Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка сваімі заявамі зноў абнуліў імідж Беларусі


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Апошнія тыдні кожнай новай заявай Лукашэнка нібыта імкнецца пацьвердзіць уласную колішнюю фразу «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду», якую ўжо сталі забываць.

У 2015 годзе ў Беларусі былі вызваленыя апошнія палітвязьні і паступова пачаўся працэс «нармалізацыі» стасункаў з Захадам. Акрамя відавочнага геапалітычнага аспэкту (штуршок нармалізацыі быў дадзены пасьля анэксіі Расеяй Крыму і вайны ў Данбасе), немалаважным выглядаў і інфармацыйны бок.

Некалькі гадоў афіцыйны Менск настойліва пераконваў замежнапалітычных партнэраў, што зь Беларусьсю можна мець справу, што тут сучасная краіна зь вялікім ІТ-сэктарам, стабільным кіраўніцтвам, якое папраўдзе зусім не цураецца пэўных прагрэсіўных думак і гатовае ўліцца ў міжнародную супольнасьць. Беларускія дыпляматы імкнуліся прадставіць краіну як надзейнага і стабільнага партнэра, які паважае міжнародныя нормы, дзейнічае без усялякіх выбрыкаў і непрыемных сюрпрызаў.

А тут — каранавірус. І выявілася, што зноў увесь сьвет ідзе «не ў нагу», і толькі адзін аматар лазьні, хакею і козачак — «у нагу». Праблема ў тым, што гэты аматар лячэньня каранавірусу трактарам і прыхільнік тэорыяў пра сусьветнае закулісьсе ня нейкі дзівак-арыгінал, а нязьменны кіраўнік беларускай дзяржавы.

І справа нават ня ў тым, што Беларусь выбрала сваю ўнікальную, адрозную ад іншых тактыку змаганьня з пандэміяй. Справа ва ўсіх тых публічных заявах і рэмарках кіраўніка дзяржавы, якія дэманструюць непавагу да ўласных грамадзянаў, нежаданьне прызнаваць рэальнасьць, абсалютнае ігнараваньне агульнапрынятых падыходаў.

І цяпер замежныя журналісты тэлефануюць сваім беларускім калегам і пытаюцца: «У вас там што, зноў як у 1986 годзе, як пасьля Чарнобылю?». Мы дарэмна думаем, што, чытаючы артыкулы зь Беларусі пра ўсе гэтыя экзатычныя спосабы барацьбы з пандэміяй, якія прапануе Лукашэнка, увесь сьвет захлінаецца ад захапленьня неардынарнымі і загадкавымі людзьмі — беларусамі.

Мы можам колькі заўгодна іранізаваць з міжнароднага інтарэсу да чэмпіянату Беларусі ў футболе, але трэба разумець, што ўспрыняцьцё на Захадзе гэтага «футболу падчас халеры», найхутчэй, будзе наступнае: што за дзікія людзі, якія пасярод пандэміі гуляюць у футбол з гледачамі на трыбунах. Што ў галаве ў кіраўніка гэтай дзяржавы, які пасярод пандэміі гуляе ў хакей з сагнанымі гледачамі ў пагонах, а потым кажа ў тэлекамэру: «Тут няма вірусаў ніякіх! Вось ты ж не заўважыла, што яны лятаюць? І я таксама не бачу».

І які, дарэчы, «сыгнал» чарговы раз даецца патэнцыйным замежным інвэстарам, калі Лукашэнка публічна заяўляе, што нікому не дазволіць звальняць людзей з прыватных прадпрыемстваў?

Многія дзеяньні беларускай улады падчас каранакрызісу зноў прадэманстравалі ўсяму сьвету, што рашэньні ў гэтай краіне вызначаюцца не прафэсіяналізмам і кампэтэнцыяй чыноўнікаў на ўсіх узроўнях, а супярэчлівымі выказваньнямі і асаблівасьцямі характару кіраўніка дзяржавы.

Атрымліваецца, што апошнія тыдні кожнай новай заявай Лукашэнка нібыта імкнецца пацьвердзіць сваю колішнюю фразу «Я сваю дзяржаву за цывілізаваным сьветам не павяду», якая за апошнія гады ўжо стала забывацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG