Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набажэнстваў не скасоўваюць, абразы дэзынфікуюць. Як Царква і Касьцёл рэагуюць на каранавірус


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларускай праваслаўнай царкве і Рымска-каталіцкім касьцёле ў Беларусі паведамілі, што пакуль не скасоўвалі масавых набажэнстваў і ня ўводзілі нейкіх асаблівых абмежаваньняў.

Прадстаўнік сынадальнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату пратаярэй Яўген Грамыка сказаў карэспандэнту Свабоды, што пакуль ніякіх рашэньняў у сувязі з сытуацыяй з каранавірусам не прымалі.

«Аднак прынятая заява Сьвяшчэннага сыноду РПЦ ў сувязі з каранавірусам. Я думаю, мы будзем карыстацца тым, што напісана ў гэтай заяве». — сказаў ён.

У заяве сказана, што ў прыходах і манастырах павінны «пасьлядоўна і няўхільна» захоўваць санітарна-гігіенічныя захады прафіляктычнага характару, асабліва ў рэгіёнах зь цяжкай эпідэміялягічнай сытуацыяй. Сярод захадаў значыцца «шырэйшае ўжываньне санітарных вадкасьцяў для дэзынфэкцыі ківотаў абразоў, да якіх прыкладаюцца вернікі, выкарыстаньне аднаразовых кубачкаў для запіваньня».

У выпадку пашырэньня ў канкрэтным рэгіёне каранавіруснай інфэкцыі могуць стасавацца дадатковыя прафіляктычныя захады, узгодненыя з царкоўным кіраўніцтвам.

Паводле айца Яўгена, у Беларусі каранавірусная інфэкцыя яшчэ ня мае вялікага маштабу і таму «ніякіх рашэньняў пакуль не прымалася».

Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько кажа, што пакуль сытуацыя ў Беларусі з каранавірусам «спакойная», таму масавых набажэнстваў скасоўваць ня будуць.

«Вядома, мы заахвочваем да індывідуальнай гігіены, да больш уважлівых адносін адзін да аднаго. Была заява мітрапаліта, і нейкіх дадатковых захадаў мы не прадугледжвалі. І мы заахвочваем да малітвы», — сказаў ён.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў «захоўваць спакой, выконваць распараджэньні пастыраў, рэкамэндацыі лекараў і асабліва дбаць пра захаваньне адпаведных санітарных нормаў».

21 сакавіка ў Чырвоным касьцёле ў Менску плянуецца правесьці міжрэлігійную малітву, у якой возьмуць удзел каталікі, праваслаўныя, грэка-каталікі, пратэстанты, лютэране, юдэі; таксама запрашэньне накіравалі мусульманам.

«Будзем маліцца, каб Госпад захаваў Беларусь, наш народ ад эпідэміі каранавірусу, будзем маліцца за лекараў, мэдыцынскі пэрсанал, які робіць усё для перадухіленьня гэтай небясьпекі», — сказаў ксёндз Юры.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG