Аляксандар Лукашэнка адзначыў станоўчую працу беларускіх мэдыкаў у барацьбе з каранавірусам. Пра гэта ён заявіў, прымаючы са справаздачай міністра здароўя Ўладзімера Караніка.
Лукашэнка ўпэўнены, што для панікі з нагоды сытуацыі з каранавірусам COVID-19 «няма ніякіх падставаў».
«Я разумею, што нам удалося спакойна прайсьці гэты пэрыяд. Супакойвацца, вядома, нельга. Але і для панікі ў нас няма ніякіх падставаў», — цытуе Лукашэнку БелТА.
На гэты момент у Беларусі пацьвердзілі 12 выпадкаў COVID-19, але трох пацыентаў (у іх ліку самы першы, студэнт БНТУ з Ірану) зьбіраюцца выпісваць як здаровых ужо на гэтым тыдні.
Ён удакладніў, што яго перш за ўсё хвалюе галоўнае пытаньне — кіравальнасьць сыстэмы.
«Кіравальнасьць заўсёды паказвае сябе і зьяўляецца лякмусавай паперкай у неардынарных выпадках. Нядрэнна працуе сыстэма аховы здароўя, і лекары малайцы», — пахваліў ён мэдыкаў.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ёсьць і недахопы. У прыватнасьці, звярнуў увагу на цэнаўтварэньне пры імпарце мэдабсталяваньня і лекаў, чым злоўжывалі асобныя службовыя асобы.
«Трэба было гэтыя цэны прыводзіць у пачуцьці, ня проста аддаваць рынку на водкуп. Канкурэнцыя — справа добрая, але ўсё ж мы павінны ведаць мінімальныя і максымальныя цэны на тое ці іншае абсталяваньне, асабліва дарагое. Наколькі атрымалася?» — паставіў пытаньне Аляксандар Лукашэнка.
Ён заклікаў не ствараць ажыятаж і не скупляць лекі або мэдычныя маскі, сказаў, што маску варта насіць толькі захварэлым, каб зьнізіць рызыку заражэньня навакольных.
Мінздароўя прапанавала абмежаваць масавыя мерапрыемствы
Міністар здароўя Ўладзімер Каранік ня выключыў, што давядзецца абмежаваць правядзеньне масавых мерапрыемстваў у краіне. Ён заявіў, што ведамства працуе на прафіляктыку — каб не давялося «гасіць успышку», паведамляе тэлеграм-канал Мінздароўя.
«Акрамя таго, вельмі важна, каб грамадзяне, якія прыяжджаюць з-за мяжы, павышалі сваю сьвядомасць. Калі вярнуліся з краінаў, якія ня вельмі спрыяльныя паводле эпідэміялёгіі, здайце тэст, абмяжуйце свае кантакты, не наведваеце старых сваякоў», — заявіў міністар здароўя пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ