У панядзелак 11 траўня ва Ўкраіне пачаўся першы этап паслабленьня карантынных захадаў, уведзеных 12 сакавіка ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу. Але ў выпадку зьменаў у эпідэмічнай сытуацыі жорсткія абмежаваньні могуць вярнуць
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Цяпер надыходзіць найважнейшы момант, таму што паслабленьне карантыну не азначае, што каранавірусу больш няма альбо ён стаў менш небясьпечным. Мы павінны навучыцца жыць і працаваць у новых умовах. Гэта ключавая ўмова, пры якой карантын ня будзе ўзмоцнены, а наступны этап паслабленьня надыдзе раней», — напісаў кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль на сваёй старонцы ў Facebook.
Шмыгаль дадаў, што рэгіянальныя ўлады самі змогуць вызначаць ступень карантынных абмежаваньняў:
«Урад дазволіў адкрыць крамы ў гандлёвых цэнтрах, а таксама салёны прыгажосьці. Кіеўскія гарадзкія ўлады вырашылі пачакаць з адкрыцьцём гандлёвага цэнтру, а ўлады Львова лічаць, што рана адкрываць цырульні. Гэта адказная пазыцыя кіраўніцтва гарадоў. Яны кіруюцца лічбамі Міністэрства аховы здароўя і дынамікай пашырэньня захворваньня».
Паводле кіраўніка ўраду, сумленнае выкананьне ўкраінцамі карантынных правілаў цягам 2 месяцаў дазволіла выратаваць тысячы жыцьцяў і лепш падрыхтаваць мэдычную сыстэму да выклікаў пандэміі.
Што стане даступным:
- Паркі, сквэры, зоны адпачынку.
- Дзіцячыя і спартовыя пляцоўкі.
- Рэстараны і кавярні змогуць адкрыць летнія тэрасы, але большасьць аб’ектаў грамадзкага харчаваньня будуць працаваць толькі на вынас ежы.
- Гандаль нехарчовымі таварамі ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах.
- Музэі.
- Стаматалёгія.
- Салёны прыгажосьці і цырульні.
- Установы бытавога абслугоўваньня.
- Адновяць сваю дзейнасьць адвакаты, натарыюсы, аўдытары, псыхолягі.
- У тэатрах і іншых мастацкіх установах да 50 асобаў дазволена праводзіць відэаздымкі рэпэтыцый ды канцэртаў.
Што застанецца пад забаронай:
- Фудкорты і зоны адпачынку ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах.
- Кінатэатры і тэатры.
- Грамадзкі транспарт (ім могуць скарыстацца толькі па спэцпропусках супрацоўнікі прадпрыемстваў крытычнай інфраструктры).
- Унутраны, чыгуначны і авіяцыйны транспарт.
- Спортзалі ды фітнэс-цэнтры.
- Унівэрсытэты, школы, дзіцячыя садкі.
- Правядзеньне масавых акцый.
- Перамяшчэньне групамі больш за 2 асобы.
- Знаходжаньне ў грамадзкіх месцах бяз маскі і дакумэнтаў.
- Самавольнае пакіданьне месцаў самаізаляцыі і абсэрвацыі.
- Знаходжаньне на вуліцы дзяцей да 14 гадоў без суправаджэньня дарослых.
Межы Ўкраіны застаюцца закрытымі для іншаземцаў — іх адкрыцьцё будзе адбывацца паступова, адначасова з аналягічнымі рашэньнямі эўрапейскіх краін.
Першыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы, забаранілі масавыя і спартовыя падзеі, а таксама закрылі ўсе гандлёва-забаўляльныя цэнтры.
Украінскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што, калі б улады спазьніліся з рашэньнем аб увядзеньні агульнанацыянальнага карантыну, сытуацыя магла б разьвівацца паводле «гішпанскага» сцэнару.
Ва Ўкраіне станам на 9 гадзін раніцы 11 траўня лябараторна пацьвердзілі 15 648 выпадкаў COVID-19, у тым ліку 408 сьмяротных. За мінулыя суткі было зафіксавана 416 новых выпадкаў і 228 чалавек паправіліся.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.