Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Усё ня так маляўніча, як паведамляюць народу». Што беларускія лекары гавораць аб працы падчас пандэміі


Ілюстрацыйнае фота. Мэдыцынскі супрацоўнік у ахоўнай вопратцы каля машыны хуткай дапамогі ў Менску, 13 сакавіка 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Мэдыцынскі супрацоўнік у ахоўнай вопратцы каля машыны хуткай дапамогі ў Менску, 13 сакавіка 2020 году

Мэдыкі — адна з групаў рызыкі ў часе пандэміі каранавірусу. Свабода пагутарыла зь беларускімі доктаркамі пра тое, што цяпер адбываецца ў мэдыцынскіх установах і ці патрэбны беларусам карантын.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Вялікая імавернасьць, што наша міністэрства ня справіцца з гэтым»

«Усё далёка ня так маляўніча, як пра гэта паведамляюць народу, — кажа доктарка аднаго зь менскіх шпіталёў. — Вельмі шмат людзей хварэюць цяпер. Дыягнастуюць і сьвіны грып, і сэзонны грып. Паміраюць людзі ад пнэўманіі, і толкам ніхто ня можа сказаць, ад якога ўзбуджальніка. Бяруць мазкі для аналізу на „карону“. Як і што будзе далей — ніхто ня ведае».

Паводле доктаркі, шпіталі, якія перапрафілявалі пад «кантакты першага і другога ўзроўню», ужо забітыя.

«Больш за тое, як мне сказалі, сярод лекараў, якія працуюць з „кантактамі“, ужо выпадкаў дзесяць заражаных ёсьць. Частка маіх знаёмых лекараў чакаюць вынікаў, бо іх шпіталізавалі як „кантакты“».

Дзяўчына апавядае, што ў яе шпіталі заканчваюцца маскі, таму іх шыюць з марлі самыя лекары. Плянавую шпіталізацыю часова скасавалі — засталася толькі тэрміновая.

Доктарка раіць беларусам лішні раз пасядзець дома, чым хадзіць па горадзе, бо «зараза сярод людзей ходзіць».

«Гэта дакладна. Захворваньне ў цэлым расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. Вялікая імавернасьць, што наша міністэрства ня справіцца з гэтым. Зараз сэзон грыпу і ВРВІ. Але, я думаю, і „карона“ ў нас расьце».

«Напалоханыя людзі зьліваюць фігню NEXTA. А ён яе выкладае»

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Увод карантыну доктарка падтрымлівае.

«Тут лягічна можна разважыць. Карантын увялі краіны, у якіх мэдыцына на парадак вышэйшая за нашу, магчымасьцяў больш, чым у нас. Кітай стрымаў успышку ў сябе толькі дзякуючы жорсткім захадам карантыну.

Калі ўводзіць карантын, то жорсткі. Каб сапраўды сядзелі дома. Скасоўваць мерапрыемствы і іншае. Некаторыя лекары і мэдсёстры ня водзяць дзяцей ні ў школу, ні ў садок. Хтосьці, наадварот, ня бачыць праблемаў — маўляў, дзеці ж так не хварэюць».

Фраза Лукашэнкі пра «40-50 грамаў у разьліку на чысты сьпірт» стала ў мэдыкаў падставай для жартаў.

«Лекары ёсьць лекары. Жартуем, сьмяемся. Засьцярога ўсё роўна ёсьць, але праца наша такая. Але меры выконваць імкнуцца ўсё. У масках хворых глядзяць, рукі апрацоўваюць. Хоць маску трэба насіць хвораму, але ўсё роўна масачны рэжым для лекараў ва ўсім шпіталі».

На яе думку, найбольшая праблема ў тым, што ў беларусаў няма доступу да ўсёй інфармацыі пра каранавірус.

«Міністэрства здароўя адкрыта не афішуе нічога. Праз гэта напалоханыя людзі, асабліва маладое пакаленьне, такую фігню зьліваюць NEXTA! А ён яе выкладае».

«У нас ёсьць маскі! Зробім выгляд, што яны дапамагаюць»

Ілюстрацыйнае фота. Дзяўчына ў масцы ў менскім мэтро
Ілюстрацыйнае фота. Дзяўчына ў масцы ў менскім мэтро

Іншая суразмоўца Свабоды некалькі гадоў працуе афтальмолягам у адной зь менскіх паліклінік.

«Да мяне прыходзіць шмат людзей заўсёды — у сярэднім ад 50 да 70 у дзень. Да мяне рэдка прыходзяць з ВРВІ, з тэмпэратурай і з усім, блізка падобным да каранавірусу, бо іх проста не пускаюць.

Да мяне не прыходзілі людзі, у якіх потым выявілі каранавірус, — прынамсі я спадзяюся. Хоць хто ведае, ці не прыходзіў хто са схаванай формай. Хутчэй за ўсё, так».

Але, кажа яна, тэрапэўты ў свае выходныя дні абыходзілі ўсіх людзей, якія кантактавалі з хворымі на каранавірус на другім узроўні.

Паводле лекаркі, у паліклініцы паток пацыентаў разьдзелены: для тых, у каго ёсьць сымптомы каранавірусу, асобны ўваход. Для тых, у каго тэмпэратура, асобны паверх. Так было заўсёды, кажа доктарка, але цяпер вылучылі яшчэ адзін паверх, а таксама закрылі аддзяленьне дзённага стацыянару.

«У нас ёсьць маскі! Зробім выгляд, што яны дапамагаюць. Ёсьць антысэптыкі. Мы абзвоньваем усіх, каб не прыходзілі на прыём без тэрміновай патрэбы. Але гэта не пра мой прыём».

«Пажылыя лекары, якія працуюць на пэнсіі, зусім не ў захапленьні»

Ілюстрацыйнае фота. Беларускія лекары ў ахоўных касьцюмах
Ілюстрацыйнае фота. Беларускія лекары ў ахоўных касьцюмах

Па назіраньнях дзяўчыны, людзей у паліклініцы стала менш і большая частка носіць маскі.

«Інфармаванасьць пра вірус надзвычай нізкая. Калі запытацца, навошта чалавек прыйшоў у паліклініку ў такі час, то цябе, хутчэй за ўсё, пашлюць, — я правярала. Ці будуць глядзець вялікімі вачыма».

Дзяўчына кажа, што ўсе лекары баяцца і працуюць. Калі заражаных будзе больш, то хадзіць па дамах на выклікі будуць усе.

«Усе спэцыялісты сядуць на агульны прыём, — разважае доктарка. — А з наяўнасьцю масак і антысэптыкаў у арсэнале гэта ня так ужо весела. Але я спакайней стаўлюся да гэтага. Пажылыя лекары, якія працуюць на пэнсіі, зусім не ў захапленьні ад таго, што адбываецца. Праца, доўг — гэта ўсё зразумела, але абарона для нас таксама патрэбная. Крыху больш за маскі».

Яна дадае, што паводзіны беларускіх уладаў супакойваюць насельніцтва, але «лепш была б умеркаваная паніка».

«Страх спарадзіў бы хоць мінімальны клопат пра сябе і сваё здароўе. Без адэкватных карантынных захадаў працэс можа зацягнуцца і прынесьці вельмі сумныя наступствы. Асабліва калі ёсьць краіны з прыкладамі разьвіцьця гэтай эпідэміі. Для лякалізацыі такіх сытуацыяў трэба дзейнічаць больш жорстка. Чаму не ўводзяць карантын у школах, дзіцячых садках — гэта для мяне загадка».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG