Улады Сэулу закрылі клюбы і бары ў цэнтры гораду пасьля паўторнай успышкі каранавірусу, перадае Yonhap News Agency. З канца красавіка ў Паўднёвай Карэі паслабляюцца карантынныя захады, аднак у горадзе зафіксаваная новая ўспышка хваробы.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У суботу ў краіне зафіксаваныя 18 новых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам, зь іх 17 улады зьвязваюць з наведнікамі начных клюбаў. Пры гэтым, паводле дадзеных уладаў, месцы, дзе адпачывалі заражаныя, наведалі да паўтары тысячы чалавек.
Паўднёвая Карэя стала адной зь першых краінаў сьвету, дзе была зафіксаваная ўспышка каранавірусу. Аднак яе ўдалося лякалізаваць — на 51,6 мільёна жыхароў было зафіксавана 10 822 выпадкі заражэньня, памерлі 256 чалавек.
Усяго паводле стану на 9 траўня ў сьвеце зафіксавана амаль чатыры мільёны выпадкаў інфікаваньня, прыводзіць дадзеныя амэрыканскі ўнівэрсытэт Джона Хопкінса.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ