Шаман Аляксандар Габышаў з двума прыхільнікамі аднавіў паход у Маскву зь Якуцку. Пра гэта карэспандэнту сайту Сибирь.Реалии расказалі яго паплечнікі. Паводле іх, шаман ідзе ў Крэмль з ранейшай мэтай — правесьці «абрад выгнаньня Пуціна».
Прыхільнік шамана Яўген Растокін па мянушцы Крумкач адзначыў, што падпіска Габышава аб нявыезьдзе мінула 14 кастрычніка. Ён дадаў, што раней ФСБ пацьвердзіла, што шаман — «свабодны чалавек».
Зьвязацца з самім шаманам і карэспандэтам, які яго суправаджае, сайту не ўдалося.
Аляксандар Габышаў у сакавіку выправіўся ў Маскву для правядзеньня «абраду выгнаньня Пуціна». Яго затрымалі 19 верасьня на мяжы Бураціі і Іркуцкай вобласьці супрацоўнікі ФСБ. Ён быў дастаўлены ў Якуцк, у псыханэўралягічны дыспансэр. У дачыненьні да шамана распачалі крымінальную справу пра заклікі да экстрэмізму і ўзялі зь яго падпіску аб нявыезьдзе. Псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза, праведзеная на хадайніцтва сьледзтва, прызнала Габышава не пры памяці.
3 сьнежня Вярхоўны суд Якуціі адхіліў скаргу адвакатаў шамана Аляксандра Габышава аб незаконным і неабгрунтаваным узбуджэньні крымінальнай справы.
У праваабарончай арганізацыі Amnesty International якуцкага шамана назвалі вязьнем сумленьня і патрабавалі яго вызваленьня.