На пытаньні Цімура Алеўскага для «Настоящего времени» аб распаўсюдзе каранавіруснай інфэкцыі адказаў прэзыдэнт расейскага Таварыства доказнай мэдыцыны, доктар мэдыцынскіх навук Васіль Уласаў.
«Якая частка насельніцтва Зямлі будзе інфікаваная, ніхто ня ведае»
— У сераду САЗ абвясьціў пандэмію. Нешта зьмянілася пасьля гэтага?
— Не, нічога не зьмянілася. У прынцыпе, можна было абвясьціць пандэмію і тыдзень таму, і нават два тыдні таму. Пандэмія — усяго толькі эпідэмія, якая захоплівае досыць вялікую колькасьць краінаў. Цяпер яе фармальна абвясьцілі. Гэта прынцыпова нічога не зьмяняе.
— Якія яшчэ пандэміі існуюць паралельна з гэтай? Або пакуль ніякіх? Грып як пандэмія распаўсюджваецца сёлета ці не?
— Грып амаль кожны год распаўсюджваецца як пандэмія. Але паколькі гэта сэзоннае захворваньне, параўнальна лёгкае, пандэмію абвяшчаюць толькі тады, калі гэтая эпідэмія носіць асабліва вялікія памеры. Наконт грыпу існуюць адпаведныя спэцыяльныя наступствы прыняцьця рашэньня аб тым, што гэта пандэмія. У дачыненьні да гэтай інфэкцыі ніякіх пэўных наступстваў абвяшчэньне пандэміі не нясе.
У сярэдзіне лютага былі надзеі на тое, што эпідэмія лякалізуецца ў Кітаі, а за межы Кітая выйдуць толькі асобныя выпадкі. Але цяпер досыць відавочна, што эпідэмія будзе працяглай. Наколькі працяглай, ніхто ня ведае. Якая частка насельніцтва Зямлі будзе інфікаваная, ніхто ня ведае.
Мы можам толькі гадаць пра тое, наколькі захады стрымліваньня будуць эфэктыўнымі і наколькі пацерпіць эканоміка краінаў. Чым больш актыўныя будуць дзеяньні сыстэмаў аховы здароўя, тым большы будзе шкоды для эканомікі. Але калі ня быць дастаткова актыўнымі, то тады будзе шмат людзей хварэць, шмат паміраць, у рэшце, зноў наступіць вялікая шкода для эканомікі.
«Па-сапраўднаму адэкватных дзеяньняў не паказала ніводная краіна»
— Цяжкі балянс. Што рабіць: абараняцца ад эпідэміі ці абараняцца ад страты грошай? Што таньней?
— Кожная краіна, кожны ўрад выбірае розныя спосабы дзеяньняў. У Расеі традыцыйна пераважае імітацыя. У некаторых краінах, такіх як Ізраіль, пераважае вельмі моцная рэакцыя, залішняя. У Італіі, напрыклад, досыць відавочны пафігізм. Гэта значыць, у залежнасьці ад культуры краіны і стану сыстэмы аховы здароўя, стану эканомікі і працаздольнасьці ўраду сытуацыя складаецца па-рознаму. Падкрэсьлім, што па-сапраўднаму адэкватных дзеяньняў, па-сапраўднаму слушнай гатоўнасьці не паказала ніводная краіна.
— А вы ведаеце, якія сапраўды слушныя? Ці гэта толькі мэтадам спробаў і памылак стане вядома?
— У гэтай галіне ўсё робіцца мэтадам спробаў і памылак, таму што кожны раз зьяўляецца новы вірус. 15 гадоў таму, калі чакалі забойнага птушынага грыпу, у разьвітых краінах цалкам пераканаўча ставілася пытаньне аб тым, што кожная краіна павінна мець плян гатоўнасьці на выпадак зьяўленьня эпідэміі небясьпечнай інфэкцыі. На жаль, у большасьці краінаў гэтага не было зроблена.
— Гляджу на рэакцыю людзей, якія апынаюцца ў карантыне, і ў мяне ствараецца адчуваньне, што ў іх пачуцьцё віны зьяўляецца перад сваімі калегамі, яны хаваюць гэта і іншае. Пачуцьцё віны перашкаджае, прымушае людзей хаваць магчымыя сымптомы да нейкага моманту. Колькі павінна людзей захварэць, каб людзі перасталі саромецца і ставіліся да свайго і чужога здароўя адказна?
— Гэтага ніколі не адбудзецца, але я вельмі спадзяюся, што гэтая эпідэмія дасьць людзям урок. Прынамсі, да гэтага часу мы сутыкаліся з тым, што і ў Расеі, і ў Бангладэш — паўсюль людзі смаркаліся і хадзілі на працу. Вось гэтая звычка — працаваць, быўшы заразным хворым, — яна, можа быць, пасьля гэтай эпідэміі ўжо перастане мець месца.
— У вас ёсьць ваш асабісты прагноз, калі гэта ўсё завершыцца? Хоць бы калі пандэмія завершыцца?
— Я думаю, што спатрэбяцца яшчэ многія месяцы для таго, каб можна было з палёгкай уздыхнуць.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ