэзэнтуе ніхто з больш-менш адэкватным тварам
Чаму зарэгістравалі групу Бабарыкі?
Дракахруст: Вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў — зарэгістраваныя групы Бабарыкі, Цапкалы, Канапацкай, асноўных гульцоў сёлетняй кампаніі. Усім ім былі зробленыя заўвагі наконт фармаваньня групаў, але да адмовы ў рэгістрацыі гэта не прывяло. Чаму? Напярэдадні выказваліся перасьцярогі, што прынамсі Бабарыку «саб’юць на ўзьлёце». Група яго фармавалася «хто з двору, хто з бору», усялякіх накладак магло быць шмат. Да таго ж відавочна, што Бабарыка — прынамсі электаральна самы моцны, самы небясьпечны канкурэнт для Лукашэнкі. Чаму ж яго банальна ня вырубілі? Дыктатура ж.
Мажэйка: Я ў панядзелак апублікаваў прагноз наконт таго, каго зарэгіструюць, а каго не. Ён спраўдзіўся па ўсіх, акрамя Бабарыкі. Я думаў, што яго не зарэгіструюць. У яго самая вялікая ініцыятыўная група, наступная па памерах пасьля групы Лукашэнкі. Ён вельмі добра стартаваў, мае добры патэнцыял.
Тое, што яго зарэгістравалі, — гэта вынік балянсу двух страхаў улады. Адзін страх — гэта дапускаць у кампанію такога кандыдата, як Бабарыка. На папярэдніх выбарах заўсёды рэгістравалі групы галоўных апанэнтаў. Але ніводзін зь іх ня быў прадстаўніком буйнога бізнэсу, ня меў такіх грошай і сувязяў. Так што ёсьць страх пускаць такога чалавека ў кампанію.
Але ёсьць страх выглядаць баязьліўцамі, выглядаць тымі, хто спалохаўся і не дапусьціў канкурэнта да выбараў. І гэты апошні страх перамог.
Дракахруст: А перад кім страх?
Мажэйка: У вачах элітаў, у вачах электарату. Гэта тое, як Лукашэнка тлумачыў, чаму не адмянілі парад — падумаюць, што мы спужаліся. Хто падумае? Добрае пытаньне. Але адчуваньне гэтае менавіта такога кшталту.
Рэгістрацыя Бабарыкі зробіць кампанію значна больш цікавай. Аднак мой пэсымізм захоўваецца. Я па-ранейшаму сумняваюся, што Віктар Бабарыка трапіць у выбарчы бюлетэнь. Ёсьць яшчэ шмат этапаў, на якіх яго могуць зьняць з гонкі.
І зь ягоных прамоваў пакуль незразумела, як ён зьбіраецца змагацца з рознымі адміністрацыйнымі перашкодамі. Развагі пра немагчымасьць сфальшаваць вялікую колькасьць галасоў — гэта не мэханізм супрацьдзеяньня фальсыфікацыям.
Быкоўскі: Звычайна ў нас рэгіструюць усе ініцыятыўныя групы, акрамя тых, хто робіць сурʼёзныя парушэньні. Гэта першая сустрэча прэтэндэнтаў зь Лідзіяй Ярмошынай. І ўжо на гэтым этапе ўзьнікаюць дробныя праблемы. Напрыклад, Канапацкую зарэгістравалі індывідуальнай прадпрымальніцай, а не супрацоўніцай аўстрыйскай фірмы. Для яе як будучага кандыдата лепш быць запісанай супрацоўніцай саліднай фірмы. І раптам камісія выбірае запісаць яе ІП-шніцай. І ў яе пытаюцца, ці можна так зрабіць. Тут адбываецца барацьба воляў, але пры гэтым Канапацкая не хацела прасіць запісаць яе супрацоўніцай аўстрыйскай фірмы.
Гэта драбяза, якая ня мае значэньня для выбарніка, але гэта паказвае, як камісія і кандыдат прыціраюцца адно да аднаго, на што гатовыя пайсьці бакі. Я чакаў, што большасьць кандыдатаў будзе зарэгістраваныя. І я чакаў, што ня будуць зарэгістраваныя «кандыдаты пратэсту» Статкевіча, за выключэньнем некалькіх асобаў.
Было цікава, што зарэгістравалі Сьвятлану Ціханоўскую, жонку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Адносна яе маглі б выкарыстаць той жа прыём, які выкарысталі адносна «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча.
Цікава, што зарэгістравалі «кандыдатаў праймэрыз» — Губарэвіча, Кавалькову і Казлова. Там у сьпісах групаў таксама можна было знайсьці розную драбязу. Цікава, што ініцыятыўная група Цапкалы з 555 вырасла да 804 чалавек.
Я бачу тры групы, якія маюць вялікія памеры, — Лукашэнкі, Бабарыкі і Дзьмітрыева. Група Дзьмітрыева ў 2402 чалавекі — гэта той узровень, калі тэарэтычна можна сабраць подпісы. Калі ў групе менш за тысячу чальцоў, сабраць 100 тысяч подпісаў практычна нерэальна.
Чаму зарэгістравалі групу Сьвятланы Ціханоўскай?
Дракахруст: Пераважную частку «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча не зарэгістравалі. У іх ліку і папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі. Да таго ж літаральна ўчора яму далі яшчэ дадатковы тэрмін адміністрацыйнага арышту. Але сёньня яго раптоўна вызвалілі. А групу ягонай жонкі гэтак жа раптоўна зарэгістравалі. Што азначаюць гэтыя дзіўныя рухі?
Мажэйка: Сапраўды, нямногія чакалі, што зарэгіструюць Сьвятлану Ціханоўскую. Тут магла атрымацца пэўная блытаніна. Кансьпіролягі могуць бачыць нейкія таемныя пляны ў тым, што Ціханоўскага вызвалілі, а ягоную жонку зарэгістравалі. Мне здаецца, што яго вызваленьне — лягічны крок. Ён прапусьціў той этап, калі ён мог зарэгістравацца. Ціханоўскі сам патлумачыў, што на ім цяпер вісяць неадбытыя суткі арышту. Раней гэтак рабілі зь Севярынцам і іншымі актывістамі. Гэты адтэрмінаваны прысуд — карт-блянш, каб пасадзіць чалавека ў любы момант.
Дракахруст: Пасьля таго як Ціханоўскага не зарэгістравалі, некаторыя назіральнікі казалі — улада баіцца Ціханоўскага, ягонага слова, ён вельмі папулярны і аўтарытэтны. Дык тады і жонку яго не павінны былі б рэгістраваць. Відавочна, што ён будзе кіраўніком яе групы, гэта будзе фактычна ягоная кампанія. Ён як кіраўнік ініцыятыўнай групы Сьвятланы зможа сказаць усё, што хацеў бы сказаць, калі б была зарэгістраваная ягоная група. Чаму яе групу зарэгістравалі?
Мажэйка: Я не сказаў бы, што калі жонку зарэгістравалі, то гэта будзе кампанія ягоная, а не яе. Ну, і гэтая рэгістрацыя можа быць у любы момант скасаваная.
Быкоўскі: У Сьвятланы Ціханоўскай вельмі малая група — 252 чалавекі, каб сабраць подпісы. Калі б Сяргей Ціханоўскі стаў кандыдатам, гэта была б зусім іншая гульня. Рэгістраваць яе групу было абсалютна бясьпечна, бо група, якая не зьбярэ подпісаў, можа толькі ладзіць сустрэчы. Іншымі словамі, рабіць тое, што ён рабіў і бяз выбарчай кампаніі і за што цяпер нясе адміністрацыйную адказнасьць.
Адкуль узяліся 10 тысяч прыхільнікаў Бабарыкі?
Дракахруст: Бабарыка здолеў за некалькі дзён сабраць групу ў 10 тысяч чалавек. У Цапкалы — 800, у Канапацкай — 1200. Чаму? Хто што ў ім такога знайшоў? Надта вядомы ён ня быў? Рэч у ягонай дабрачыннай дзейнасьці ці ў нечым іншым?
Мажэйка: Бабарыка досыць вядомы грамадзтву. Ён ужо працяглы час досыць актыўны ў мэдыях, асабліва ў параўнаньні зь іншымі банкірамі і бізнэсоўцамі. Калі была выстава ў Мастацкім музэі «10 стагодзьдзяў мастацтва Беларусі», якую падтрымліваў Бабарыка, ён там у прысутнасьці міністра культуры казаў, што пакуль жыве нашае мастацтва, жыве нашая бел-чырвона-белая сінявокая Беларусь. Праўда і тое, што ён вельмі адрозьніваецца ад таго тыпу людзей, якія раней ішлі ў прэзыдэнты. І я назіраю ў сваім ФБ, як вядомыя людзі, якія раней ніколі не пісалі пра палітыку, убачылі ў Бабарыку свайго кандыдата.
Дракахруст: Паўлюк, ці згодны вы з аналізам Вадзіма? Ён казаў пра сымпатыі, якія выклікаў Бабарыка сваімі дзеяньнямі ў людзей нацыянальна-арыентаваных, скажам так.
Мажэйка: Я не казаў, што толькі ў іх.
Дракахруст: Дык маё пытаньне — аб прапорцыях.
Быкоўскі: Я часткова згодны з Вадзімам, часткова не. У Бабарыкі сапраўды ёсьць рэпутацыя, і ён дазваляў сабе больш, чым іншыя банкіры, сьмялей выказваўся, асабліва ў апошнія месяцы. І нездарма «СБ — Беларусь сегодня» зрабіла прагноз, што ён пойдзе на выбары, раней, чым ён пра гэта абвясьціў. Яны яго загадзя пачалі пляжыць.
Бабарыка не крытыкуе асобу прэзыдэнта. Гэтага ня робіць, дарэчы, і Цапкала. Ён гаворыць пра тое, што трэба памяняць. Дакладна пакуль незразумела, што, але ёсьць адчуваньне, што нешта ў бок рацыянальнасьці, прагматызму і рынку.
Выказваньне Бабарыкі пра бел-чырвона-белы сьцяг магло спадабацца той тусоўцы, якая была ў Мастацкім музэі, але яго выказваньне наконт Каліноўскага — хутчэй не спадабалася.
Дракахруст: І выказваньне наконт 31-й інтэграцыйнай «дарожнай мапы» таксама.
Быкоўскі: Так, яно не спадабалася тым больш. Калі паглядзець камэнтары, якія пакінулі людзі пад ягонымі пастамі ў ФБ, то бачна, што пераважная большасьць аўтараў гэтых камэнтароў — гэта русафілы, калі не казаць болей. І з гэтага пункту гледжаньня Бабарыка аказваецца самым вялікім эўрапейцам сярод тых, хто яго падтрымлівае.
І наагул — выбаршчыкі не галасуюць за былыя заслугі кандыдата. Яны галасуюць за сваю мару, каб нешта памянялася. І Бабарыка дае людзям аловачкі і кажа — малюйце самі. І людзі выдумляюць Бабарыку, каб даведацца, хто ён такі.
Фэйсбук і ўсе астатнія
Дракахруст: Ці працуюць Цапкала, Бабарыка, Канапацкая ў іншых сацсетках — ва «ЎКантакце», у «Аднаклясьніках»? Ці іх плятформа — Фэйсбук — у Беларусі не такая і вялікая і вельмі спэцыфічная?
Быкоўскі: Ня толькі ў ФБ. У яго моцная жывая група ў Фэйсбуку, але свой першы стрым ён зрабіў у Інстаграме, дзе да гэтага ня ставіў ніводнага паста. Людзі ў ФБ ня ведалі, дзе тое відэа шукаць. У выніку яго перазалівалі ў Youtube, каб павесіць у ФБ. Мяркую, што сёньня-заўтра да працы далучацца прафэсіяналы.
Мажэйка: Бабарыка стартаваў у ФБ. Але ў хуткім часе пасьля пачатку кампаніі запрацавалі акаўнты ва ўсіх сетках. Але перавага ФБ была відавочная.
«Рука Масквы» чухае патыліцу
Дракахруст: Што гаворыць расейская мэдыясфэра — Telegram-каналы, СМІ — адносна беларускіх выбараў? Што пішуць, на што зьвяртаюць увагу? У кім бачаць прарасейскага кандыдата?
Быкоўскі: Тэма беларускіх выбараў ужо зьявілася ў РФ, але на рэсурсах не для масавай аўдыторыі, кшталту ukraina.ru. Гэта праект МІА «Россия сегодня», які раней апрацоўваў украінскую аўдыторыю, а цяпер займаецца і Беларусьсю. Дзьмітры Балкунец, палітоляг з МГИМО, на тэлеканале «Дождь» заявіў, што гэта будуць першыя прэзыдэнцкія выбары, на якіх Крэмль ня будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку.
Дракахруст: Паводле яго, Лукашэнку ня будзе. А каго будзе?
Быкоўскі: Не сказаў. Я не кажу, што так і будзе. Я кажу пра наратывы, якія там зьяўляюцца. У сурʼёзных фэдэральных мэдыя такога не зьявілася. Выбары ў іх калі і зьяўляюцца, то ў кантэксьце пандэміі, маўляў, каранавірус бушуе, а яны выбары праводзяць. Але гэта ня значыць, што так будзе ўвесь час. Словы Балкунца сьведчаць пра тое, што падкусваць і торгаць за вусы Лукашэнку будуць. Але калі б захацелі, то зьявіліся б і «хросныя бацькі». І блізка такога пакуль няма.
Дракахруст: Вадзім, і вашае ўражаньне? У Беларусі некаторыя бачаць у Бабарыку расейскую «ляльку». А ў тамтэйшых Telegram-каналах — хутчэй насьцярожанасьць. Яго хутчэй трактуюць як бел-чырвона-белага «ваўка» ў газпромаўскай скуры.
Мажэйка: Зразумела, што Telegram-каналы не адлюстроўваюць пазыцыю Крамля. Але сапраўды для радыкальных Telegram-каналаў Бабарыка ніяк ня іх кандыдат. Яны і раней пісалі пра тое, што ён першы здраднік, які на грошы «Газпрома» адраджае польскую лацінку. Для іх Бабарыка ні ў якім разе ня свой. Але праблема прарасейскіх сілаў у Беларусі ў тым, што іх не рэпрэзэнтуе ніхто з больш-менш адэкватным тварам. Гэта паказаў і гэты этап выбарчай кампаніі. Выразныя прарасейскія кандыдаты аказаліся проста не народжаныя ў Беларусі, і іх ініцыятыўныя групы былі адхіленыя на гэтай падставе.
Быкоўскі: Я думаю, што фэдэральныя тэлеканалы падтрымаюць Лукашэнку. Лукашэнка ў прынцыпе задавальняе Крэмль. І ён зрабіў так, каб у Беларусі ў яго не зьявілася канкурэнта на полі дыялёгу з Расеяй. Хаця... Вось ukraina.ru пераарыентавалася на Беларусь. Магчыма, зьявяцца яшчэ нейкія грошы. А калі зьявяцца грошы на новыя інфармацыйныя праекты, некаторыя людзі могуць памяняць свае перакананьні і геапалітычны выбар.