Чым парадуюць нас у бліжэйшы час беларускія кнігавыдаўцы?
Пачынаем штомесячны «Літаратурны каляндар», у якім будзем паведамляць пра выдавецкія навінкі, якія маюць зьявіцца цягам бліжэйшых чатырох тыдняў.
Па меры магчымасьцяў, хочам таксама анансаваць некаторыя літаратурныя імпрэзы ў Беларусі.
«Літаратурны каляндар» будзе зьяўляцца ў кожную першую суботу месяца — за выняткам гэтага студзенскага выданьня, якое зьявілася ў другую суботу.
Паэзія
Маціяс Гёрыц. «Кароткая гісторыя сэрца». Пераклад зь нямецкае Вольгі Гапеевай. Менск, «Галіяфы».
Гэтая кніга паэзіі сучаснага нямецкага аўтара выходзіць у перакладзе беларускай паэткі Вольгі Гапеевай. Чаму менавіта творчасьць Маціяса Гёрыца яна вырашыла прадставіць беларускаму чытачу? Спадарыня Гапеева тлумачыць:
«Маціяс Гёрыц прывабіў мяне тым, што гэта трошку іншая паэзія, да якой я зьвяртаюся, калі пішу сама ці чытаю. І для мяне гэта было такім пераадоленьнем у пэўным сэнсе сваіх стэрэатыпаў і імкненьнем да таго, каб пачуць і разабраць у іншым голасе нешта сваё. Таксама я адчувала сябе абавязанай, і гэта была свайго кшталту мая падзяка Маціясу за тое, што ён працаваў з маімі тэкстамі, пераствараючы іх на нямецкую».
Кніга Вольгі Гапеевай па-нямецку чакаецца ў жніўні.
Проза
Леанід Дранько-Майсюк. «…Усе бачылі нястачу віна…». Аповесьць пра Адама Станкевіча. Менск, «Кнігазбор».
Чым прывабіла аўтара постаць беларускага грамадзка-палітычнага дзеяча, выдаўца, гісторыка, публіцыста, літаратуразнаўцы, каталіцкага сьвятара? Сваёй яркай выбітнасьцю ва ўсіх іпастасях, але найперш — бязьмежнай адданасьцю роднаму краю, — тлумачыць спадар Дранько-Майсюк. І выказвае здагадку пра свайго героя:
«Магчыма, у апошнюю сваю хвіліну сьвятар адкрыў галоўнае: калі пытацца, то пытацца заўсёды варта пра адно — дзе ты, Беларусь? А магчыма, у тую хвіліну ўспомніў пра вясельле ў Кане Галілейскай, на якім Ісус Хрыстос ваду ператварыў у віно — зрабіў немагчымае. Тое ж немагчымае рабіў і ён, Адам Станкевіч, бо таксама ж бачыў нястачу віна, — брак Беларусі ў Беларусі, — і да апошняга (як мог і як умеў!) ператвараў буднае — у сьвяточнае».
Джэром Клапка Джэром. «Трое ў чоўне і пёс зь імі». Пераклад з ангельскае Паўла Касьцюкевіча. Менск, «Логвінаў».
«Трое ў чоўне і пёс зь імі» — клясычная ангельская сатыра. Чацьвёра сяброў, Джордж, Гарыс, Джэй і фоксік Манмарансі, замучаныя агульнай млявасьцю і абыякавасьцю да жыцьця, выпраўляюцца зь вялікага гораду ў рачное падарожжа па Тэмзе. Джэрому Клапку Джэрому заказалі напісаць гід па Тэмзе, але нешта пайшло ня так. Атрымаўся суцэльны гімн ляноце, закону бутэрброда і чорным сілам дамасядзтва. Вялікая Брытанская энцыкляпэдыя апраўданьняў і адчэпак, каб нікуды ня плыць.
Акрамя ўцешнага перакладу гэтае кнігі чытачоў чакае прыемны дадатак — ілюстрацыі, вершы і рачныя маршруты ўжо па беларускіх рэчках. Справа ў тым, што айчынныя інтэлектуалы ўжо трыццаць гадоў ходзяць у рачныя вандроўкі і назапасілі свой адметны корпус тэкстаў і фальклёру, які ў чымсьці сугучны выбрыкам чатырох разьдзяўбаяў з ангельскага арыгіналу.
Зьбігнеў Гербэрт. «Збор твораў у двух тамах». Пераклад з польскай. Укладальнікі Марына Казлоўская і Андрэй Хадановіч. Менск, «Логвінаў».
У двухтомніку аднаго з найвыбітнейшых аўтараў ХХ стагодзьдзя Зьбігнева Гербэрта — гістарычныя эсэ, драмы і выбраныя вершы. Уцякаючы зь несвабоды камуністычнай Польшчы, пісьменьнік блукае па дарогах Грэцыі і Італіі, Брытаніі і Францыі. Разважаючы над лёсам этрускаў і катараў, будаўнікоў гатычных храмаў і шукальнікаў зьніклых у лябірынце над морам цывілізацый, «барбар» адкрывае для сябе сваю сапраўдную прарадзіму − запаветны сад эўрапейскай культуры.
У том паэзіі ўвайшлі выбраныя вершы і драматургія. Грунтоўна прадстаўленыя ўсе дзевяць яго прыжыцьцёвых зборнікаў, а таксама значная колькасьць вершаў, што не ўваходзілі ў кнігі паэта.
Дакумэнтальная літаратура
Ірына Саламаціна. «Яна была». 16 жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі. Менск, «Галіяфы».
Мэта гэтай кнігі — падтрымаць гістарычную справядлівасьць у дачыненьні да суайчыньніц аўтаркі. Гэта 16 гісторый посьпеху жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі XIX і XX стагодзьдзяў. Іх гісторыі захапляюць, іх уклад у скарбонку мастацтва і інтэлектуалізму краіны ўражвае, іх прыклад натхняе.
Некаторыя з мастачак, якія намалявалі гераінь гэтай кнігі, зьяўляюцца ўдзельніцамі праекту «Адкрытыя арт-прасторы: майстэрні мастачак»/Open Art-Space: Women Studios.
Вольга Іванова. «Ліпляны». Біяграфія і штодзённасьць беларускай вёскі з электронным дадаткам. Менск, «Галіяфы».
Біяграфія ўсходнепалескай вёскі Ліпляны была расказана яе жыхарамі і ўраджэнцамі. Гісторыя вёскі да пачатку ХХ стагоддзя разглядаецца пераважна на падставе апублікаваных крыніц і архіўных дакумэнтаў. Фотаздымкі з асабістых архіваў, відэафільм, сьпевы, карта, ліплянскі слоўнік дапаўняюць тэкст кнігі і ствараюць магчымасьць паглыбленьня ў прастору, мову і культуру вёскі.
DVD-дыск да кнігі зьмяшчае фільм «Ліпляны. Гісторыя вёскі, якую расказалі яе жыхары», вясковую лірыку (больш за 80 сьпеваў, вершаў і музыкі ў выкананьні ліплянцаў), мапу вёскі Ліпляны і ўрочышчаў з 1866 году, сьпіс жыхароў в. Ліпляны ў 1944—1946 гг.