Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЗ абвясьціла пандэмію каранавірусу. Што гэта мяняе?


Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла, што пашырэньне каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце «можна ахарактарызаваць як пандэмію».

Як адзначае САЗ, гэтае вызначэньне не мяняе ацэнкі пагрозаў, якія нясе хвароба, а таксама не мяняе дзеяньняў арганізацыі і тое, што варта рабіць асобным краінам.

«Мы ніколі раней ня бачылі пандэміі, выкліканай каранавірусам. І мы ніколі раней ня бачылі пандэміі, якую ў той жа час можна кантраляваць», — заявіў генэральны дырэктар арганізацыі Тэдрас Аданом Гебрэесус.

Пандэміяй называюць эпідэмію хваробы, якая носіць масавы характар і закранае шмат краінаў. Як адзначыў Гебрэесус, за апошнія два тыдні колькасьць выпадкаў новай інфэкцыі па-за межамі Кітаю вырасла ў 13 разоў, а колькасьць закранутых краін павялічылася ўтрая. Цяпер вядома больш чым пра 118 тысяч выпадкаў хваробы ў 114 краінах, а 4,291 чалавек памёр.

Што мяняе абвяшчэньне пандэміі

Прафэсар Найджэл Макмілан з Інстытуту здароўя ў аўстралійскім Куінслэндзе патлумачыў выданьню The Guardian, што абвяшчэньне пандэміі — гэта сыгнал уладам у галіне аховы здароўя ў розных краінах рыхтавацца да дадатковых захадаў, акрамя забароны на падарожжы.

«Сярод гэтага падрыхтоўка нашых шпіталяў да вялікага прытоку пацыентаў, назапашваньне антывірусных лекаў, і інфармаваньне публікі пра тое, што трэба быць гатовымі, калі прыйдзе час, застацца дома ў выпадку хваробы, павялічыць сацыяльную дыстанцыю, пазьбягаць вялікіх збораў людзей і гэтак далей», — кажа Макмілан.

Паводле яго, гэта можа быць самай цяжкай задачай для ўрадаў — заахвоціць людзей памяняць свае паводзіны і абмежаваць кантакты ў выпадку хваробы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG