Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму трэба казаць і «Літва», і «Летува». Аргумэнты гісторыка Алеся Краўцэвіча


Выстава Замкі ВКЛ, Горадня, Крэўскі замак
Выстава Замкі ВКЛ, Горадня, Крэўскі замак

Філёлягі Вінцук Вячорка і Сяргей Шупа выступілі з даволі катэгарычнай прапановай да беларусаў адмовіцца ад ужываньня тэрміна «Летува». Мяркую, чытачам цікава будзе паслухаць і чалавека, які мае гістарычную адукацыю і займаецца гэтай тэмай.

Паколькі займаюся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, то натуральным было паспрабаваць разабрацца, наколькі правамерным з навуковага пункту гледжаньня зьяўляецца ўжываньне першага і другога тэрміну, а магчыма, і двух адначасова.

Пачаць трэба з вывучэньня эвалюцыі паняцьця «Літва» ад моманту ягонай першай згадкі ў пісьмовых крыніцах да сёньняшняга дня. Гэты тэрмін на працягу II-га тысячагодзьдзя перацярпеў значныя зьмены як у геаграфічна-тэрытарыяльным, так і этнічным ягоным напаўненьні.

Вядомыя тры асноўныя значэньні паняцьця «Літва»:

  1. Палітычнае — абазначэньне дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага
  2. Тэрытарыяльнае — абазначэньне цэнтральнай вобласьці — ядра ВКЛ
  3. Этнічнае

Напачатку, у XI — XII ст. асноўным было этнічнае напаўненьне тэрміну, калі ім абазначалася пэўная этнічная агульнасьць і адначасова тэрыторыя прыблізна ў сярэднім цячэньні Віліі, якую тая супольнасьць займала. Аднак па меры ўсходнеславянскай (крывіцкай і дрыгавіцкай) калянізацыі балцкіх земляў этнічнае і тэрытарыяльнае напаўненьне тэрміну паступова зьмянялася.

«Літвой» ва ўсходнеславянскіх, а потым і іншых эўрапейскіх крыніцах пачалі называць зьмешаную балта-славянскую тэрыторыю ў верхнім і сярэднім басейне Нёмана. Калі ж у гэтым рэгіёне ў сярэдзіне XIII ст. узьнікла новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае, то гэтае тэрытарыяльнае напаўненьне тэрміну на доўгі час (шэсьць стагодзьдзяў) выступіла на першае месца і стала асноўным.

Суседзі як блізкія так і далёкія Літвой называлі ўсё ВКЛ, але ў межах самой дзяржавы «Літва» — то менавіта Верхняе і Сярэдняе Панямоньне — цэнтральная вобласьць дзяржавы, якая «адрозьнівалася ад усіх астатніх абласьцей ў палітыка-геаграфічных адносінах» (цытата з Мацея Любаўскага).

У другой палове 20 ст. дасьледчыкі, найперш польскі Ежы Ахманьскі, а потым беларускі Міхаіл Сьпірыдонаў акрэсьлілі яе дакладныя межы на XVI ст. У агульных рысах яна складалася з сёньняшніх Гарадзеншчыны, Віленшчыны, Наваградчыны і заходняй Меншчыны, г. зн. большую частку гэтай «гістарычнай Літвы» складалі этнічна беларускія тэрыторыі. Менавіта такое напаўненьне тэрміна «Літва» прысутнічае ў агромністым масіве дакумэнтальнай спадчыны ВКЛ.

Аднак гэтая акалічнасьць упарта (не магу знайсьці іншага акрэсьленьня) ігнаруецца многімі гісторыкамі, у тым ліку і беларускімі. Прычына — прыпісваньне спадчыны ВКЛ амаль выключна існуючай сёньня балцкай краіне, якая мае саманазву Летува (Lietuva). Нацыянальны рух у гэтай краіне аказаўся мацнейшым і больш эфэктыўным, чым беларускі. Зьбег міжнародных абставінаў паспрыяў стварэньню гэтым рухам уласнай дзяржаўнай арганізацыі і захаваньню яе на працягу ўсяго пэрыяду паміж дзьвюма ўсясьветнымі войнамі.

Тады летувісы прысвоілі сабе гісторыю ВКЛ, у якім яны складалі нязначны адсотак, а іх мова ня мела ніякага дзяржаўнага ўжытку. Беларусам пасьля першай усясьветнай вайны не ўдалося абараніць сваю дзяржаву БНР, а ў межах квазідзяржавы БССР аказалася немагчымым разьвіцьцё ўласнай нацыянальнай гістарыяграфіі. У Савецкім Саюзе па ідэалягічных прычынах уся гісторыя ВКЛ была залічаная да спадчыны Летувы.

Адсюль паходзяць дзіўныя непаразуменьні, клясячным прыкладам якіх зьяўляецца аналіз попісу войскаў ВКЛ XVI ст. Усе фэадалы, якія прыбывалі ў войска з цэнтральнай вобласьці ВКЛ — «Літвы», аўтаматычна лічыліся летувісамі. У слынным поклічы Адама Міцкевіча «Litwo, Ojczyzno moja!» таксама бачаць сучасную этнічную Літву, не разумеючы, што паэт казаў пра беларускую Наваградчыну — частку Літвы гістарычнай.

Таксама ў іншых незьлічоных выпадках, калі ў дакумэнце часоў ВКЛ гаворка ідзе пра Літву ці ліцьвінаў, гісторыкі, а тым больш недасьведчаныя чытачы іх працаў, лічаць, што маецца на ўвазе менавіта сёньняшняя балцкая Летува і этнічныя летувісы.

Такім чынам з простай сугучнасьці тэрмінаў вынікае мэханічная падмена сэнсу, менавіта замена тэрытарыяльна-геаграфічнага напаўненьня тэрміну напаўненьнем этнічным.

Гэта ня толькі блытаніна паняцьцяў, але адначасова падстава да неадэкватнага разуменьня мінулага як у масавай сьвядомасьці, так і сярод спэцыялістаў.

Зыходзячы з прыведзеных фактаў, бачыцца цалкам апраўданым і нават неабходным выкарыстаньне двух розных тэрмінаў «Літва» (ліцьвіны) — для абазначэньня гістарычнай Літвы і «Летува» (летувісы) — для акрэсьленьня сучаснай краіны — паўночнага суседа Беларусі«.

На заключную мантру спадароў-філёлягаў — «адчуйма сябе прадстаўнікамі сьпелай эўрапейскай нацыі, сьвядомай сваёй гісторыі, пазбаўленай дзіцячых комплексаў» магу адказаць усходняй прымаўкай: «Хоць сто разоў вымаві слова „халва“, у роце соладка ня стане». Мы на нашую рэальную (не вэрбальную) «халву» яшчэ толькі зарабляем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG