Затрыманьні мірных дэманстрантаў у Беларусі выклікаюць асаблівую занепакоенасьць у сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, заявіў БелаПАН прэс-сакратар Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Петэр Стана.
Ён падкрэсьліў, што затрыманьні, якія прайшлі ў апошнія дні, і суды над дзясяткамі ўдзельнікаў мірных акцый «парушаюць асноватворную свабоду сходаў», якая «зьяўляецца краевугольным каменем дэмакратыі, і беларускія ўлады абавязаныя паважаць і абараняць яе ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязацельствамі краіны».
«Эўразьвяз рашуча выступае супраць любых неабгрунтаваных абмежаваньняў права на свабоду мірных сходаў, — сказаў Петэр Стана. — Тыя, хто быў затрыманы падчас рэалізацыі сваіх асноўных свабод, павінны быць вызваленыя, і любыя наступныя судзімасьці (зьвязаныя з гэтымі затрыманьнямі. — БелаПАН) павінны быць адмененыя».
У пачатку траўня ў Беларусі прайшлі пратэсы супраць правядзеньня вайсковага параду падчас пандэміі каранавірусу, якія перайшлі ў акцыі супраць зьняволеньня блогера Сяргея Ціханоўскага, які клікаў на «антыпарад». За апошнія дні ў Беларусі затрымалі і асудзілі дзясяткі чалавек, у тым ліку журналістаў, якія асьвятлялі акцыі.