Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду аб першачарговых захадах дзеля забесьпячэньня ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сфэры ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Як перадае БелТА, у Палацы незалежнасьці сабралася ўсё кіраўніцтва краіны: вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі абласьцей, памочнікі прэзыдэнта.
«Мы сабраліся для таго, каб усебакова абмеркаваць пытаньні забесьпячэньня ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сфэры. Перш за ўсё, на злобу дня — сыстэмы аховы здароўя і адукацыі. Нам трэба апэратыўна прыняць шэраг рашэньняў у тых пытаньнях, якія сёньня найбольш востра паўстаюць», — адкрыў нараду Аляксандар Лукашэнка.
Якія рашэньні былі прынятыя на нарадзе, дзяржаўныя СМІ не перадаюць.
«У Беларусі няма ніводнага памерлага чыста ад каранавірусу чалавека»
Дзяржаўная газэта «Звязда» перадае і такое выказваньне Лукашэнкі:
«Я не хачу паўтарацца, але падкрэсьлю галоўнае: у Беларусі няма ніводнага памерлага чыста ад каранавірусу чалавека».
Лукашэнка працягвае сьцьвярджаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, хоць сьмерці менавіта ад COVID-19 прызнаюць і ў сьвеце, і ў Беларусі. Ад каранавірусу паміраюць у тым ліку тыя людзі, якія ў іншым выпадку працягвалі б жыць, нягледзячы на іхныя хранічныя хваробы. Міністэрства здароўя не залічвае ў памерлыя ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі, але прызнала ўжо больш за паўсотні памерлых менавіта ад каранавірусу.
Два дні таму Лукашэнка адзначаў, што зь яго ўжо «ў сьвеце ўсе жартуюць» праз адмаўленьне сьмерцяў ад COVID-19.
«Яны нам рэкамэндуюць, як некаторыя пішуць, аж да камэнданцкага часу ўвесьці»
Паводле Лукашэнкі, Беларусь ня стане адмахвацца ад рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), але будзе дзейнічаць згодна зь бягучай сытуацыяй.
«Генэральны дырэктар Сусьветнай арганізацыі здароўя ўчора даслаў мне ліст і падзякаваў нашай краіне за тыя дзеяньні, якія мы робім у барацьбе з хваробай, — заявіў Лукашэнка. — У той жа час парэкамэндаваў, зь іхнага гледзішча, усё, што мы павінны зрабіць. Захады, прапанаваныя WHO, павінны быць абавязкова вывучаныя, нельга ад іх адмахвацца.
Але калі, дапусьцім, яны нам рэкамэндуюць, як некаторыя пішуць, аж да камэнданцкага часу ўвесьці, я яшчэ раз падкрэсьліваю: трэба — увядзём і камэнданцкі час, трэба — ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі. Але хіба сёньня такая праблема стаіць перад краінай? Не.
Таму мы не адмахваемся ад рэкамэндацыяў, але мы мусім з комплексу рэкамэндацый, нашага досьведу, дзейнічаць адпаведна. Нельга дзейнічаць наўдалую і нельга дзейнічаць „а, на ўсялякі выпадак, горш ня будзе“. Горш яно ня будзе, але калі мы будзем у лякарнях трымаць здаровых людзей, то, ня дай Бог, нам і ложкаў потым ня хопіць хворых шпіталізаваць».
Лукашэнка і раней заяўляў, што Сусьветная арганізацыя здароўя нібыта рэкамэндавала ўвядзеньне камэнданцкага часу. Але такія рэкамэндацыі з боку WHO не публікаваліся і не агучваліся, прынамсі публічна.
«Мы пайшлі супраць плыні»
«У нас прыхільнікаў, нават тых, хто спачувае, ня будзе, бо мы пайшлі супраць плыні, — адзначыў Лукашэнка. — Мы дзейнічаем згодна з сытуацыяй, якая ў нас складваецца, і тым, якую мы маем сыстэму аховы здароўя.
Мы зараз будзем у гэтым цесным, брыдкім сьвеце сутыкацца з гэтымі віруснымі захворваньнямі. І сыстэму гэтую трэба ўмацоўваць — гэта адзін з урокаў. Але пра гэта мы пагаворым пасьля».
Паводле Лукашэнкі, «для нас важная захворвальнасьць на COVID-19, але мы перадусім зьвяртаем увагу на захворвальнасьць пнэўманіяй». Ён заявіў, што «любая пнэўманія можа ўскладніцца COVID-19», хаця часьцей каранавірусная інфэкцыя якраз выклікае пнэўманію, а не накладаецца на ўжо наяўную.
«Калі становішча будзе мяняцца ў горшы бок, я нічога не выключаю, ужо перажываю за любы шоргат…»
На нарадзе Лукашэнка згадаў, што ў ахове здароўя працуюць амаль 310 тысяч чалавек, ложкаў у лякарнях каля 100 тысяч, тэсты на каранавірус у розных рэгіёнах ёсьць у запасе на 25 дзён.
«Калі становішча будзе мяняцца ў горшы бок, я нічога не выключаю, ужо перажываю за любы шоргат, то мы падключым рэзэрвы, — дадаў Лукашэнка. — У нас іх дастаткова.
У лячэньні людзей павінна быць задзейнічаная ўся вэртыкаль улады, усе дзяржаўныя службоўцы, я ўжо не кажу пра сыстэму аховы здароўя».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.