Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку. На сустрэчы прысутнічаў і дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Андрэй Раўкоў.
На сустрэчы, перадае БелТА, Лукашэнка сказаў, што хацеў бы абмеркаваць «будучыя мерапрыемствы, у прыватнасьці палітычныя і вайсковыя», таму цікавіцца, «якая сытуацыя на фронце аховы здароўя».
«Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі»
Лукашэнка падкрэсьліў, што яго цікавіць ня толькі тое, як «разварочваецца ці ўжо зварочваецца псыхоз з каранавірусам», але і сытуацыя зь іншымі хваробамі.
Ён падзякаваў лекарам, якія «начуюць і днююць у шпіталях, лечаць людзей у гэты няпросты пэрыяд», а таксама зьвярнуўся да людзей у стацыянарах:
«Апошнім часам мне паступае інфармацыя, што вось гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі, — казаў Лукашэнка. — І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё. Міністар ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыцьцё».
«Ужо перагнулі з гэтымі маскамі»
Лукашэнка анансаваў паездку на вытворчасьці абарончых мэдычных сродкаў — паабяцаў спытаць, «ці круглыя суткі яны працуюць і шыюць маскі», бо цяпер маскі, бахілы і іншыя такія прадукты «каштуюць вялікіх грошай». Пры тым ён сьцьвярджае, што іх Беларусі «ўжо прапануюць розныя краіны».
На думку Лукашэнкі, «мы ўжо таксама перагнулі з гэтымі маскамі». Ён сьцьвярджае, што 12 красавіка езьдзіў па Менскай вобласьці (сам быў за рулём) і нібыта бачыў аднаго чалавека з маскай на твары. З гэтага ён зрабіў выснову, што «мы ўжо людзей перанапружылі».
«Ня трэба людзей заганяць у кватэры»
Лукашэнка казаў, што хоць у Беларусі ня ўводзілі карантыну, «цяпер людзей, якія бязьдзейна бадзяюцца, на вуліцы няма», і «ня трэба іх заганяць у кватэры, замыкаць іх там».
Ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, перадае і іншыя выказваньні Лукашэнкі з нарады. Паводле каналу, Лукашэнка заявіў, нібы «чыста ад каранавірусу ніводзін чалавек не памёр», бо каранавірус гэта «атмасфэра, у якой разьвіваюцца іхныя хранічныя хваробы».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.