Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусу


Аляксандар Лукашэнка і міністар надзвычайных сытуацыяў Уладзімер Вашчанка
Аляксандар Лукашэнка і міністар надзвычайных сытуацыяў Уладзімер Вашчанка

Аляксандар Лукашэнка 9 красавіка правёў сустрэчу зь міністрам надзвычайных сытуацыяў Уладзімерам Вашчанкам. Ён цікавіўся сытуацыяй з сухім надвор’ем і пажарамі, але згадаў таксама пандэмію каранавірусу.

«Як я ўжо казаў, мы такія людзі, што часам упромся ў нейкую адну праблему і забываемся, што ёсьць і іншыя», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Пасьля гэтага прэс-служба не перадае выказваньне Лукашэнкі простай мовай, але іх чуваць на відэа, якое апублікаваў ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі:

«Мы ўсе захварэлі на грып, назву яму новую прыдумалі, новы каранавірус і гэтак далей, не ўнікаючы ў сутнасьць, нават не параўноўваючы, што было ў мінулым годзе, што ў гэтым, — заявіў Лукашэнка. — А ў гэтым страшным годзе сытуацыя лепшая, чым летась, тое самае і з пнэўманіяй».

Ён паўтарыў, што ў барацьбе з каранавірусам «для нас найважнейшы элемэнт — гэта эканоміка», а каранавірус — «усё гэта сыдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце, у Эўропе што адбываецца».

Паводле Лукашэнкі, на пажарах «у разы больш гіне», чым ад каранавірусу. Паводле статыстыкі МНС, пакуль у Беларусі адбылося нават крыху менш пажараў, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году (1615 супраць 1704 ад 1 студзеня па 9 красавіка), а ў надзвычайных сытуацыях прыроднага і тэхнагеннага характару сёлета ўжо загінулі 219 чалавек.

«Натуральна, мы не адмаўляем, што з хваробамі трэба змагацца, і зь віруснымі таксама, — адзначыў Лукашэнка. — Надзвычайнага становішча няма. Таму міністэрства мы не прыцягваем».

Міністар Вашчанка ж, піша БелТА, паведаміў Лукашэнку, што ад МНС перадалі ў Мінздароўя зьвесткі аб сваіх магчымасьцях — тэхніцы, лекарах, абсталяваньні і ахоўных сродках, якімі можа скарыстацца Міністэрства аховы здароўя. У тым ліку магчыма выкарыстоўваць санітарную авіяцыю МНС для перавозкі пацыентаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG