Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне рыхтуюцца да выхаду з карантыну, але не плянуюць масавых акцыяў да Дня Перамогі


Ілюстацыйнае фота. На вуліцах Кіева
Ілюстацыйнае фота. На вуліцах Кіева

Украіна тройчы падаўжала дзеяньне агульнанацыянальнага карантыну, абвешчанага ад 12 сакавіка ў сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Фармальна абмежаваньні будуць дзейнічаць да 22 траўня, але ўжо праз тыдзень яны стануць больш мяккімі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што дынаміка новых захворваньняў застаецца стабільнай, а мэдычныя ўстановы запоўненыя хворымі на 12-15 %. Улады мяркуюць, што такія паказчыкі дазваляюць паступова адмовіцца ад жорсткіх абмежаваньняў, пакінуўшы іх толькі для грамадзян, якія ўваходзяць у групы рызыкі.

Зьмякчэньня карантыну патрабуюць прадпрымальнікі

Ад пачатку карантыну грамадзяне Ўкраіны дэманстравалі дысцыплінаванасьць — на вуліцу выходзілі мала, абавязкова ў масках, у крамах трымалі дыстанцыю. Нават велікодныя службы ў храмах не былі такімі шматлюднымі, як гэта традыцыйна бывае ва Ўкраіне.

Паралельна людзі самаарганізоўваліся для дапамогі мэдыкам — адны забясьпечвалі іх сродкамі індывідуальнай засьцярогі, іншыя шылі маскі ці дапамагалі транспартам.

Але праз паўтара месяца ўсё зьмянілася. Людзі зноў пайшлі на вуліцу, нягледзячы на пагрозу атрымаць вялікі штраф за парушэньне правілаў карантыну. Пайшлі ня толькі каб падыхаць сьвежым вясновым паветрам, але і на акцыі пратэсту.

Першымі пачалі пратэставаць аграрыі, якія апынуліся на мяжы банкруцтва і спыненьня вытворчага ланцужка з прычыны падзеньня попыту на сваю прадукцыю і закрыцьця рынкаў. Наступнымі на пратэсты выйшлі дробныя і сярэднія прадпрымальнікі, патрабуючы ад уладаў дазволу на працу.

Пратэст мэраў

Акцыі непакоры і патрабаваньне скасаваць карантын справакавалі ня толькі абставіны і неабходнасьць людзей зарабляць на жыцьцё, а і няроўныя ўмовы, у якіх апынуліся дробныя прадпрымальнікі і вялікі бізнэс, найперш той, які належыць прадстаўнікам кіроўнай партыі «Слуга народу».

Спачатку выявілася, што ў Кіеве, насуперак забаронам, працягвае працаваць рэстаран, які раней належаў народнаму дэпутату ад партыі «Слуга народу». А потым, што другі дэпутат гэтай жа палітычнай сілы, зьвязаны з будаўнічым бізнэсам, спрабаваў зарабіць на сродках індывідуальнай засьцярогі, якія, як паведамлялася спачатку, былі дастаўленыя як гуманітарная дапамога на найбольшым у сьвеце грузавым самалёце «Мрія» — гонары ўкраінскай авіяцыі.

Назіраючы за сытуацыяй у сталіцы, мэры адразу некалькіх украінскіх гарадоў заявілі аб намеры паслабіць карантынныя захады.

У Чаркасах пасьля масавых зваротаў прадпрымальнікаў дазволілі адкрываць нехарчовыя крамы, цырульні, летнія рэстараны і шэраг іншых аб’ектаў. У выніку супраць мэра Чаркасаў Анатоля Бандарэнкі, які яшчэ абвінаваціў цэнтральныя ўлады ў двайных стандартах, завялі крымінальную справу.

Але калегу падтрымалі кіраўнікі іншых мясцовых уладаў — Івана-Франкоўска, Запарожжа, Мукачава, і нават мэры Кіева, Львова, Дняпра, Харкава, якія лічацца цяжкавагавікамі ў рэгіянальнай палітыцы.

Паводле ўкраінскіх СМІ, такая сытуацыя напярэдадні мясцовых выбараў (яны мусяць адбыцца ўвосень) прымусіла мэраў аб’яднацца «супраць цэнтру» — яны цяпер дамаўляюцца аб стварэньні ўласнай партыі, у якую можа ўвайсьці і мінулы прэм’ер-міністар Уладзімір Гройсман. Менавіта ён пачынаў дэцэнтралізацыю ўлады, якую пры прэзыдэнце Зяленскім пачалі абмяжоўваць.

Дырэктар Інстытуту глябальных стратэгій з Кіева Вадзім Карасёў мяркуе, што такое аб’яднаньне рэгіянальных уладаў стала вынікам неэфэктыўнасьці цэнтральнай улады і яе прадстаўнікоў у абласьцях.

Экспэрт перакананы, што партыя мэраў ствараецца ня толькі для таго, каб супольнымі намаганьнямі выступіць супраць карантыну:

«Партыя мэраў — дастаткова сурʼёзная сіла, якая, прайшоўшы мясцовыя выбары, можа прэтэндаваць на посьпех і на парлямэнцкіх выбарах. Папраўдзе, мясцовыя выбары мэры ўжо выгралі адсоткаў на 60, а „Слуга народу“ іх ужо прайграла».

Ва Ўкраіне кіраўнікоў мясцовых органаў самакіраваньня (мэраў) выбіраюць на мясцовых выбарах, гэтак жа як на агульнадзяржаўных выбіраюць прэзыдэнта краіны. Кіраўнікоў абласных і раённых адміністрацый прызначае прэзыдэнт Украіны.

Выхад з карантыну будзе паэтапным

Урад Украіны ўжо анансаваў зьмены, якія адбудуцца 12 траўня — пачнуць працаваць паркі, сквэры, зоны адпачынку, салёны прыгажосьці, цырульні, гуртовыя і раздробныя рынкі. Асобныя кавярні і рэстараны змогуць адкрыць летнія пляцоўкі, адновяць працу музэі, бібліятэкі і арганізацыі юрыдычнай дапамогі. Але па-ранейшаму недаступнымі будуць зоны забаваў, фудкорты, кінатэатры і дзіцячыя зоны ў гандлёва-забаўляльных цэнтрах.

У Кіеве ўжо з 5 траўня пачалі адкрывацца харчовыя рынкі.

Аб выхадзе з карантыну заўтра абвесьціць і парлямэнт — на звычайны рэжым сваёй дзейнасьці ён пяройдзе з 18 траўня.

Пік захворваньня яшчэ не прайшлі

Украінскія эпідэміёлягі прагназуюць, што пік захворваньняў на COVID-19 прыпадзе на 8-9 траўня. У гэтыя дні ва Ўкраіне адзначаецца Дзень памяці і прымірэньня з нагоды перамогі над нацызмам у Другой усясьветнай вайне. Але ўлады Кіева заявілі, што ніякіх масавых акцыяў з гэтай нагоды не плянуецца.

«Сёлета спаўняецца 75 гадоў з Дня Перамогі над нацызмам у Другой усясьветнай вайне. Аднак, у сувязі з карантыннымі абмежаваньнямі, масавыя падзеі ў сталіцы з гэтай нагоды ня будуць праводзіцца. Я разумею, што ў гэты дзень шмат людзей вітае вэтэранаў, прыносіць кветкі да помнікаў, ходзіць на могілкі да сваякоў, наведвае музэі, але сёлета, на жаль, фармат будзе іншы», — заявіў мэр Кіева Віталь Клічко.

Ён заклікаў кіяўлян, якія маюць у сваіх семʼях вэтэранаў, зрабіць усё магчымае, каб абараніць іх ад рызыкі заражэньня, і правесьці гэтыя дні дома, а таксама засьцярог палітычныя сілы ад правядзеньня масавых акцый:

«Гэтыя дні не павінны выкарыстоўвацца для дэстабілізацыі сытуацыі і ўласнага піяру. У сталіцы паліцыя і муніцыпальная варта пяройдуць на ўзмоцнены рэжым дзейнасьці для забесьпячэньня правапарадку».

На раніцу 6 траўня ва Ўкраіне зарэгістравана 487 новых выпадкаў захворваньня на COVID-19. Агульная колькасьць афіцыйна пацьверджаных выпадкаў дасягнула 13 184, у тым ліку 327 сьмяротных, а 2 097 хворых паправіліся.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG