Беларуская фэдэрацыя футбола прыняла рашэньне аб пераносе матчу першай лігі паміж «Гомлем» і дзяржынскім «Арсэналам» з прычыны падазрэньня на наяўнасьць каранавірусу ў аднаго з гульцоў «Арсэналу».
Трэніроўкі дзяржынскага «Арсэналу» адмененыя і не адновяцца да таго часу, пакуль ня прыйдуць вынікі аналізу футбаліста (павінны быць у панядзелак 11 траўня). На наступным тыдні ўсім гульцам, трэнэрам і работнікам каманды правядуць тэсты на COVID-19, паведамляе Tribuna.com.
Імя футбаліста не называюць, паколькі дыягназ пакуль не пацьверджаны. Як распавялі ў клюбе, гулец адчуў сябе дрэнна раніцай 8 траўня. У яго была высокая тэмпэратура і ламота. У звычайны час ён бы проста зьвярнуўся да лекара, але цяпер у клюбе вырашылі перастрахавацца і паведамілі ў фэдэрацыю, якая і прыняла рашэньне перанесьці матч.
Матч чацьвёртага туру, які павінен быў прайсьці на стадыёне «Цэнтральны» у Гомелі 10 траўня, перанесены на больш позьні тэрмін (які, у Фэдэрацыі не ўдакладнілі).
Пакуль Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе працягваюцца футбольныя турніры. У найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі гуляюць 16 камандаў, у першай — 14, у другой — 22. Яшчэ 8 калектываў выступаюць у жаночым першынстве. Прысутнасьць заўзятараў на трыбунах не абмяжоўваецца.
Некаторыя футбольныя лігі краінаў Эўропы ўжо прынялі рашэньне аб датэрміновым завяршэньні сэзону-2019/2020, у той час як іншыя рыхтуюцца аднавіць чэмпіянаты ў траўні.