3 траўня адзначаецца Ўсясьветны дзень свабоды друку. Даведаліся ў рэдакцыях і ў Беларускай асацыяцыі журналістаў, што зьмянілася ў іх працы падчас эпідэміі.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Першыя навіны пра каранавірус зьявіліся ў беларускіх СМІ ў студзені. Паведамленьні пра новае захворваньне ў Кітаі напачатку не прыцягвалі вялікай увагі. Усё зьмянілася зь сярэдзіны сакавіка, калі першыя выпадкі пачалі рэгістраваць у розных рэгіёнах Беларусі.
«Я б хацела сказаць чыноўнікам, што журналісты ім ня ворагі»
Настасься Занько працуе журналісткай на партале «Онлайнер».
«Пра каранавірус я пішу з 28 лютага, калі ў Беларусі быў зарэгістраваны першы выпадак з іранскім студэнтам, — кажа Настасься. — Два месяцы ўжо, атрымліваецца. Кожны дзень нешта выходзіць пра эпідэмію. За сакавік у мяне было толькі 2 ці 3 публікацыі на іншыя тэмы. А агулам іх прыкладна 40-45. Каранавірус паўсюль цяпер».
Настасься расказвае, што гэта ня першы выпадак у яе працы, калі асноўнай тэмай становіцца эпідэмія новага захворваньня. Такое ўжо здаралася ў 2009 годзе. Аднак маштабы параўнаць нельга, цяпер усё нашмат складаней.
«У 2009 годзе, калі была эпідэмія сьвінога грыпу, я сама перахварэла на пнэўманію, — расказвае журналістка. — Тады працавала ў „Звяздзе“, а ў маёй вёсцы памерлі некалькі чалавек. Людзі таксама панікавалі ў той час, немагчыма было набыць супрацьвірусныя прэпараты ў аптэках. Масак таксама не было, здаецца. Але тады ўсё працягвалася ня так доўга. Людзі абмяркоўвалі чуткі пра забітыя трупамі моргі, але такога, як цяпер, я ня памятаю. У журналістыцы 12 гадоў і не прыгадаю нічога падобнага. Магчыма, нечым сытуацыя нагадвае 2011 год, вясну. Тады таксама было вельмі шмат усяго».
Па словах Настасьсі, журналісты «Онлайнера» могуць працаваць дыстанцыйна. Праўда, гэта не пазбаўляе неабходнасьці выяжджаць на месцы падзей і хадзіць на прэсавыя канфэрэнцыі ў Мінздароўя.
«Зь сярэдзіны сакавіка я працую з дому, — кажа Настасься. — Разам са сваім катом працуем. Мы зрабілі так, каб я не магла заразіць калегаў на працы. Я ежджу ў камандзіроўкі, хаджу на брыфінгі Мінздароўя. Людзі баяцца цяпер. Вось нядаўна мы езьдзілі ў Тамашоўку ў Берасьцейскай вобласьці, мяне там выгналі з гатэлю. Маўляў, я прывезла заразу зь Менску. У мяне ёсьць падсьвядомы страх заразіцца. Я чытаю ўсе навіны, адсочваю сытуацыю. Ведаю, напрыклад, што ў Стоўпцах 27-гадовы хлопец ляжыць на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх».
Настасься кажа, што абмежавала кантакты з роднымі, якія ўжо ў сталым веку. Па яе словах, дапамагчы пазбавіцца стрэсу маглі б экспрэс-тэсты, аднак іх пакуль у Беларусі ў вольным доступе няма. Зь імі, паводле журналісткі, працаваць было б нашмат спакайней. Пакуль жа, па словах Настасьсі, у Беларусі нарастае паніка. Telegram-каналы актыўна публікуюць фэйкі, якім людзі, пры адсутнасьці падрабязнай афіцыйнай інфармацыі, ахвотна вераць.
«Ці веру я лічбам Міністэрства здароўя? Ну, тут такое... Калі ўсё толькі пачыналася, то я вяла свой уласны ўлік хворых, складала сьпіс, — кажа Настасься Занько. — Родныя расказвалі нам, хто памёр, хто захварэў. І я некалькі разоў лавіла міністэрства на несупадзеньні лічбаў. Таму мне складана давяраць афіцыйнай інфармацыі.
Зь іншага боку, праверыць афіцыйныя дадзеныя вельмі цяжка. Ня ўсе родныя хворых і ахвяр гатовыя расказваць пра выпадкі, ня ўсе гатовыя дасылаць журналістам дакумэнты.
Я б хацела данесьці да чыноўнікаў, што журналісты ня ворагі. Мы таксама зацікаўленыя ў тым, каб меней людзей хварэла, каб наша эканоміка пераадолела крызіс, каб Беларусь годна жыла і квітнела. Аднак мы стаім на прынцыпах свабоды слова, галоснасьці і адкрытасьці. Мы лічым, што беларусы маюць права і нават павінны ведаць актуальную і поўную інфармацыю па колькасьці хворых, тых, хто выздаравеў і хто памёр, пра мэтады лячэньня, забясьпечанасьць шпіталяў і гэтак далей».
«Працуем і раніцай, і ўвечары, і ўначы. І ў выходныя»
Ульляна Бабаед узначальвае аддзел «Грамадзтва» на партале TUT.BY. Кажа, што за апошні месяц каля 85% публікацый аддзелу тым ці іншым чынам датычылі сытуацыі з каранавірусам у Беларусі. Па словах рэдактаркі, журналісты аддзелу маглі самі выбраць, як працаваць ва ўмовах эпідэміі. Большасьць цяпер працуе з дому.
Кажа, што пасьля пачатку эпідэміі ў Беларусі ў яе аддзелу вельмі вырасла зваротная сувязь з чытачамі. Нашмат павялічылася колькасьць зваротаў ад іх, паведамленьняў і допісаў у сацсетках.
«Навіны дасылаюць, дакумэнты, — кажа Ўльляна. — Людзі цяпер дзякуюць за працу, пішуць, якія мы малайцы, якую важную працу робім. Звычайна зьвярталіся для таго, каб на нешта паскардзіцца. Альбо падзякаваць некаму, але не журналістам. Цяпер вось нават журналістам».
Рэдактарка параўноўвае сытуацыю з каранавірусам з працай у 2009 годзе, калі людзі хварэлі на сьвіны грып. Па яе словах, тады атрымліваць інфармацыю ад беларускіх уладаў было значна складаней. У сакавіку 2020 году Мінздароўя Беларусі інфармавала пра эпідэмію лепш, чым звычайна гэта робяць дзяржаўныя ўстановы. Аднак напрыканцы сакавіка сытуацыя зьмянілася.
«Калі параўноўваць зь іншымі тэмамі, то інфармацыю пра каранавірус у Беларусі ў нейкі момант было нават прасьцей атрымаць. Тое, як працавала Мінздароўя ад самага пачатку, для Беларусі было нават незвычайна. Ведамства сапраўды было адкрытае. Нельга сказаць, што яно максымальна нам давала інфармацыю, але шмат хто хваліў яго, працу прэс-службы. Але ў трэцяй дэкадзе сакавіка ўсё зьмянілася. Хаця прэс-канфэрэнцыі адбываюцца, брыфінгі праходзяць. Але без магчымасьці задаць пытаньні».
«Журналісты зьвяртаюцца па дапамогу»
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец кажа, што бачыць дзьве асноўныя праблемы для працы журналістаў недзяржаўных СМІ ва ўмовах эпідэміі.
«Першая праблема, якая ўзьнікла на самым пачатку, — гэта праблема з доступам да інфармацыі, — кажа ён. — БАЖ, потым TUT.BY і БелаПАН зьвярталіся ў дзяржаўныя ўстановы, каб забясьпечыць доступ да інфармацыі пра разьвіцьцё эпідэміі ў Беларусі. Цяпер у нас няма падставаў не давяраць лічбам колькасьці захворваньняў, якія мы атрымліваем. Але ж былі пэрыяды, калі лічбаў не было. Іх альбо хавалі неяк, альбо давалі ў такой форме, якую немагчыма было расшыфраваць. Другая праблема зьвязаная зь ціскам на журналістаў, якія ва ўмовах недахопу інфармацыі могуць памыліцца ў сваіх матэрыялах».
Па словах Андрэя Бастунца, БАЖу вядомыя як мінімум два такія выпадкі. Яны датычаць патрабаваньняў Мінінфармацыі зьняць альбо адрэдагаваць некаторыя публікацыі выданьняў «Наша Ніва» і «Мэдыя-Палесьсе». Апошняе СМІ атрымала папярэджаньне за адну з публікацый. Цяпер у Пінску, да таго ж, пачынаецца суд. Выданьне абвінавачваюць па артыкуле 22.9 Адміністратыўнага кодэксу — Парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.
Па дапамогу ў БАЖ зьвяртаюцца ня толькі выданьні, але і самі журналісты. У першую чаргу па псыхалягічную.
«Мы праводзілі ўжо вэбінар, дзе выступаў псыхоляг, чытаў лекцыю пра тое, як сябе паводзіць падчас каранавірусу, — расказвае Андрэй Бастунец. — Гэта была вельмі запатрабаваная лекцыя. У працы журналістаў цяпер шмат абмежаваньняў. Усё гэта сёньня вельмі ўскладнілася. Журналісты таксама адчуваюць псыхалягічны дыскамфорт, псыхалягічныя траўмы нават. Яны таксама людзі і таксама знаходзяцца пад пагрозай».
Супрацоўнікі БАЖ нават стварылі на сайце асобны разьдзел, дзе сабралі публікацыі пра тое, як працаваць ва ўмовах каранавірусу.
«Прэсінг на недзяржаўных журналістаў цяпер ідзе ня толькі з боку дзяржаўных установаў. Ён адбываецца і з боку дзяржаўных мэдыя, — дадае Андрэй Бастунец. — Зразумела, гэта не ўпершыню. Дастаткова ўзгадаць сумнавядомую „справу БелТА“, калі недзяржаўныя мэдыя сталі аб’ектам крытыкі. І крытыкі не зусім, мякка кажучы, канструктыўнай. Гэта адбываецца ўвесь час. Той рэсурс, які маюць дзяржаўныя мэдыя, непараўнальны з рэсурсам незалежных СМІ. Дастаткова паглядзець, як вырасла фінансаваньне дзяржаўных СМІ. Цяпер мы замест дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі атрымліваем сродкі масавай ідэалягічнай працы».