Ужо два месяцы няма паседжаньняў у Менску Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Бакі цяпер абмяркоўваюць праблемы ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, а такі фармат не спрыяе дасягненьню рэальных вынікаў.
На гэтым фоне Ўкраіна вырашыла ўзмацніць прадстаўнічасьць сваёй дэлегацыі ў менскай групе. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам зьмяніў склад дэлегацыі ў Трохбаковай кантактнай групе для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. На перамовы накіравалі больш высокіх чыноўнікаў, чым раней.
Саму групу, як і раней, узначальвае экс-прэзыдэнт Леанід Кучма, ягоным намесьнікам прызначаны віцэ-прэм’ер Аляксей Рэзьнікаў, які адначасова працуе на пасадзе міністра ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый. Дадаткова ў склад падгруп таксама ўвялі афіцыйных асобаў у статусе намесьнікаў міністраў і дэпутатаў Вярхоўнай Рады, якія ўзначальваюць парлямэнцкія камітэты.
Улада Ўкраіны: ад перазагрузкі да эфэктыўнасьці
Аб перафарматаваньні сваёй дэлегацыі ўкраінскі бок тэрмінова праінфармаваў краіны «нармандзкай чацьвёркі» на ўзроўні міністраў замежных спраў і палітычных дарадцаў лідэраў дзяржаў. Кіеў заклікаў і Маскву да люстраных захадаў.
«Высокі афіцыйны статус сябраў дэлегацый дасьць магчымасьць хутчэй і эфэктыўней ухвальваць рашэньні, выконваць іх і бачыць тых, хто іх не выконвае», — заявіў кіраўнік офісу ўкраінскага прэзыдэнта Андрэй Ярмак, куратар перамоў па Данбасе, які ініцыяваў адпаведныя зьмены ў складзе менскіх перамоў.
Адначасова Ўкраіна працягвае настойваць на далучэньні да кансультацый у менскім фармаце выхадцаў з Луганскай і Данецкай абласьцей, якія вымушаны былі адтуль зьехаць пасьля пачатку баявых дзеяньняў.
Нягледзячы на тое, што гэтую прапанову Расея адхіліла яшчэ ў сакавіку, Украіна працягвае на ёй настойваць, чакаючы адпаведнай рэакцыі ад Францыі і Нямеччыны — лідэраў нармандзкага фармату перамоў. Рэакцыі з Масквы на ініцыятыву Кіева пакуль няма.
Апазыцыя: гэта шлях на легітымізацыю марыянэтак Расеі
Рашэньне прэзыдэнта Зяленскага аб узмацненьні статусу менскай дэлегацыі не прынясе станоўчых вынікаў — у гэтым перакананая парлямэнцкая апазыцыя. Паводле яе прадстаўнікоў, галоўнай умовай для актывізацыі менскіх перамоў мае быць поўнае спыненьне агню.
«Праблема менскага працэсу ня ў тым, што ўкраінскай дэлегацыі бракуе людзей. Праблема ў тым, што састарэлыя менскія дамоўленасьці не працуюць, а Расея выконвае толькі тую іх частку, якую хоча. Калі прэзыдэнт прытрымліваўся лёгікі „трэба нешта зрабіць“, тады ён мусіў асабіста ўзначаліць украінскую дэлегацыю. І непасрэдна адказваць за ўласныя абяцаньні правесьці выбары на часова акупаваных тэрыторыях Данбасу ўжо сёлета. І за наступствы магчымага правядзеньня гэтых выбараў таксама», — заявілі ў партыі «Голас».
Апазыцыйныя палітыкі перакананыя, што ўзмацненьне статусу ўкраінскай дэлегацыі будзе спрыяць легітымізацыі «марыянэтачнага акупацыйнага рэжыму Данбасу», а Расея ў выніку зможа дабіцца скасаваньня міжнародных санкцый.
«Гэта новы крок да рэалізацыі крамлёўскага сцэнару аб „прамым дыялёгу з Данецкам і Луганскам“. Чаму? Таму што група перамоў афіцыйна ўключае прадстаўнікоў выканаўчай улады на ўзроўні віцэ-прэмʼера і намесьнікаў міністраў. Такім чынам павышаецца статус і так званых „прадстаўнікоў“ АРДЛА (асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей. — РС), якія цяпер сядзяць у Менску як запрошаныя, а не ўдзельнікі», — кажа прадстаўніца фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Ірына Герашчанка, якая ў часе прэзыдэнта Пятра Парашэнкі працавала ў складзе менскай групы.
Ірына Герашчанка зьвярнула ўвагу на тое, што ўзровень расейскага прадстаўніцтва ў менскай групе паступова зьніжаўся:
«Тактыка Крамля заключалася ў тым, каб панізіць свой статус, дэманструючы, што Масква там толькі мадэратар, а не непасрэдны ўдзельнік, адказны за вайну. Прысутнасьць у Менску кіраўнікоў адпаведных камітэтаў Вярхоўнай Рады дазволіць Расейскай Фэдэрацыі і іх марыянэткам больш гучна выказвацца пра „гарманізацыю ўкраінскага заканадаўства з АРДЛА“. Нас упарта падштурхоўваюць да мясцовых выбараў на Данбасе ў кастрычніку пад дуламі аўтаматаў. Вядома, гэта будуць псэўдавыбары, але яны дапамогуць Маскве зьняць санкцыі».
Экспэрты: імпульс патрэбен, але ня варта забягаць наперад
Украінскія экспэрты мяркуюць, што такія зьмены зробяць Украіну больш уразьлівай да ціску Масквы. «Спачатку ўсё ж трэба было правесьці наконт гэтага перамовы з партнэрамі па нармандзкім фармаце і кансультацыі з Расеяй, а ўжо потым падпісваць указ прэзыдэнта. Імпульс перамовам у Менску патрэбен, але лепш не забягаць наперад», — перакананы палітоляг Уладзімір Фясенка.
Палітычны экспэрт фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы» Марыя Золкіна думае, што цяпер палітычная адказнасьць украінскага боку таксама будзе вышэйшай.
«Расея абавязкова гэтым скарыстаецца. Раней адсутнасьць „жалезных“ паўнамоцтваў папярэдніх прадстаўнікоў давала адначасова гнуткасьць падчас перамоў — маўляў, дамовіліся ў кантактнай групе, але ў профільным ведамстве „не прайшло“. Цяпер такіх тлумачэньняў ня будзе», — перакананая Марыя Золкіна. На думку экспэрткі, таксама ня варта чакаць аналягічных крокаў з боку Расеі:
«Расея робіць усё магчымае, каб пазьбегнуць адказнасьці і, дарэчы, не нясе яе непасрэдна ў адпаведнасьці зь менскімі дамоўленасьцямі. Дык чаму яна павінна сымэтрычна вылучаць у Трохбаковую кантактную групу тых жа службовых асобаў? Таму я думаю, што эфэктыўнасьць групы гэта істотна не павялічыць. Наадварот, гэта можа стварыць дадатковыя праблемы, дадаўшы вагі Расеі».