У Лунінцы 13 траўня мясцовае выданьне «Мэдыя-Палесьсе» аштрафавалі на 120 базавых велічыняў «за распаўсюд інфармацыі, якая нанесла шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі і спрыяла распаўсюду панічных настрояў, піша старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле Бастунца, гэта можа быць першым выпадкам ужываньня новай нормы з Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — часткі 3-1 арт. 22.9 КаАП. Паводле гэтай часткі артыкулу, за распаўсюд забароненай інфармацыі ў СМІ могуць караць штрафам да 200 базавых велічыняў (5400 рублёў на момант публікацыі).
Сайту «Мэдыя-Палесьсе» ў красавіку выносілі папярэджаньне за публікацыю непраўдзівай інфармацыі аб сьмерці аднаго з хворых на COVID-19. Выданьне сьцьвярджала, што не змагло атрымаць адказаў з афіцыйных крыніц, таму зьвярнулася да знаёмага лекара — той сказаў, што пацыент памёр. Але ён памыліўся, пра памылку неўзабаве паведамілі калегі пацыента, на сайце яе апэратыўна выправілі, папрасілі прабачэньня ў жонкі пацыента.
Бастунец піша, што папярэджаньнем не абмежаваліся, бо «за краіну ўступіўся мясцовы ўчастковы і з другой спробы змог скласьці больш-менш пісьменны пратакол».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.