З 2022 году Вольга Бондарава навучалася на дзённым аддзяленьні філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка на спэцыяльнасьці «Беларуская мова і літаратура». Пры гэтым да таго Бондарава часта скардзілася на «гвалтоўную беларусізацыю», называла шэраг беларускіх словаў «польскімі» і змагалася за пашырэньне расейскай мовы ў публічнай прасторы краіны.
26 сакавіка 2025 году Бондараву арыштавалі на 13 содняў паводле «экстрэмісцкага» адміністрацыйнага артыкулу. Муж прарасейскай актывісткі тады пракамэнтаваў для прэсы, што яна «нешта ня тое перапосьціла».
9 красавіка стала вядома, што Бондарава выйшла на волю.
Журналістка «Люстэрка» зьвярнулася ў дэканат філфаку БДПУ пад выглядам калегі Бондаравай, каб пацікавіцца, ці наведвае Вольга заняткі пасьля вызваленьня. Але ў дэканаце ёй адказалі, што Бондараву яшчэ на мінулым тыдні адлічылі з унівэрсытэту за пропуск заняткаў без паважлівай прычыны.
У студзені 2022 году ў Кодэкс аб адукацыі ўлады ўнесьлі зьмены, якія дазволілі адлічваць студэнтаў пасьля адміністрацыйных арыштаў. Падпункт 5.18.1 п. 5 арт. 68 Кодэксу гаворыць, што гэта можна зрабіць «у сувязі з адбываньнем адміністрацыйнага спагнаньня ў выглядзе адміністрацыйнага арышту».
Пасьля пратэстаў 2020 году шмат беларускіх студэнтаў былі адлічаныя ў ВНУ, рэжым Лукашэнкі зладзіў некалькі паказальных судовых працэсаў, адпраўляючы студэнтаў і выкладнікаў за краты. Шэраг маладзёнаў пакінулі ўнівэрсытэты самастойна ў сувязі з вымушанай эміграцыяй, за мяжою многія зь іх працягнулі вучыцца ў іншых ВНУ.
Форум