Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што Лукашэнка пагутарыў з прэзыдэнтам Літвы, які раней крытыкаваў яго за «браваду» з COVID-19

абноўлена

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа

Кіраўнікі Беларусі і Літвы Аляксандар Лукашэнка і Гітанас Наўседа 23 красавіка ўпершыню пагаварылі праз тэлефон. Асабіста яны яшчэ ні разу не сустракаліся, а апошні раз Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком Літвы ў 2010 годзе.

Наўседа ў Twitter расказаў, што меў «плённую размову» з Лукашэнкам наконт «Усходняга партнэрства», выклікаў пры пандэміі каранавірусу і пра бясьпеку на БелАЭС.

Пазьней падрабязная навіна пра размову зьявілася на сайце прэзыдэнта Літвы, кароткая — на сайце БелТА. Апошняе сьцьвярджае, што размова была ініцыяваная літоўскім бокам.

Пра каранавірус

«Адбыўся абмен думкамі наконт антывірусных захадаў у абедзьвюх краінах. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў Беларусі гуманітарную дапамогу мэдычнымі сродкамі і неабходным абсталяваньнем для мэдыкаў», — піша літоўскі бок.

Таксама Наўседа падзякаваў Лукашэнку за супрацу ў вяртаньні дамоў грамадзянаў Літвы празь Беларусь і зьвярнуў увагу на важнасьць забесьпячэньня бесьперабойнага руху тавараў між краінамі і спрыяльных умоваў для міжнародных грузаперавозак.

Гэтыя прапанову і падзяку ў паведамленьні БелТА не згадалі.

Пра БелАЭС

Наўседа «выказаў шчырую заклапочанасьць» будаўніцтвам Астравецкай АЭС, выказаў нязгоду з выбарам пляцоўкі для станцыі блізу літоўскай сталіцы, абмеркаваў магчымасьць дазволу для эўрапейскіх экспэртаў на ацэнку стрэс-тэстаў на станцыі, а таксама адзначыў, што расейскія рэсурсы, крэдыты і інфраструктура для АЭС ствараюць дадатковую нагрузку для беларускай эканомікі.

«Каб паменшыць залежнасьць Беларусі ад расейскіх рэсурсаў і інфраструктуры, рашэньнем стала бы рэальная дывэрсыфікацыя энэргетычных рэсурсаў, — параіў Наўседа Лукашэнку. — Літва, якая ўжо правяла такую дывэрсыфікацыю, назапасіла карысны досьвед, таму мы маглі б падзяліцца нашымі ведамі зь Беларусьсю ў пошуку альтэрнатыўных крыніц энэргіі».

У паведамленьні БелТА згадалі толькі, што бакі «абмеркавалі ўзаемадзеяньне ў сфэры ядзернай бясьпекі», а таксама «даручылі міністрам энэргетыкі двух бакоў прапрацаваць пытаньні энэргетычнай бясьпекі» (другое паведамлялася ў кантэксьце дывэрсыфікацыі паставак нафты і газу, прапановы Літвы павялічыць пастаўкі праз порт у Клайпедзе).

Пра Ўсходняе партнэрства і Вялікае княства

Наўседа абмеркаваў з Лукашэнкам таксама супрацу ў сфэрах нафты, газу і транспарту, пэрспэктывы і амбіцыі ў праграме «Ўсходняга партнэрства». Літоўскі прэзыдэнт сказаў, што ва «Ўсходнім партнэрстве» перасьледуе «амбітныя мэты» што да партнэрства зь Беларусьсю ў гандлі, эканоміцы, праектах у экалёгіі і кантактах між людзьмі.

«Літва працягне намаганьні ў захаваньні гісторыка-культурнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, — адзначыў Наўседа. — Наш агульны гістарычны досьвед у Вялікім Княстве Літоўскім ня толькі ўмацуе двухбаковыя адносіны, але і дапаможа разьвіваць чалавечыя стасункі паміж народамі».

Ён згадаў і «выдатны прыклад супрацы» падчас цырымоніі пахаваньня Кастуся Каліноўскага паўстанцаў 1863-1964 гадоў. Таксама Наўседа прапанаваў абвясьціць 2022-ы «Годам Францішка Скарыны» з нагоды 500-годзьдзя выданьня першай друкаванай кнігі ва Ўсходняй Эўропе (Скарына надрукаваў першую кнігу яшчэ ў 1517 годзе, але першую кнігу ў Вільні выдаў у 1522-м).

З усяго гэтага БелТА згадвае толькі, што ў размове «закраналася пытаньне пэрспэктываў ініцыятывы „Ўсходняе партнэрства“».

Яны завочна паспрачаліся тры тыдні таму

У пачатку красавіка між Лукашэнкам і Наўседам адбылася завочная спрэчка.

Наўседа казаў 1 красавіка, што «мы ня можам давяраць» афіцыйнай беларускай статыстыцы пра эпідэмію каранавірусу, бо «беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай», і разважаў, што літоўцы «павінны абмежаваць любыя кантакты з краінай, якая ў такі момант трохі занадта расслаблена ацэньвае ўспышку каранавірусу і магчыма, што ў сувязі з гэтым яе чакаюць цяжкія наступствы».

Лукашэнка на наступны дзень адказаў на гэта:

«Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфэктыўна, чым літоўскі прэзыдэнт. Ён заклапаціўся аб беларускі вірусе... Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытаньняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусаў не пра ўсё інфармуюць».

***

У Літве на момант публікацыі выявілі 1398 выпадкаў COVID-19, памерлі 38 пацыентаў, выпісаныя здаровымі 399. На мільён чалавек у Літве прыпадае менш выпадкаў, чым у Беларусі (514 супраць 771), але больш сьмерцяў (14 супраць 6). У адрозьненьне ад Беларусі, у Літве яшчэ 16 сакавіка быў абвешчаны карантын, які некалькі разоў падаўжалі (апошні на сёньня раз — да 11 траўня), але цяпер карантынныя захады крыху паслабляюць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG