Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі спорт і каранавірус: карантын, скасаваньне турніраў, страчаныя ганарары


Стадыён без гледачоў у францускім Кале падчас матчу паміж Бразыліяй і Канадай 10 сакавіка
Стадыён без гледачоў у францускім Кале падчас матчу паміж Бразыліяй і Канадай 10 сакавіка

Алімпійскія гульні ў Японіі могуць адкласьці. У падвешаным стане хакейны чэмпіянат сьвету ў Швайцарыі. Няпэўнасьць вакол футбольнага Эўра-2020. Скасаваны тэнісны топ-турнір у ЗША і гэта ж можа напаткаць этап Кубкаў сьвету ў біятлёне ў Нарвэгіі.

Як цярпіць ад эпідэміі каранавірусу беларускі спорт і ці пагражаюць пустыя трыбуны ўнутраным чэмпіянатам?

Спартовая акрабатыка: дачаснае заканчэньне сэзону?

Станоўчы тэст на каранавірус пацьвердзіўся ў першага беларускага атлета: малады спартовы акрабат вярнуўся са спаборніцтваў на Кубак сьвету ў Партугаліі, адчуў сябе кепска і быў шпіталізаваны ў Гомельскую інфэкцыйную лякарню.

Чалец зборнай, у якога верагодна дыягнаставалі каранавірус, таксама кажа, што ў яго «ўсё добра», але падрабязнай інфармацыі ад лекараў ня мае.

Іншы ягоны калега з каманды ўдакладняе, што ў шпіталь яго забралі ўначы на хуткай дапамозе. «Ем, сплю, мераю тэмпэратуру, — расказаў Свабодзе малады чалавек. — Кнігі, ноўтбук...»

Зь яго словаў, аналіз на каранавірус акрабаты здалі адразу па вяртаньні з Партугаліі.

Вядома, што разам зь ім адным самалётам ляцелі іншыя чальцы каманды. Як расказала Свабодзе галоўны трэнэр нацыянальнай каманды Беларусі ў спартовай акрабатыцы Анжэла Янусік, пад мэдычным наглядам знаходзяцца ўсе спартоўцы зь «першага кола» атачэньня заражанага спартоўца.

Агулам склад мужчынскай і жаночай камандаў, з улікам трэнэраў і адміністратараў, перавышаў два дзясяткі чалавек.

Ці азначае гэта, што пад пагрозай акрабатычны этап Кубку сьвету, заплянаваны на пачатак красавіка ў Баўгарыі?

«Мы ўжо нікуды ня едзем, — пацьвердзіла асьцярогі Анжэла Янусік. — На жаль, для нас этап Кубку сьвету ў Сафіі скончыўся, яшчэ нават не пачаўшыся. Гэта, натуральна, тычыцца толькі зборнай Беларусі, для ўсіх іншых спаборніцтвы не касуюцца».

Футбол: лёсавызначальны матч пры пустых трыбунах?

На 26 сакавіка ў футбольнай зборнай Беларусі заплянаваны выезд у Тбілісі, дзе мусіць адбыцца матч плэй-оф Лігі нацыяў з камандай Грузіі за пападаньне ў асноўную стадыю Эўра-2020. Пераможца супрацьстаяньня згуляе з мацнейшым у пары Косава — Паўночная Македонія.

На трыбуны стадыёну ў Тбілісі, на якім плянуецца гульня зборных Беларусі і Грузіі 26 сакавіка, усе квіткі прададзеныя
На трыбуны стадыёну ў Тбілісі, на якім плянуецца гульня зборных Беларусі і Грузіі 26 сакавіка, усе квіткі прададзеныя

Усе 55 тысяч квіткоў на гульню раскупленыя. Аднак раней міжведамасная каардынацыйная рада Грузіі ў барацьбе з каранавірусам рэкамэндавала скасаваць усе захады ў месцах масавага збору людзей. Ці будзе гэта тычыцца канкрэтнага футбольнага матчу, пакуль не ўдакладняюць, арганізатары чакаюць парады ад мэдыкаў. Пры гэтым нацыянальны чэмпіянат прыпынены да 1 красавіка.

Пры ўдалай гульні беларусы маюць унікальны шанец упершыню ў гісторыі трапіць на топ-турнір. У гонар 60-годзьдзя UEFA чэмпіянат Эўропы мяркуюць правесьці адразу ў 12 краінах. Прычым матч-адкрыцьцё паміж зборнымі Турэччыны й Італіі мае прайсьці 12 чэрвеня ў Рыме. Пакуль што Зьвяз эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў заклікае ўрады забясьпечыць правядзеньне Эўра-2020, нягледзячы на пашырэньне каранавірусу.

19 сакавіка стартуе чарговы чэмпіянат Беларусі ў футболе. У Беларускай фэдэрацыі футболу кажуць, што не разглядаюць магчымасьці пераносіць першынство або праводзіць матчы без гледачоў, бо Міністэрства аховы здароўя не абвяшчала эпідэмічную сытуацыю. Але калі будзе агульнае рашэньне, давядзецца падпарадкоўвацца.

Матчы за Супэркубак 4 сакавіка і чвэрцьфіналы Кубку Беларусі 9–10 сакавіка прайшлі без усялякіх абмежаваньняў для заўзятараў.

Зрэшты, як у гэтым зьвязку трапна пажартаваў журналіст «Прессбола» Сяргей Южык, беларускаму футболу каранавірус дакладна не пагражае, бо гульні і без таго праходзяць пры паўпустых трыбунах.


Алімпіяда-2020: разьлік на спад эпідэміі ў Азіі?

Няпэўная сытуацыя застаецца вакол летняй Алімпіяды-2020 у Токіё. Прадстаўнікі выканаўчай рады аргкамітэту Гульняў не выключаюць, што іх могуць перанесьці на год ці два, калі ня ўдасца правесьці іх сёлета праз эпідэмію каранавірусу.

Раней магчымасьць правесьці летнюю Алімпіяду-2020 без гледачоў абмяркоўвала Ўсясьветная арганізацыя здароўя. Аднак, паводле арганізатараў, фінансавыя страты ад правядзеньня спаборніцтваў без заўзятараў занадта вялікія.

Пакуль што ўлады Японіі і Міжнародны алімпійскі камітэт заяўляюць, што ня думаюць пра скасаваньне або перанос спартовай імпрэзы.

Нацыянальны стадыён у Токіё
Нацыянальны стадыён у Токіё

Тым ня меней Нацыянальны алімпійскі камітэт Грэцыі прыняў рашэньне правесьці цырымонію запальваньня агню летняй Алімпіяды 12 сакавіка без гледачоў.

Ці ёсьць сэнс праводзіць Алімпіяду, калі на трыбунах ня будзе гледачоў? Беларуская гімнастка і трэнэр, сябра камісіі Міжнароднай фэдэрацыі мастацкай гімнастыкі, алімпійская мэдалістка Любоў Чаркашына спадзяецца, што да радыкальных захадаў усё ж ня дойдзе.

«Думаю, усе, хто залучаны ў падрыхтоўку да спаборніцтваў, адказна ставяцца да справы. Адпаведна, МАК знойдзе варыянт, каб усё было бясьпечна. Казаць пра перанос датаў — толькі працягваць навінавыя ўкіды, разьдзімаць і без таго нэрвовую сытуацыю. Проста, як і ўсякай заразе, гэтай таксама трэба даць час».

Хакей: беларуская альтэрнатыва Альпам?

Для менскага «Дынама» сэзон у Кантынэнтальнай лізе скончыўся датэрмінова і бясслаўна — упершыню апошняе месца і рэкорд у прапушчаных шайбах. Унутраны чэмпіянат якраз фінішуе. Ніякага дыскамфорту ад навінаў пра каранавірус ні гульцы, ні аматары хакею пакуль не адчулі.

А вось галоўны хакейны турнір году пакуль пад пытаньнем. Прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль не выключае пераносу травеньскага чэмпіянату сьвету з Швайцарыі — канчаткова усё вырашыцца ў першай палове красавіка. Турнір заплянаваны з 8 па 24 траўня ў двух гарадах краіны — Цюрыху і Лязане.

У сувязі з эпідэмічнай пагрозай швайцарскі ўрад забараніў праводзіць публічныя імпрэзы, у тым ліку спартовыя, з аўдыторыяй больш за 1000 чалавек. Пакуль абмежаваньне дзейнічае да 15 сакавіка, але тэрміны могуць падоўжыць.

Раней IIHF абвясьціла пра скасаваньне юніёрскіх чэмпіянатаў сьвету (гульцы, не старэйшыя за 18 гадоў) у групах А і В другога дывізіёну (Талін, 22–28 сакавіка, і Сафія, 23–29 сакавіка), а таксама ў групах А і В трэцяга дывізіёну (Стамбул, 16–22 сакавіка, і Люксэмбург — з 29 сакавіка да 4 красавіка).

У жанчын скасавалі сусьветныя першынствы ў групе В першага дывізіёну (польскія Катавіцы з 28 сакавіка па 3 красавіка) і групы А другога дывізіёну (гішпанская Хака з 29 сакавіка па 3 красавіка).

Рэнэ Фазэль не выключаў, што ў разе неабходнасьці падставіць плячо могуць Беларусь ці Расея, аднак намесьнік старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Сяргей Ганчароў параіў дачакацца паседжаньня камітэту Міжнароднай фэдэрацыі хакею, на якім пытаньне і будуць абмяркоўваць.

Беларусь разам з Латвіяй прымуць хакейны чэмпіянат сьвету 2021 году. Дагэтуль аналягічныя спаборніцтвы праходзілі ў Менску ў 2014-м. У Расеі сусьветнае першынство заплянавана на 2023 год.

Гандбол: гатовыя да радыкальнай прафіляктыкі?

Буйныя спаборніцтвы касуюць ці праводзяць без гледачоў практычна ўва ўсім сьвеце. Так, перанесены на няпэўны час тэнісны топ-турнір у амэрыканскім Індыян-Уэльсе, на які сярод іншых былі заяўленыя і наймацнейшыя беларускія спартоўцы.

У чэскім Новым Месьце без гледачоў прайшоў чарговы этап Кубку сьвету ў біятлёне — зрэшты, беларускім заўзятарам хоць не давялося стаць сьведкамі фіяска землякоў.

Наступны этап у нарвэскім Холмэнколэне, заплянаваны на 21 сакавіка, можа быць скасаваны наагул.

Масава прыпыняюць або праводзяць без гледачоў цэлыя туры футбольных чэмпіянатаў у Італіі, Ангельшчыне, Гішпаніі. UEFA нават не выключае паўзы ў эўракубках — Лізе чэмпіёнаў і Лізе Эўропы.

У Беларусі абмежаваньняў для спартоўцаў і заўзятараў пакуль няма. Нядаўні чэмпіянат Эўропы ў біятлёне і наступны этап Кубка IBU ў Раўбічах прайшлі ў прысутнасьці гледачоў. Баскетбольныя, гандбольныя, валейбольныя ды іншыя першынствы адбываюцца ў звыклым фармаце. Іншая рэч, што глядацкі інтарэс, як правіла, сьціплы, людзей зьбіраецца няшмат.

Гулец нацыянальнай зборнай Беларусі ў гандболе, левы крайні менскага клюбу СКА Іван Броўка кажа, што гатовы для любога разьвіцьця падзеяў, паколькі здароўе — гэта самае важнае.

«Пакуль усё ціха, ніхто нічога не гаворыць — трэніруемся, працуем у звычайным рэжыме, — сказаў ён Свабодзе. — Але, гледзячы на тое, што адбываецца ў Эўропе, ня будзе дзіўным, калі і ў нас раней ці пазьней абмяжуюць ня толькі доступ гледачоў на арэны, але і самі гульні адменяць. Па вялікім рахунку, стаўлюся да гэтага пазытыўна: калі ёсьць небясьпека заражэньня, чаму лішні раз не перастрахвацца? Бясьпека спартоўцаў, заўзятараў павінны быць на першым месцы».

Більярд: пэрспэктыва вяртаньня кітайскіх турніраў?

Церпяць ад навалы і спартоўцы, якія не адносяцца да ліку культавых дысцыплінаў на радзіме, але запатрабаваныя за мяжой. Напрыклад, у більярдзе. Чэмпіёнка сьвету ў камандным першынстве па снукеры, чэмпіёнка Эўропы ў пуле («амэрыканка») Яна Шут мае шэраг спонсарскіх кантрактаў з кітайскімі кампаніямі — у гэтай краіне сапраўдны більярдны бум.

Аднак праз каранавірус яна ўжо вымушана прапусьціла некалькі значных турніраў, якія адмянілі ці адтэрмінавалі. Праўда, калі ў Эўропе пік захворваньняў яшчэ ня пройдзены, у Азіі эпідэмія паступова ідзе на спад. І гэта дае спадзеў на аднаўленьне прафэсійнай актыўнасьці, кажа спартоўка.

«Апошні раз я была ў Кітаі ў канцы мінулага сьнежня. Зьбірался вяртацца ў студзені, але якраз пачалася паніка з каранавірусам. Босы папярэдзілі, што ехаць ня трэба: распусьцілі работнікаў, усё пазакрывалі і зьехалі на Тайвань. У сакавіку мусіў адбыцца чэмпіянат сьвету па кітайскай „васьмёрцы“ — яго адмянілі наогул. А вялікі турнір па снукеры з красавіка перанесьлі на няпэўны тэрмін. Нядаўна размаўляла, спонсары абнадзеілі, што да канца наступнага месяца ў Кітаі ўсё будзе ў парадку. Іншымі словамі, пакуль у Эўропе толькі пачынаецца, там хвароба ідзе на спад».

Ад вонкавых прычынаў пацярпелі і бізнэс-пляны чэмпіёнкі. Разам з мужам, таксама пулістам з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Рычардам Хэлідэем, яны зьбіраліся адкрыць уласны більярдную школу ў Менску. Аднак замоўленыя ў Кітаі сталы «завісьлі» на паўдарозе, а праз тое, што арандаванае памяшканьне так і не пачало функцыянаваць, ёсьць пагроза яго страціць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG