Менскія праваахоўнікі рыхтуюцца да масавых мерапрыемстваў 9 траўня. Самымі люднымі, піша ГУУС Менгарвыканкаму, будуць парад каля стэлы, які пачнецца ў 11.00, і сьвяточны канцэрт на плошчы Перамогі ў 21.00.
«Традыцыйна ў месцах правядзеньня сьвяточных мерапрыемстваў чакаецца вялікая колькасьць удзельнікаў і гледачоў», — пішуць праваахоўнікі, ня згадваючы пандэмію каранавірусу і шматлікія рэкамэндацыі замежных і міжнародных арганізацыяў аб скасаваньні масавых імпрэзаў.
Як звычайна пры такіх дзяржаўных мерапрыемствах, 9 траўня міліцыя пяройдзе на ўзмоцнены рэжым працы. Месцы імпрэзаў абгародзяць, паставяць турнікеты, будуць стацыянарныя і ручныя мэталадэтэктары, відэаназіраньне.
Пропуск мяркуюць рабіць праз 21 кантрольна-прапускны пункт і 146 пунктаў пропуску (чым яны адрозьніваюцца ад кантрольна-прапускных, не ўдакладняецца), асобныя пункты пропуску прадугледжаныя для інвалідаў і вэтэранаў вайны.
Графікі руху транспарту плянуюць зьмяніць, са станцыі мэтро «Плошча Перамогі» прапускаць толькі праз выхад у бок плошчы Якуба Коласа.
«Асаблівую ўвагу» абяцаюць надаць бясьпецы падчас фаервэркаў — у радыюсе 150 мэтраў ад пускавых установак доступ грамадзянаў і рух транспарту абмяжуюць. Ці зьвязана гэта зь леташнім «крывавым салютам», не ўдакладняецца.
Генэральная рэпэтыцыя параду пачнецца 8 траўня а 21.00.
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя і Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі заклікалі беларускія ўлады зрабіць неадкладныя новыя захады супраць эпідэміі: перанесьці або скасаваць масавыя мерапрыемствы, даць магчымасьці для дыстанцыйнай працы і адукацыі, закрыць забаўляльныя ўстановы і скараціць «неістотныя перасоўваньні» людзей. У Брусэлі кажуць, што Беларусь атрымае дапамогу ў барацьбе з COVID-19 толькі тады, калі будзе выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, якая асобна выказвала занепакоенасьць менскім парадам.
Аляксандар Лукашэнка тым часам заяўляе, што «асабліва ня парыцца» з нагоды выяўленых выпадкаў каранавірусу. Рост пнэўманіяў у Беларусі ён лічыць «мізэрам». Лукашэнка адмаўляецца скасаваць вайсковы парад на 9 траўня, нават пасьля таго, як ад удзелу ў тым парадзе адмовіліся вайскоўцы з Расеі і Кітаю, шэраг расейскіх палітыкаў. Таксама Лукашэнка ня робіць тэст на каранавірус, хоць працягвае наведваць публічныя мерапрыемствы і асабіста сустракаецца з чыноўнікамі, ціснуць рукі пры сустрэчы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.