Пандэмічная сытуацыя ў сьвеце істотна паўплывала і на беларускі кнігавыдавецкі працэс. Бальшыня недзяржаўных кампаній спыніла свае праекты праз самаізаляцыю працаўнікоў.
Тыя ж, якія працягваюць працу, адчулі востры недахоп сродкаў на новыя выданьні. І гэтак сталася ня толькі праз рэзкае скарачэньне попыту на друкаваную прадукцыю, але і праз абясцэньваньне беларускіх грошай.
Дадатковы негатыўны ўплыў на пасьпяховы шлях выданьняў у шырокі сьвет зрабіла немагчымасьць ладзіць публічныя прэзэнтацыі новых кніг і сустрэчы аўтараў з чытачамі.
У апошнім тыдні закрыліся дзьве недзяржаўныя кнігарні ў Менску — «Кніжная шафа» (часова на карантын) і «Букашкин дом» (назусім, праз адсутнасьць пакупнікоў і заробку). Час каранавірусу — нядобры час для папяровай кнігі.
Тым ня менш, некаторыя беларускія кнігавыдаўцы ўсё ж парадуюць нас у бліжэйшым часе. У штомесячным свабодаўскім «Літаратурным календары» распавядаем пра кніжныя навінкі красавіка.
«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.
Паэзія
Ванда Марцінш душ Рэйш. «Мора Мары». Менск, «Кнігазбор».
Аўтарка родам з-пад Паставаў, якая цяпер жыве ў Вільні, а перад тым дзяліла свой лёс між Эдынбургам і Мадэйрай, мала вядомая на радзіме. Яно і ня дзіва.
Вядомы паэт Алег Мінкін, прадстаўляючы яе першую кнігу ў Беларусі, піша:
«Паэзія Ванды Марцінш душ Рэйш дужа рэдкая, анамальная зьява. Свае вершы Ванда Марцінш праз усё жыцьцё пісала „ў стол“, „для сябе“, „для душы“, пісала, арыентуючыся хіба на беларускую й замежную клясыку. І гэтая „ізаляцыя“ толькі пайшла ёй на карысьць. Калі я ўпершыню прачытаў творы паэткі, мне здалося, што я чытаю нейкую „прапушчаную“ старонку беларускай клясыкі. Зьдзівіла некранутая сьвежасьць вершаў, жыцьцярадаснае, такое рэдкае ў наш час, сьветаўспрыманьне, сакавітыя, „барочныя“ фарбы. Некаторыя „пэйзажныя“ вершы Ванды Марцінш чытаюцца як „хрэстаматыйныя“. Яна — ці ня першая ў беларускай паэзіі паэтка-„марыністка“. Сярод партугальскіх і шатляндзкіх краявідаў, архітэктуры, культуры, традыцыяў, гісторыі яна пачувае сябе „па-свойску“, утульна, у гармоніі».
Жыцьцё. Ты — імгненьне, ты — успышка,
Сьлед зьнічкі на фотапаперы.
Тэатар, дзе няма рэпэтыцый:
Ёсьць толькі прэм’еры.
Кіно, дзе мы самі сабе рэжысэры,
І блытаюць ролі нашчэнт самавукі-акторы.
Эмілія Ліцьвіновіч. «Вечна я з краем сваім». Менск, «Кнігазбор».
У паэзіі Эміліі Ліцьвіновіч адчуваецца багаты духоўны ўнутраны сьвет, яе паэтычнае крэда, своеасаблівы погляд на жыцьцё, на чалавечыя ўзаемаадносіны. Усё гэта выліваецца ў філязофскія, гістарычныя, грамадзянскія вершы, вершы пра родную мову, пра каханьне і
жартоўныя строфы.
Чытаю Барадуліна
Чытаю сёньня Барадуліна,
Руны яго перуновыя,
А «Дуліна ад Барадуліна»
Будзе спакусаю новаю.
Чытаю, чытаю, чытаю,
Пачуцьці яго ўяўляю
Да ўнучкі, да роднага краю,
Старонкі гартаю, гартаю.
І мне падаецца, нібыта
Таемнасьць яго мне адкрыта.
Псальмы і трыкірый ягоны
Зьяўляюцца мне абаронай.
Чытаю сёньня Барадуліна
Смакую вершы, нібы дуліну.
Проза
Уладзімер Сіўчыкаў. «Пацалаваць Фідэля». Менск, выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.
Новую кнігу прозы знанага аўтара склалі дасьціпныя і фрывольныя тэксты, іранічна-займальныя і лёгка чытэльныя жыцьцёвыя показкі, а часам і трагікамічныя гісторыі ды фацэцыі, а таксама нататкі пра айчынныя ды заакіянскія вандроўкі.
Валя Гайд. «скін, кеды». Менск, «Кнігазбор».
Як весела скакаць праз машыны, бестурботна залазіць на дахі, нястрымана раздаваць шакалядкі, нестандартна зьдзіўляць дзяўчат, вымушана камунікаваць з праваахоўнікамі — з замалёвак пра гэта і складаецца дэбютная кніга маладога аўтара. Разам з тым гэта гісторыя сяброўства, адбітак неўтаймаванасьці юнацкай энэргіі і жаданьня вырабляць нядбайную дурноту.
Евгений Казарцев. «F43». Менск, «Кнігазбор».
Ляканічныя тэксты, дэтэктыўныя фабулы, вытанчаная стылістыка і вельмі дакладная, як на маладога аўтара, псыхалягічная абгрунтаванасьць паводзінаў герояў шчымлівых аповядаў трымаюць увагу чытача ад першае да апошняе старонкі. Выбітны дэбют.
Дакумэнталістыка
Сяргей Чыгрын. «Слонімскі драматычны тэатар». Менск, «Кнігазбор».
Гэта фотаальбом прысьвечаны гісторыі Слонімскага драматычнага
тэатру. Выданьне прымеркаванае да яго 30-годзьдзя. Дата, як паказвае аўтар, магла б мець больш паважную лічбу, бо першыя сцэнічныя паказы ў Слоніме адбываліся ў сярэдзіне 18 стагодзьдзя ў школьным тэатры езуіцкага калегіюму. Ва ўступным артыкуле да фотаальбому Сяргей Чыгрын распавядае ўсю гісторыю тэатральнага мастацтва на Слонімшчыне.
Кнігі для дзяцей
Васіль Жуковіч. «Ласкавае сонейка». Менск, «Кнігазбор».
Паэт Васіль Жуковіч, чые творы цягам дзесяцігодзьдзяў зьмяшчаюцца ў школьных падручніках, упершыню ў адным выданьні побач з вершамі надрукаваў апавяданьні і казкі. Кніга «Ласкавае сонейка» ўражвае жанравым і тэматычным дыяпазонам, адметным гумарам, добрым зьместам. Прасякнутая любоўю да Беларусі, роднай прыроды, сваёй мілагучнай мовы, а перадусім — да дзяцей, яна выклікае цэлую гаму задушэўных пачуцьцяў.
Галіна Ўдавічэнка. «36 і 6 катоў». Менск, «Кнігазбор».
Гэтая гісторыя — пра адно кацінае таварыства. Даволі вялікае. Шчыра кажучы, дужа вялікае. Магчыма, вам дасюль ніколі не даводзілася бачыць гэтулькі муркатуноў адначасна. Трыццаць шэсьць і шэсьць! Во іх колькі. Толькі ўявіце сабе. Гэта ж паўнюсенькі каціны аўтобус. Альбо вялікая каціная група ў дзіцячым садочку. Альбо перапоўнены каціны кляс. Багаценька, эге ж! Затое — не тлум. Не, не тлум, не натоўп. А менавіта таварыства, каціная супольнасьць.
Найперш варта пазнаёміцца з імі ўсімі, каб часам ня блытацца. Бо напраўду аднолькавых паміж іх не знойдзеш. Кожны непаўторны. Кожны асоба. Хоць і не заўжды тое можна заўважыць з першага позірку.
Гэтая вусата-хвастатая гісторыя — першая кніга з найбольш папулярнай кніжнай сэрыі для дзяцей апошніх гадоў ва Ўкраіне. Тры кнігі з гэтай сэрыі перакладзеныя на многія мовы сьвету і агульны іх наклад ужо склаў каля 100 000 паасобнікаў!
Па-беларуску кнігу перастварылі Альжбэта Малішэўская-Спрынчан, Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. А прывабнай для цікаўных дзіцячых вочак зрабілі цудоўныя малюнкі Наталкі Гайды.