Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтыя 15 чалавек будуць зьбіраць подпісы, каб стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты. Хто яны


Прэтэндэнты на кандыдата ў прэзыдэнты, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі
Прэтэндэнты на кандыдата ў прэзыдэнты, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі

Бабарыка, Цапкала, Ціханоўская, Дзьмітрыеў і Канапацкая — ЦВК зарэгістравала 15 ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на кандыдата ў прэзыдэнты.

Два былыя міліцыянты, фэрмэр і прадпрымальніца

Алег Гайдукевіч
Алег Гайдукевіч

Алег Гайдукевіч, лідэр ЛДПБ. Старшыня лібэральна-дэмакратычнай партыі зьмяніў на гэтай пасадзе свайго бацьку Сяргея Гайдукевіча.

Зьяўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, былы міліцыянт, звольніўся ў званьні палкоўніка.

Юры Ганцэвіч
Юры Ганцэвіч

Юры Ганцэвіч, фэрмэр з Гомельшчыны, балятаваўся на мінулых выбарах у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, дэпутатам ня стаў. Кіруе аграсядзібай «На вадзе» ў аграгарадку Пакалюбічы Гомельскага раёну. На выбарах у дэпутаты праводзіў эпатажныя пікеты, на якія прыводзіў карову і казу. Заяўляў аб падтрымцы блогера Сяргея Ціханоўскага, які цяпер адбывае арышт.

Уладзімер Няпомняшчы
Уладзімер Няпомняшчы

Уладзімер Няпомняшчых, у мінулым опэрупаўнаважаны, працаваў у міліцыі да 1992 году, пасьля выхаду на пэнсію заняўся прадпрымальніцтвам. З 2000-х Уладзімер Няпомняшчых стаў актыўным палітычным актывістам. Сябра АГП, яго ня раз затрымлівалі і штрафавалі за акцыі пратэсту.

Натальля Кісель
Натальля Кісель

Натальля Кісель, прадпрымальніца зь Менску, зарэгістраваная ІП, працуе намесьніцай дырэктара ў кампаніі, якая займаецца грузаперавозкамі. Мае тры вышэйшыя адукацыі, палітычнага досьведу яна пакуль не мела.

Банкір Бабарыка і стваральнік ПВТ Цапкала

Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка

Віктар Бабарыка, банкір, былы кіраўнік «Белгазпрамбанку», адкуль ён звольніўся адразу перад выбарамі. Паводле ягоных словаў, у ініцыятыўнай групе Віктара больш за 10 тысяч чалавек. У апошніх інтэрвію Віктар Бабарыка крытыкаваў уладу. Мае ўзнагароды ад Аляксандра Лукашэнкі за мэцэнацтва. Віктар Бабарыка ня раз падтрымліваў праекты ў сфэры культуры, а мастацкая калекцыя «Белгазпрамбанку» ўключае збор твораў мастакоў Парыскай школы, кнігі Францішка Скарыны і Сімяона Полацкага.

Валеры Цапкала
Валеры Цапкала

Валеры Цапкала, былы дыплямат і стваральнік Парку высокіх тэхналёгій, мае досьвед у палітыцы, бо ў 1994 годзе быў адным з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Лукашэнкі. Пра свой намер балятавацца заявіў у «Фэйсбуку», актыўна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі ў сваёй кампаніі.

Чэрачань, Канапацкая і Дзьмітрыеў

Сяргей Чэрачань
Сяргей Чэрачань

Сяргей Чэрачань раней быў сябрам Камуністычнай партыі, а цяпер старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Ідзе ў кандыдаты, каб «набрацца досьведу». У 2016 годзе балятаваўся ў Палату прадстаўнікоў ад Камуністычнай партыі.

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. Яе не дапусьцілі да ўдзелу ў праймэрыз апазыцыі, пасьля гэтага Ганна заявіла пра старт сваёй кампаніі для ўдзелу ў выбарах. Выступала за ўвядзеньне закону, які б гарантаваў прэзыдэнту недатыкальнасьць пасьля пакіданьня пасады.

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў, старшыня кампаніі «Гавары праўду», быў начальнікам штабу Ўладзімера Някляева на выбарах у 2010 годзе, начальнікам штабу ў Тацьцяны Караткевіч у 2015 годзе. На выступе ў ЦВК падчас рэгістрацыі ініцыятыўнай групы прапанаваў зьменшыць колькасьць подпісаў для кандыдатаў у прэзыдэнты да 70 тысяч і абсталяваць участкі для галасаваньня відэакамэрамі.

Ціханоўская, якая «заўжды марыла» быць прэзыдэнтам

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская, пэдагог паводле адукацыі, у прэзыдэнты вырашыла ісьці, калі ЦВК не зарэгістравала ініцыятыўную групу яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага. Сяргей — аўтара ютуб-канала «Страна для жизни», раней займаўся вытворчасьцю відэаролікаў.

Апошнім часам езьдзіў па беларускіх гарадах на арандаваным аўтадоме. Ягоных прыхільнікаў затрымлівалі ў Менску, Магілёве, Берасьці і Бабруйску. Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі 45 сутак арышту, але 20 траўня нечакана адпусьцілі з ізалятара.

Пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Ярмошына запытала Ціханоўскую, ці сапраўды яна хоча ўдзельнічаць у кампаніі, на што тая адказала, што «ўсё жыцьцё пра гэта марыла».

Алесь Таболіч

Алесь Таболіч
Алесь Таболіч

ЦВК зарэгістравала ініцыятыўную групу музыкі і тату-майстра Алеся Таболіча. Алесь зьяўляецца лідэрам мэтал-гурту Znich, у кампанію прыйшоў, бо «ён Аляксандар Рыгоравіч і ня горшы за Канапацкую». Пазыцыянуе сябе кандыдатам ад беларускай культуры.

Зарэгістравалі ўвесь праймэрыз

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч двойчы балятаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і адзін раз дэпутатам у мясцовыя саветы. Дэпутатам мясцовых саветаў быў выбраны ў 2003 годзе. Быў даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча ў 2006 годзе. У 2007–2009 гадах — намесьнік старшыні партыі БНФ. З 2016 году ўзначальвае рух «За свабоду».

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў, былы міліцыянт, звольніўся з праваахоўных органаў у званьні падпалкоўніка ў 2008 годзе і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю. З таго часу ў палітыцы.

Вольга Кавалькова
Вольга Кавалькова

Вольга Кавалькова — сустаршыня аргкамітэту БХД. Удзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, дэпутаткай ня стала. Удзельніца праймэрыз на вылучэньне адзінага кандыдата, якога вырашылі не вылучаць, а зарэгістраваць ініцыятыўныя групы ўсіх удзельнікаў праймэрыз.

Ініцыятыўную групу Аляксандра Лукашэнкі таксама зарэгістравалі, ён будзе ўдзельнічаць у выбарах шосты раз.

Агулам зьбіраць подпісы будуць 15 чалавек. Подпісы вылучэнцы ў прэзыдэнты могуць пачаць зьбіраць пасьля атрыманьня пасьведчаньня. Каб іх зарэгістравалі кандыдатамі ў прэзыдэнты, такіх подпісаў мусіць быць 100 тысяч.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG