Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала ўкраінскія ўлады забясьпечыць выкананьне заканадаўства, якое прадугледжвае пакараньне за гвалт у дачыненьні да журналістаў.
Звароту папярэднічаў напад у Кіеве на мінулым тыдні на журналіста, які асьвятляў акцыю супраць мераў ізаляцыі ў сувязі з каранавірусам. 29 красавіка «Грамадзкая тэлевізія» Ўкраіны заявіла, што яе супрацоўніка Багдана Куцепава, які працаваў у жывым эфіры ля Дома ўраду, зьбілі паліцыянты, пашкодзіўшы тэхніку журналіста.
Як гаворыцца ў распаўсюджанай у чацьвер заяве праваабарончай арганізацыі, якая месьціцца ў Парыжы, «Інцыдэнт стаў адным з мноства іншых выпадкаў пагрозаў і актаў агрэсіі і запалохваньня» супрацоўнікаў СМІ — з моманту ўвядзеньня абмежавальных захадаў з прычыны эпідэміі COVID-19».
«Для паліцыі непрымальна ўдзельнічаць у гэтай хвалі гвалту, ад якой пакутуюць журналісты», — падкрэсьліла Жанна Кавэлье, кіраўнікца падразьдзяленьня «Рэпартэраў бязь межаў» па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Яна падкрэсьліла, што гэтая тэндэнцыя небясьпечная для ўкраінскай дэмакратыі, а расьсьледаваньне па справе Куцепава павінна быць максымальна празрыстым.
Праваабаронцы зьвярнулі ўвагу яшчэ на адзін выпадак, які адбыўся вечарам 1 траўня. Тады група маладых людзей напала на фрылансэра Мікіту Кныша ў Харкаве. Ён апытваў моладзь на адной з парковак адносна парушэньня імі карантыну, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.
У Сусьветным індэксе свабоды прэсы, які штогод публікуюць «Рэпартэры бязь межаў», Украіна займае цяпер 96 месца сярод 180 краінаў. Беларусь у гэтым сьпісе на 153 месцы.