Алімпійскі і паралімпійскі камітэты Канады адмовіліся ад удзелу ў летніх Гульнях 2020 году ў Токіё праз пандэмію COVID-19. Пазней пра такое ж рашэньне абвясьціў і алімпійскі камітэт Аўстраліі.
Канада заклікала Міжнародны алімпійскі камітэт (IOC) і Сусветную арганізацыю здароўя (WHO) адкласьці правядзеньне летняй Алімпіяды на адзін год.
«Мы знаходзімся ў разгары глябальнага крызісу ў галіне аховы здароўя, які мае значна большае значэньне, чым спорт», — адзначаецца ў паведамленьні Канадзкага алімпійскага камітэту.
Аўстралійскі камітэт заявіў, што спартоўцы будуць рыхтавацца да Гульняў летам 2021-га, а не 2020-га.
З просьбай перанесьці Алімпіяду ў Токіё з прычыны пандэміі каранавірусу раней звярнуліся ў IOC Нарвэгія і Бразілія.
Днямі кіраўнік IOC Томас Бах распаўсюдзіў ліст, у якім абвясьціў, што рашэньне аб магчымым пераносе летняй Алімпіяды будзе прынята на працягу чатырох наступных тыдняў.
Прэм'ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ, выступаючы 23 сакавіка ў парлямэнце краіны, ня выключыў пераносу тэрмінаў правядзеньня Алімпіяды. Аднак ён, як і IOC, не разглядае магчымасьць адмены Гульняў.
Алімпіяда павінна была адбыцца ў Токіё з 24 ліпеня па 9 жніўня 2020 году.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.