Дысцыплінарны каміэт Фэдэрацыі хакею Беларусі 23 сакавіка дыскваліфікаваў на год 7 хакеістаў, якія ўдзельнічалі ў дамоўным матчы «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў».
Што за матч?
У матчы Экстралігі «Дынама-Маладэчна» — «Магілёў», які праходзіў 12 лістапада, каманда Маладэчна саступіла аднаму з аўтсайдэраў чэмпіянату зь лікам 5:6, хоць выгульвала 5:1.
Хакеісты каманды Сяргей Шэлег, Аляксей Іваноў і Вячаслаў Лісічкін пагадзіліся прагуляць у матчы, залучыўшы ў справу Станіслава Кучкіна, Паўла Баярчука і Аляксандра Сырэя. Пазьней да іх далучыўся Мікіта Усьціненка.
За паразу хакеістам агулам абяцалі ад 7 да 15 тысяч даляраў на ўсіх.
Што выявіла расьсьледаваньне?
Фэдэрацыя хакею прыцягнула да расьсьледаваньня праваахоўныя органы. У выніку ў пракуратуру перадалі справу супраць Іванова, Усьціненкі, Сырэя і Шэлега. Справу супраць яшчэ трох хакеістаў спынілі пасьля пакаяньня.
Пра даты судовага разьбору пакуль не паведамляецца.
Паводле сьледзтва, трэнэр каманды «Дынама-Маладэчна» Ігар Крывашлык асабіста і праз трэціх асобаў зрабіў больш за 20 ставак на матчы Кубку і чэмпіяната Беларусі з удзелам сваёй каманды. Стаўкі Крывашлык рабіў са жніўня да лістапада 2019 году.
Пра тое, што матч будзе дамоўным, ведалі яшчэ тры хакеісты клюба: Арцём Волкаў, Дзьмітры Амбражэйчык і Мікіта Феакцістаў. Яны адмовіліся прайграваць у матчы з «Магілёвам», але і не паведамілі пра дамоўны матч праваахоўнікам.
Як пакаралі хакеістаў?
Паводле рашэньня Фэдэрацыі, на год дыскваліфікавалі і аштрафавалі на 8100 рублёў Шэлега, Усьціненку, Іванова, Кучкіна, Лісічкіна, Сырэя і Баярчука.
Трэнэра Крывашлыка дыскваліфікавалі бестэрмінова.
Хакеістаў Волкава, Амбражэйчыка і Феактыстава аштрафавалі на 1350 рублёў.
Што важна ведаць пра аштрафаваных хакеістаў?
Мікіта Усьціненка выступаў за зборную Беларусі на чэмпіянатах сьвету. У матчах нацыянальнай зборнай удзельнічалі Сяргей Шэлег і Павел Баярчук.
Вячаслаў Лісічкін гуляе ў камандзе кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Хакеісты, якія не паведамілі пра дамоўны матч — Дзьмітры Амбражэйчык, Арцём Волкаў і Мікіта Феакцістаў — таксама выступалі за зборную Беларусі і ўдзельнічалі ў матчах Кантынэнтальнай хакейнай лігі.