Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ўсё ж — Літва ці Летува?


Бераг Нёмана ў Коўне, фота ©Shutterstock
Бераг Нёмана ў Коўне, фота ©Shutterstock

Я цалкам згодны зь Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Шупам: галоўнае, на што нам усім трэба зьвярнуць пільную ўвагу, — гістарычная адукацыя. Я таксама за тое, каб з суседзямі жыць мірна, абмяркоўваць вострыя пытаньні, прыходзіць да паразуменьня, да пагадненьня, але, падкрэсьлю, да гэтага мусяць імкнуцца абодва бакі. Сёньня ўжо мала хто ўспамінае пра спробу такога пагадненьня ў Гервятах чвэрць стагодзьдзя таму. Каротка нагадаю. Там сабраліся беларускія і летувіскія гісторыкі і дамовіліся лічыць Вялікае Княства Літоўскае агульнай спадчынай: вы, маўляў, можаце называць гэтую дзяржаву «літоўска-беларускай», а мы будзем называць «беларуска-літоўскай». Гэткае джэнтэльмэнскае пагадненьне. І што з гэтага выйшла? Беларускія навукоўцы цьвёрда трымаліся дамоўленасьці, і гэта знайшло сваё ўвасабленьне ў падручніках і энцыкляпэдыях. А вось летувісы зрабілі выгляд, што ні пра што ні з кім не дамаўляліся.

Былі і іншыя сустрэчы — круглыя сталы, канфэрэнцыі пад умоўным назовам «Рым», у якіх бралі ўдзел навукоўцы з тых краін, што калісьці складалі абшар Рэчы Паспалітай, — Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны. Арганізатары іх ставілі за мэту дасягненьне ўзаемаразуменьня і збліжэньне пазыцый у асьвятленьні гісторыі. Але насуперак гэтаму летувіска-беларускія рознагалосьсі ўсё больш і больш паглыбляліся. Урэшце пад час канфэрэнцыі ў Троках дайшло да скандалу. Летувісы — з трыбуны і ў друку — абвінавацілі беларусаў, што тыя прэтэндуюць на «іхныя» летапісы і статуты. На гэтым праект «Рым» скончыў сваё існаваньне, далей проста не было сэнсу зьбірацца.

Дык чыё Вялікае Княства? Калісьці ў 1991 годзе, яшчэ за саветамі, як я рыхтаваў да выданьня кнігу Івана Саверчанкі «Канцлер Вялікага Княства», сустрэліся мы ў выдавецтве «Навука і тэхніка» зь яе навуковым рэдактарам Анатолем Грыцкевічам. Акрамя заўваг і пажаданьняў, выкладзеных у водгуку на рукапіс, было адно пажаданьне, выказанае вусна: «Думаю, ня варта пісаць, што Вялікае Княства Літоўскае — беларускае гаспадарства». — «Чаму?» — «Не пара яшчэ», — адказаў спадар Анатоль.

Калі ў 1993 годзе выйшла з друку кніга «100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі», мой старэйшы сябар Арсень Ліс, вельмі заслужаны для нашай навукі і культуры чалавек, павіншаваўшы з гэтай падзеяй, мякка заўважыў: «Толькі вось зь Вялікім Княствам вы, здаецца, трохі перабралі меру. Ці варта было так?» На гэты сумнеў я адказаў пытаньнем: «А калі б Сталін не аддаў Вільню, калі б яна засталася ў складзе Беларусі, як бы тады трактавалася Вялікае Княства? Як вы думаеце?» — «Бясспрэчна як беларуская дзяржава! Тут і сумнявацца не даводзіцца». — «Дык што ж выходзіць, палітычныя маніпуляцыі дыктатараў дваццатага стагодзьдзя перайначваюць даўнейшую гісторыю? Яна ж ужо адбылася!» — «Так, маеце рацыю», — пагадзіўся калега.

Гістарыяграфія, як і кожная навука, павінна мець дакладна вывераны тэрміналягічна-паняцьцевы апарат. Неадназначнасьць, недастатковая акрэсьленасьць, двухсэнсоўнасьць ствараюць глебу для непаразуменьняў і спэкуляцый. Неспарадкаваная тэрміналёгія — «кульгавая» навука. Беларускім гісторыкам яшчэ шмат трэба зрабіць на гэтым абсягу, бо даўно ўжо пара адмовіцца ад звычкі глядзець на сваю гісторыю праз чужыя акуляры. На жаль, дасюль яшчэ сьледам за палякамі нашы дасьледнікі называюць, напрыклад, міжваенную Польшчу «Другой Рэччу Паспалітай» (хоць даўнейшая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў не была польскай дзяржавай), Жыгімонта Старога ці якога іншага манарха завуць нашым «каралём» (хоць мы мелі толькі аднаго караля — Міндоўга), а зусім нядаўна, сьледам за расейцамі, яшчэ ўжывалі, а зрэдчас і цяпер ужываюць, тэрміны «дамангольскі пэрыяд» і «старажытнаруская народнасьць».

Тое самае і зь Літвою. Добра, калі яшчэ ўдакладняюць: «летапісная Літва», «Літва (у этнаграфічным значэньні слова)», «гістарычная Літва» або «Літва ў сучасным значэньні». Але, бывае, і гэта не ратуе, бо ня будзеш жа кожнага разу тлумачыць, якое паняцьце ўкладваецца ў слова, і часам атрымоўваецца проста блытаніна. За саветамі, калі нашым гісторыкам нельга было пісаць пра Вялікае Княства Літоўскае, гэтай праблемы, зразумела, не існавала. Цяпер жа разьвязаньне яе стала дужа актуальным. Так што тэрміналягічнае размежаваньне Літвы гістарычнай і сучаснай (Летувы) — настойлівае патрабаваньне часу. Менавіта гэта, на мой погляд, і дасьць шанец паразумецца беларускім і летувіскім гісторыкам. Хацелася б, каб нашыя суседзі адчулі, што так, як было, ужо ня будзе. Чым хутчэй яны гэта ўсьвядомяць, тым лепей для ўсіх.

Нашы летувіскія апанэнты, як і аўтары нататкі, сьмяюцца зь нібыта недарэчнай канструкцыі слова «летувіскі», дзе канчатак становіцца суфіксам. А між тым вось ужо больш за тры чвэрці стагодзьдзя ў Беларусі пішуць «Вільнюс» і вытворнае ад яго «вільнюскі». Я ніколі ня чуў, каб у Летуве сьмяяліся з гэтага. Выпадак жа абсалютна аналягічны: Вільнюс — вільнюскі, летувіс — летувіскі. Усё як там: і слова ўзятае жыўцом з чужой мовы, і прыметнік утвораны паводле той самай мадэлі, і канчатак зрабіўся суфіксам. Дык чаму ж не чуваць пратэстаў, адкуль такая непасьлядоўнасьць? Адказ ляжыць на паверхні.

Тут варта яшчэ сказаць, што захаваньне канчаткаў у пазычаных словах — звычайная зьява. Згадайма, напрыклад, лексыку, што прыйшла ў нашую мову з грэцкай (апакаліпсіс, базіс, крызіс, тэзіс, Ахілес, Геркулес, Ісус) або з лаціны (кансэнсус, полюс, статус, узус, калегіюм, кворум, форум). Скланяючы гэтыя словы, мы да чужых «закансэрваваных» канчаткаў дадаём яшчэ свае. І такой лексыкі ў нас даволі багата.

Што да націскаў. Усё ж нашмат часьцей у нас гавораць не Лету́ва, а Летува́. Такое вымаўленьне знаходзіць сваё пацьверджаньне ў перакладзе афіцыйнага гімна Летувы на расейскую мову, зробленым яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагодзьдзя: «Летува, отчизна наша, ты — земля героев...» А словы «летуві́с» і «летуві́скі» зафіксаваныя менавіта ў такой форме «Вялікім слоўнікам беларускай мовы» Фёдара Піскунова (2012), які грунтаваўся на практыцы маўленьня.

Для падмацавання сваёй пазыцыі аўтары паклікаюцца на «Ангельска-беларускі слоўнік» Валянтыны Пашкевіч, выдадзены ў 2005 годзе пад рэдакцыяй Сяргея Шупы. Адзначаюць пры гэтым, што мовазнаўцы, якія зьберагалі міжваенную клясычную традыцыю, не сумняваліся, як завецца суседняя дзяржава. Мушу сказаць, што Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа пасьпяшаліся з такім абагульненьнем: у «Беларуска-францускім слоўніку» Льва Гарошкі (неапублікаваным) ёсьць і «Летува», і «летувіс», і «летувіскі».

У кожнай мове свае асаблівасьці, у кожнага народу свае традыцыі. Жонка майго калегі Саткаўскаса, беларуска, запісаная ў тутэйшым ЗАГСе на прозьвішча Саткаўскас. Гэты казус выклікае вясёлы сьмех у ягонай радні: «Як гэта — жанчына, а прозьвішча мужчынскае?!» А ў Беларусі ніхто з гэтага не сьмяецца. Гэтаксама і нам дзіўна чуць пра жанчыну ў Нямеччыне з прозьвішчам, напрыклад, «Камінскі». А немцы гэта ўспрымаюць як належнае.

Аўтары, відаць, мяркуюць, што зьняважлівыя выразы, закліканыя паказаць невуцтва ды інфантыльнасьць апанэнтаў («некампэтэнтная імправізацыя», «словы-калекі», «словы-монстрыкі», «дзіцячыя комплексы», «лінгвістычныя выбрыкі»), разам з прыдуманай імі мянушкай «летувісты» пераканаюць публіку лепей за аргумэнты. Дарэмна. Гэта сьведчыць толькі пра іх слабую пазыцыю. «Летува» і «летувіс» — не беларуская выдумка. Гэта саманазоў краіны і народу, а «летувіскі» — прыметнік, утвораны паводле законаў нашай мовы.

Але справа, зразумела, не ў канчатках і суфіксах. Справа ў тым, што летувісы хочуць захаваць знак роўнасьці паміж гістарычнай Літвой і сёньняшняй Летувой, а нам у той Літве пакінуць ролю падсуседзяў-кватарантаў, пра якіх можна і ня згадваць. То бок пакінуць усё так, як было дасюль.

У гэтым ім надта спрыялі і спрыяюць расейцы. Масква зрабіла Летуве два вельмі дарагія падарункі: першы — у 1939 годзе, калі аддала, забраўшы ў нас, Вільню; другі — у 1995 годзе, калі арганізавала праз сваю агентуру ў Беларусі рэфэрэндум дзеля замены сымболікі. Такога шчасьця нашыя суседзі не чакалі. І калі ў нас зрынаньне Пагоні выклікала душэўны боль, дык там з нагоды гэтай неспадзяванкі, пэўна ж, шмат на якіх бяседах зьвінелі келіхі.

Не сумняваюся, што ў Летуве нямала нашых сымпатыкаў. Ёсьць і сярод летувіскіх навукоўцаў людзі зь цьвярозым поглядам на гісторыю, якія бачаць, куды, у які тупік, завяла мітатворчасьць. Але не яны вызначаюць, як цяпер модна казаць, мэйнстрым іхнай гістарыяграфіі.

Усіх нешта «напружвае». Летувісаў, як пішуць Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа, нямала напружваюць «недарэчныя» тэрміны ў беларускай мове. Шмат каго з палякаў дагэтуль напружвае тое, што «kresy wschodnie» належаць ня ім. Ну а расейцаў увогуле напружвае тое, што мы асобная краіна. Дык што, пад усіх будзем падладжвацца? Не! Лічацца з тым, хто голасна заяўляе пра свае законныя правы, а ня з тым, хто, утуліўшы галаву ў плечы, азіраецца на суседзяў: «Ці тое сказаў я?», «Ці не пакрыўдзіў каго?», «Ці не глядзіць хто коса на мяне?» Дыпляматыя патрэбная, але ня коштам нацыянальных інтарэсаў.

Даўняя гісторыя Летувы — велічны замак, які захапляе чужаземцаў сваім хараством. Падумаць толькі: нешматлікі народ, які да сярэдзіны шаснаццатага стагодзьдзя ня меў пісьменнасьці, здолеў стварыць багатую культуру і магутную дзяржаву ад мора да мора! Сапраўды, ёсьць чым захапляцца... Ды вось праблема: замак гэты пабудаваны на пяску. Можна, вядома, спадзявацца, што пясок зьлежыцца, сцэмэнтуецца і з часам стане трывалым падмуркам. Але можа і ня зьлежацца, калі яго падмые шчыры струмень крынічнай вады, схаваны пад напластаваньнямі мітаў, паўпраўды і замоўчваньня.

Аўтар — галоўны рэдактар выдавецтва «Тэхналёгія»

Зьміцер Санько

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG