Сьвецкіх людзей не пускаюць на багаслужбы ў манастыр Нараджэньня Багародзіцы ў Горадні. Лекары «хуткай» у ахоўным рыштунку прыяжджалі ў манастыр 29 красавіка.
Свабода спрабавала разабрацца, што адбываецца ў праваслаўных манашак.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
На ўваходзе ў жаночы манастыр зьявілася абвестка пра тое, што службы адбываюцца «толькі ў прысутнасьці манашак». Такое рашэньне было прынята, як напісана, па дабраслаўленьні мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла.
Да таго ж у абвестцы паведамляецца, што манашкі штодня моляцца аб абароне «Белай Русі» ад «цяперашняга выпрабаваньня», каб паправіліся тыя, хто хварэе, каб узмацніліся сілы мэдыкаў, «якія робяць подзьвіг дзеля дабра людзей».
«У нашым манастыры ўсё спакойна, аднак просім усіх вас паставіцца з разуменьнем да вымушаных захадаў бясьпекі», — гаворыцца далей у паведамленьні для вернікаў.
Брама і ўваход у вітальню манастыра адчыненыя. Вернікі прыходзяць, каб аддаць запіскі або ахвяраваньні. У вітальні сядзіць сталая жанчына ў мэдычнай масцы на твары, яна прымае запіскі. На пытаньне, ці праходзяць цяпер багаслужбы ў манастыры, жанчына адказала, што толькі ў прысутнасьці манашак. Гэта значыць, у храме могуць прысутнічаць толькі манашкі, але ня сьвецкія вернікі.
На пытаньне, ці зьвязана гэта з тым, што нехта захварэў, прыдзьверная абурылася.
«А навошта вам?», — удакладніла яна.
На тлумачэньне, што цяпер актуальная сытуацыя з захворваньнямі, жанчына адказала: «Добра, значыць, захворваюць, мы лечымся. Хто трэба, той лечыцца», — дадала яна, перанакіравала да кіраўніцтва і папрасіла выйсьці.
Манастырскі ахоўнік Ігар патлумачыў, што сьвецкіх папрасілі не наведваць службы ад мінулай нядзелі. У гэтыя дні, у тым ліку на Радаўніцу, вернікі толькі прыносілі запіскі і ахвяраваньні.
Ахоўнік дадаў, што забарона на ўдзел у багаслужбах сьвецкіх зьвязаны «з агульнымі мерапрыемствамі», што гэта прафіляктычныя захады.
На пытаньне, чаму іншыя цэрквы не абмяжоўваюць наведваньня службаў, ён патлумачыў: у манастыры ёсьць манашкі 80-90 гадоў, «гэта вельмі небясьпечна».
Ахоўнік дадаў, што ў жаночым манастыры служаць мясцовыя сьвятары. На пытаньне, ці не прыяжджаюць сьвятары з Жыровіцкага манастыра, адказаў так:
«Не, гэта на Вялікдзень, матушка там, каб мужчынскі хор сэмінарыстаў... Гэта чыста такое... Тут усё сваё, свой хор».
У гэты час да манастыра пад’ехала хуткая дапамога, зь яе выйшлі два чалавекі ў спэцвопратцы з мэдычнымі скрынямі і зайшлі ўсярэдзіну. Праз хвілін 15 мэдыкі выйшлі і зьехалі.
Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сергій Лепін на пытаньне, ці зьвязаныя згаданыя захады з выяўленьнем каранавірусу ў манастыры або тым, што захварэў архіепіскап Гурый, адказаў Свабодзе афіцыйным паведамленьнем, якое месьціцца на сайце манастыра ў гонар Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы. Тэкст публікацыі паўтарае абвестку на дзьвярах манастыра. Айцец Сергій Лепін удакладніў, што гэта ўся інфармацыя, якую даў горадзенскі манастыр прэс-службе экзархату.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ