Як перажыць пандэмію каранавірусу, не паддацца панічным настроям, абараніць сябе, пазьбегнуць масавага псыхозу? Чаму Беларусь не абвясьціла карантыну і не закрыла межы, як зрабілі іншыя краіны? Што добрага можна знайсьці ў карантыне?
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе разважае гештальт-тэрапэўт, псыхоляг Дар’я Альпэрн-Каткоўская, якая жыве ў ізраільскім Эйлаце.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«У беларусаў у гэтай сытуацыі не хапае даверу да ўраду»
— У Ізраілі дзейнічаюць пэўныя абмежаваньні: нельга зьбірацца больш за 10 чалавек, выходзіць без патрэбы з дому; дзеці вучацца дыстанцыйна. Як адрэагавалі людзі на гэтыя захады — не абураюцца, не панікуюць?
— Што мне падабаецца ў Ізраілі (і чаго бракуе ў Беларусі) — вельмі дакладны альгарытм дзеяньняў. Кожны дзень а 20-й гадзіне выступае ўрад і расказвае, колькі хворых, што робіцца. Ёсьць адмысловы разьдзел сайту Мінздароўя, дзе публікуюцца ўсе маршруты кожнага чалавека, які захварэў: у якой краме ён быў, у які час. Ты можаш сам праверыць, ці не перасякаўся ты зь ім. Калі высьвятляецца, што быў у адзін час з хворым у краме, трэба засесьці ў карантын.
Усе абмежаваньні ўводзіліся не адразу, а паступова: спачатку адзін сэктар эканомікі закрываўся, потым другі, потым рэкамэндавалі сядзець дома.
Можна адной сям’ёй выходзіць на кароткія прагулкі, але мы ня можам кантактаваць зь іншымі сем’ямі. Забаронныя захады рэальна працуюць. Я выходжу з сабакам два разы на дзень, бачу, што людзей вельмі мала, усе ставяцца з разуменьнем. І ёсьць адчуваньне, што мы ўсе разам, хоць і сядзім па хатах. Гэта дае адчуваньне бясьпекі.
Да таго ж я бачу, што мае сябры, якія не галасавалі на выбарах за гэты ўрад, давяраюць яму, бо сапраўды ўрад расказвае, што робіць, якія будуць наступныя захады, колькі хворых — працуе празрыста і адкрыта. Ёсьць урадавыя SMS, тэлеграм-каналы нават на расейскай мове, калі людзям цяжка чытаць і перакладаць. І мне здаецца, што ў беларусаў у гэтай сытуацыі не хапае даверу да ўраду, адкрытасьці, празрыстасьці. А таксама еднасьці і адчуваньня, чаму і навошта нешта робіцца.
«Уразьлівым людзям раю абмежаваць доступ да эмацыйна нагружаных навінаў, да нэгатыву»
— На думку многіх беларусаў, улады бязьдзейнічаюць. Рэакцыя людзей розная: хтосьці патрабуе тэрмінова абвесьціць карантын, хтосьці скупляе крупы і туалетную паперу, хтосьці самаізалюецца. Як у такой сытуацыі захаваць раўнавагу, цьвярозы розум, не паддацца паніцы?
— Ня трэба панікаваць. Я спакойна стаўлюся да скупляньня харчоў. Гэта проста для таго, каб мінімізаваць паходы ў краму, каб не дакранацца да паверхняў, каб было менш кантактаў.
Калі чалавек шмат трывожыцца, варта абмежаваць чытаньне інтэрнэту і сацыяльных сетак. Там, вядома, ёсьць і каштоўныя парады, аб’ектыўная інфармацыя. Але ўразьліваму чалавеку лепш не чытаць, да прыкладу, колькі памерла ад каранавірусу за апошнія суткі ў Італіі.
Я раю абмежаваць доступ да эмацыйна нагружаных навінаў, да нэгатыву. Варта чытаць парады, карысныя рэчы, а менш гартаць навінавыя сайты.
«Трэба навучыцца расслабляцца: проста трэнаваць прэс, скакаць пад музыку»
— І ўсё ж у стане трывогі, напружаньня як навучыцца расслабляцца?
— Псыхолягі зыходзяць з ідэі еднасьці халізму цела і псыхікі. Калі я не магу расслабіць галаву, таму што там вельмі шмат трывожных думак, найлепшы шлях — рабіць штосьці фізычна.
Калі чалавек сядзіць дома, працуе дыстанцыйна, асабліва калі галаву апаноўваюць змрочныя думкі, трывога — гэты стан адпаведна стварае фізычнае напружаньне цягліц цела. І галоўная задача — любым чынам іх расслабіць: проста трэнаваць прэс, танчыць, скакаць пад музыку. У аднаго ізраільскага гештальт-тэрапэўта ёсьць цудоўнае практыкаваньне, якое называецца «пральная машына», калі трэба цягам 5 хвілін рукамі, нагамі і целам вырабляць тое, што робіць кашуля ў пральнай машыне. Гэтыя хаатычныя рухі здымаюць напружаньне зь цела.
Яшчэ я прапаную сваім кліентам напісаць сьпіс рэчаў, якія яны адкладалі са старшых клясаў, але хацелі зрабіць, чаму хацелі б навучыцца. Можа, у дзяцінстве маці кагосьці не запісала на гурток маляваньня, ці хтосьці хацеў бы навучыцца вязаць кручком. Абавязкова трэба напісаць гэты сьпіс, бо, калі ён занатаваны, лягчэй канцэнтравацца на гэтым. І калі навальваецца паніка, глядзець, што ў гэты момант з напісанага мне цікава і што тут і цяпер можна зрабіць.
І ўвогуле, вяртацца ў «тут і цяпер». Бо трывога — гэта карцінкі, якія пракручваюцца ў нашай галаве і не дакручваюцца да канца, палохаюць сваёй незавершанасьцю: «Што я буду рабіць, калі наступіць гэта?» І тады варта вярнуцца ў сёньня, у цяпер — што я цяпер адчуваю, што ў гэты момант адбываецца навокал і са мной. Такіх практыкаваньняў вельмі шмат, у тым ліку і на Youtube, можна пашукаць.
«Мы рэальна шмат часу сталі праводзіць зь дзецьмі, бо яны дома»
— А ці ёсьць нешта прывабнае ў самаізаляцыі, у працы дыстанцыйна? Бо большасьць усё ж прывыкла працаваць у калектыве.
— Мне цяперашняя сытуацыя якраз падабаецца. У нас сапраўды карантын. Мне, вядома, пашанцавала, бо мая праца дыстанцыйная, шмат маіх кліентаў жывуць за мяжой — у Беларусі, у Эўропе, ЗША.
З другога боку, дзеці дома. Я гляджу на іх і думаю, што яны нам яшчэ дзякуй скажуць за гэты карантын. Мы сапраўды шмат часу сталі быць зь дзецьмі. Мая сяброўка навучыла сваю 6-гадовую дачку чытаць на расейскай мове. Тое, што раней маглі дазволіць толькі па выходных, адбываецца кожны дзень. Мы гуляем у настолкі, мы нешта абмяркоўваем, разам гатуем. Мне вельмі падабаецца, гэта гісторыя збліжэньня.
«Калі эпідэмія скончыцца, эмацыйна, інтэлектуальна мы выйдзем зь яе больш багатымі»
— Праз закрыцьцё межаў усе раптам сталі «невыязнымі». У людзей «завісьлі» адпачынкі, падарожжы, разьбіваюцца мары пра мора. І пакуль невядома, колькі гэта будзе доўжыцца. Як пераканаць сябе, што гэта не канец сьвету?
— Гэта сапраўды не канец сьвету. Скончылася «гішпанка», іншыя пандэміі і эпідэміі. Каранавірус таксама скончыцца. Ёсьць розныя прагнозы: аптымістычны — што гэта да двух месяцаў, пэсымістычны — да двух гадоў.
Я падумала пра тое, што людзі, якія жывуць у Беларусі, вельмі адрозьніваюцца ад беларусаў, якія жывуць за мяжой. У апошнія дні ў мяне было некалькі сэсій з кліентамі, і мы прыйшлі да высновы, што, маўляў, Бог зь ім, з адпачынкам на моры. Больш трывожна не прыехаць летам да бацькоў. Насамрэч найбольшай каштоўнасьцю аказалася не магчымасьць зьезьдзіць у любы момант у Мілян, а не прыехаць у Беларусь «да родных ніў» — прынамсі для беларусаў за мяжой.
А падарожжы будуць. Пакуль можна разабрацца ў сабе — куды я сапраўды хачу. Гэта значыць паехаць не туды, куды ёсьць танныя квіткі, а ажыцьцявіць мару — куды я хацеў бы паехаць найперш.
Калі вяртаесься з пачуцьця трывогі ў нармальны стан, гэта добрая магчымасьць зрабіць самааналіз: а што мне цікава, чым я люблю займацца. І ўвогуле, калі мы «замаруджваемся» — гэта папраўдзе вельмі спрыяльная глеба для самаразьвіцьця, пераацэнкі каштоўнасьцяў, знаходжаньня новых ідэй, жаданьняў.
Я думаю, калі гэтая эпідэмія скончыцца, эмацыйна, інтэлектуальна мы выйдзем зь яе больш багатымі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ