«Адназначна сказаць, што там ёсьць каранавірус, мы пакуль ня можам. Ідзе яшчэ ўдакладняльная дыягностыка», — сказаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік 25 сакавіка пра сытуацыю з жанчынай з Жыткавіч.
58-гадовая жыхарка Жыткавіч тыдзень была на бальнічным з дыягназам ВРВІ і піла антыбіётыкі, але лепш ёй не станавілася. Пасьля адной з кансультацый зь лекарам яна страціла прытомнасьць. За межы краіны і Жыткавіч яна не выяжджала.
Міністар спачатку расказаў, як вызначаецца дыягназ. Для гэтага ёсьць тры віды тэстаў — расейскі «Вектор», эталённы тэст САЗ і беларускі.
«Таму ў розных рэгіёнах выкарыстоўваюцца ў тым ліку экспрэс-тэсты. Калі адзін з тэстаў дае станоўчы вынік, робяцца ўсе проціэпідэміялягічныя мерапрыемствы, нібыта факт інфікаваньня ўстаноўлены.То бок ізалююцца кантакты першага ўзроўню, праводзіцца эпідрасьсьледаваньне. Але паралельна праводзіцца тыпаваньне гэтых жа ўзораў тэстамі іншага тыпу. То бок усе тры тэсты павінны даць адназначна станоўчы вынік. Пасьля гэтага мы кажам, што так, выпадак пацьверджаны», — сказаў Каранік.
Частку сваіх тэстаў Беларусь накіроўвае ў лябараторыю ў Нямеччыну, і дагэтуль усе беларускія тэсты пацьвярджаліся. Але ў сытуацыі з жанчынай з Жыткавіч «ёсьць пэўныя розначытаньні па тэстах».
«Жанчына атрымлівае ўсю неабходную дапамогу. Пакуль праходзіць удакладняльная дыягностыка, рознае тыпаваньне, рознымі тэстамі для пацьвярджэньня дыягназу, — сказаў Каранік. — У нашым прэс-рэлізе гаворыцца, што ў двух выпадках дыягназ яшчэ ўдакладняецца».
Паводле Караніка, у жанчыны пнэўманія.
«Але адназначна сказаць, што там ёсьць каранавірус, мы пакуль ня можам. Ідзе яшчэ ўдакладняльная дыягностыка. Гэта той рэдкі выпадак, другі ці трэці ў нашай практыцы, калі розныя тэсты даюць розныя вынікі, і цяпер мы разьбіраемся, чаму».
Два мазкі і 14 дзён
Для таго каб ведаць, што чалавек не зьяўляецца вірусавыдзяляльнікам, трэба атрымаць два адмоўныя мазкі з інтэрвалам у суткі.
«Чаму ў нас іншым разам узьнікаюць розначытаньні, нас спрабуюць абвінаваціць у нейкіх маніпуляцыях зь лічбамі? Насамрэч — так, пацыент ня мае прыкмет ніякай хваробы, мае адзін адмоўны мазок, што дазваляе нам ужо адносіць яго да вылечаных. Але па пратаколу мы павінны атрымаць два адмоўныя мазкі, і пэрыяд назіраньня павінен быць 14 дзён ад моманту шпіталізацыі. Таму частка людзей у нас на сёньняшні момант ня выпісаная толькі таму, што адна з гэтых умоваў ня выкананая: не прайшло 14 дзён альбо няма другога адмоўнага мазка».
Экспрэс-тэсты з Кітаю
1 красавіка ў Беларусь даставяць з Кітаю першую партыю экспрэс-тэстаў — 2016 набораў. Паводле Караніка, цяпер ужо зьявілася багата экспрэс-тэстаў кітайскай і эўрапейскай вытворчасьці.
«На жаль, што тычыцца менавіта экспрэс-тэстаў, якія робяцца на аснове аналізу крыві, цяпер ідзе працэс іх валідаваньня, ідзе ўдакладненьне ступені іх верагоднасьці. Мы ўжо замовілі некалькі дзясяткаў тысяч экспрэс-тэстаў, якія будзем разьмяшчаць у прыёмных пакоях, бальніцах, паколькі гэта патрабуе забору крыві. Таму ў аэрапорце ці на мяжы гэта ня зробіш. Мы цяпер аналізуем тыя тэсты, якія зьяўляюцца найбольш верагоднымі. Таму што ілжэстаноўчы адказ — гэта яшчэ, напэўна, паўбяды. Гэта непрыемныя эмоцыі для чалавека і некаторы час чаканьня, пакуль гэта будзе перароблена валідаваным тэстам. А вось пры ілжэадмоўным тэсьце ёсьць небясьпека, што мы некага выпусьцім з нашага поля зроку. Таму мы цяпер ацэньваем эфэктыўнасьць усіх тэстаў на прадмет іх адчувальнасьці і выключэньня ілжэадмоўных вынікаў».
Ці хутка экспрэс-тэсты зьявяцца ў аптэках?
Міністар Каранік сказаў, што Беларусь замовіла экспрэс-тэсты і цяпер вывучаецца іх верагоднасьць.
«Нам асноўнае — высьветліць, які з тэстаў мае найменшую рызыку ілжэадмоўных заключэньняў, каб не прапусьціць хваробу. Цяпер нашы экспэрты на чале з галоўным спэцыялістам па лябараторнай дыягностыцы ацэньваюць інфармацыю па ўсіх экспрэс-тэстах, каб выбраць аптымальны. Заданьне на закуп ужо разьмешчана, закуп плянуецца».
Як часта трэба здаваць тэст?
«Калі празь дзень ці раз на два дні мазок, то гэта часта нават менш інфарматыўна. Бо ад моманту інфікаваньня да моманту, калі мазок становіцца станоўчым, павінна прайсьці мінімум 4 дні. А іншым разам ад 4 да 14 дзён. Таму мазок можна здаць, калі ёсьць сумневы, але асноўнае — гэта ізаляцыя».
Чаму міністэрства не паведамляе, у якіх гарадах выяўлены каранавірус?
«Першапачаткова мы спрабавалі даваць больш дакладную інфармацыю, дзе былі выяўленыя інфікаваныя. Але гэта прывяло да таго, што многія СМІ і прадстаўнікі блогасфэры пачыналі актыўна ўмешвацца ў асабістае жыцьцё грамадзян, спрабавалі высьвятляць, як працуюць іх прадпрыемствы пасьля атрыманьня гэтай інфармацыі, што адбываецца ў горадзе. Такім чынам яны больш сеялі панічныя настроі, чым дапамагалі. Акрамя таго, людзі сталі менш ахвотна расказваць пра свае кантакты, пачалі пазьней зьвяртацца да мэдыкаў — ужо толькі з клінікай. І гэта істотна ўскладняла наша эпідрасьсьледаваньне. Таму вельмі асьцярожнымі трэба быць усюды, — сказаў Каранік. — У якіх гарадах мы праводзім проціэпідэмічныя мерапрыемствы, насельніцтва і так даволі добра ведае, таму дадаткова публікаваць на сёньняшні момант сэнсу ня мае».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ