Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: травень


Чарлс Джэймс Люіс, «Чытаньне каля акна. Гастынгс» (1880)
Чарлс Джэймс Люіс, «Чытаньне каля акна. Гастынгс» (1880)

Прамінулы месяц не прынёс жаданага паляпшэньня з пандэмічнай сытуацыяй у сьвеце і ў Беларусі. Праз што працягваецца замаруджваньне ўсіх культурніцкіх працэсаў. Кнігавыдавецкая справа цярпіць вялікія страты ў выніку рэзкага скарачэньня попыту на друкаваную прадукцыю.

Кнігарні апусьцелі, а некаторыя і ўвогуле зачыніліся. У Менску ўжо некалькі тыдняў не працуе «Кніжная шафа» (на час карантыну) і зусім зачыніліся «Сон Гоголя» і «Букашкин дом» (праз адсутнасьць пакупнікоў і заробку).

Дадатковы нэгатыўны ўплыў на пасьпяховы шлях выданьняў у шырокі сьвет зрабіла немагчымасьць ладзіць публічныя прэзэнтацыі новых кніг і сустрэчы аўтараў з чытачамі. Адмененыя жывыя імпрэзы з нагоды ўручэньня літаратурных прэміяў імя Натальлі Арсеньневай і Карласа Шэрмана.

Час каранавірусу — нядобры час для папяровай кнігі. І зусім не паэтычны — ніводнае кнігі вершаў не чакаецца ў недзяржаўных выдавецтвах у траўні.

«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.

Проза

Даніэль Кельман. «Тыль». Менск, «Янушкевіч».


Падзеі ў рамане адбываюцца ў 17 стагодзьдзі, на фоне жахаў Трыццацігадовай вайны. Аўтар перанёс сюды ў якасьці галоўнага героя Тыля Ўленшпігеля, вядомага блазна і бадзягу. Нягледзячы на гэта, твор гучыць вельмі сучасна, ён напоўнены актуальнымі ўнівэрсальнымі сэнсамі.

Кельман — таленавіты і чульлівы апавядальнік. Хоць ён і піша пра жорсткасьць сьвету і бязьлітасныя ўдары гісторыі, тон раману застаецца лёгкім, бадзёрым і дасьціпным.

Літаратурныя аглядальнікі зазначаюць, што ў Кельмана неверагодным чынам спалучаюцца талент і амбітнасьць — ён іранічны рэаліст; рацыяналіст, захоплены магічнымі гульнямі і майстэрскімі прадстаўленьнямі; сучасны чалавек, які любіць азірацца назад.

«Кельман — майстар ляканічных і неверагодных апісаньняў. У вытанчана створаным рамане пісьменьнік спрытна вядзе чытача праз самыя жудасныя выпрабаваньні, зьведаныя людзьмі». («The New York Times Book Review»).

Раман «Тыль» увайшоў у кароткі сьпіс Міжнароднай прэміі Букера. Абвяшчэньне ляўрэата адбудзецца 19 траўня, а беларускае выданьне ў перакладзе Вольгі Гронскай выйдзе раней прыблізна на тыдзень. Ні ў кога з нашых суседзяў перакладу гэтага найцікавейшага раману пакуль няма.

Ева Вайтоўская. «Гарэзьлівы пацалунак». Менск, «Янушкевіч».


Моладзевы раман Евы Вайтоўскай (псэўданім вядомай беларускай паэткі) «Гарэзьлівы пацалунак» — гэта 450-старонкавая чытанка пра падлеткаў-адзінаццаціклясьнікаў.

Пра што сюжэт? Жыцьцё ціхай троечніцы Соні Сінічкі да непазнавальнасьці зьмяняецца ў выпускным клясе ў той дзень, калі яна прызнаецца ў каханьні найлепшаму вучню школы Максіму Статкевічу. І пачынаецца такое…

У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай сэрыі мангі (коміксаў) «Ітадзура на кіс» («Гарэзьлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў 1991–1999 гадах, маляваная манга—мастачкай Каору Тада (Kaoru Tada) (1960–1999). Надзвычай папулярны коміксавы сэрыял застаўся няскончаным праз заўчасную сьмерць аўтаркі, што не зашкодзіла яму здабыць прыхільнікаў ва ўсім сьвеце — і ня толькі сярод аматараў мангі і анімэ (online). Аўтарка беларускага рамана вырашыла перасяліць герояў мангі з Токіё 1990-х у сучасны ёй Менск і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.

І гэта толькі першы том! Спадарыня Вайтоўская абяцае хуткі працяг «Гарэзьлівага пацалунку».

Максім Кутузаў. «Porta Nigra». Менск, «Галіяфы».


Вы ўпэўненыя, што немагчыма пабачыць мінулае? Што некаторыя значныя гістарычныя падзеі нельга аднавіць, а ісьціна гэтак і застанецца назаўжды страчанай для чалавецтва? Так меркаваў і галоўны герой Аркадзь, беларускі дактарант, які накіраваўся ў Эўропу, каб працягнуць сваё навучаньне. Але тыя незвычайныя падзеі, якія раз-пораз адбываюцца з ім падчас падарожжа, змушаюць маладога фізыка збочыць са шляху і зазірнуць за заслону гістарычных таямніцаў. Чым гэта можа скончыцца? Здаецца, чым заўгодна.

Porta Nigra — другі раман маладога празаіка. Зь першым — прыгодніцка-гістарычным раманам «Князь-ваўкалак» — дваццацігадовы тады аўтар стаў ляўрэатам міжнароднай прэміі «Эўракон-2018» .

Дакумэнталістыка

Штэфан Родэвальд. «Пра Полацкую Вэнэцыю». Менск, «Лімарыюс».


Пра Полацк напісана нямала. Але заўсёды цікавы погляд на сваю гісторыю навукоўцаў звонку. Пазбаўленыя старых (і новых) ідэалягічных штампаў і стэрэатыпаў, яны здольныя заўважыць нешта нечаканае і новае. Вядомы швайцарскі гісторык Штэфан Родэвальд убачыў старажытны беларускі горад з вышыні альпійскіх гор, сьмела параўнаўшы Полацк з Вэнэцыяй.

Але гэта ня толькі рамантычнае ўспрыманьне малавядомае ці амаль невядомае старонкі эўрапейскае гісторыі, але і грунтоўны навуковы аналіз падзеяў і фактаў. Дасьледаваньне швэйцарскага гісторыка прысьвечана тысячагадовай гісторыі Полацка, якая разглядаецца ў шырокім кантэксьце Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. У фокусе яго ўвагі формы сацыяльнай арганізацыі і калектыўных дзеяньняў жыхароў шматэтнічнага і поліканфэсійнага гораду, пераўтварэньні і зьявы доўгага трываньня ў жыцьці полацкага грамадзтва ў розныя эпохі і пэрыяды яго мінулага.

Навуковы рэдактар кнігі Генадзь Сагановіч. Пераклалі на беларускую Мітрафан Патоцкі, Сяргей Паўлавіцкі і Галіна Скакун.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG