У Кіеве каля будынку ўраду, дзе з раніцы пратэстуюць прадпрымальнікі з патрабаваньнем завяршыць карантын ад 1 траўня, паміж паліцыяй і мітынгоўцамі адбыліся сутыкненьні.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Як паведамляе УНІАН, прадпрымальнікі выступілі супраць «выбарачнага» карантыну. «„Рошен“, „Макдональдс“ працуюць, не працуе толькі малы бізнэс. Калі карантын — то для ўсіх», — заявіў адзін з пратэстоўцаў.
«Нам няма на што жыць!» — выкрыквалі прадпрымальнікі. Амаль усе яны прыехалі да будынку ўраду на машынах і заблякавалі вуліцу Грушэўскага. Сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй пачаліся, калі прыбылі эвакуатары, каб разблякаваць праезд. Пасьля частку вуліцы прадпрымальнікі ўсё ж вызвалілі.
Як заявіла «Громадське телебачення», паліцыянты пабілі журналіста тэлеканалу, які вёў жывы эфір зь месца падзей.
Напярэдадні мэр Кіеву Віталь Клічко прадставіў плян выхаду сталіцы з карантыну з 12 траўня. У Кіеве ад каранавіруснай інфэкцыі хварэе 1341 чалавек, ачунялі 69 пацыентаў, памерлі 24. За суткі ў сталіцы Украіны выявілі 43 новыя выпадкі, ь іх 5 — мэдыкі.
Паводле апошніх зьвестак Міністэрства аховы здароўя, усяго ва Ўкраіне зафіксавалі 9 866 выпадкаў каранавірусу, памерлі 250 чалавек, паправіліся 1103 чалавекі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ