590 год таму Вялікае Княства Літоўскае магло стаць каралеўствам. У 1429 годзе імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі адправіў у Вільню дзьве кароны: для Вітаўта Вялікага і ягонай жонкі Ўльляны. Вітаўт кароны не дачакаўся, і краіна засталася ў статусе Вялікага Княства. Мы папрасілі гісторыка Васіля Вароніна расказаць пра ўсе шанцы ВКЛ стаць каралеўствам. Іх было больш, чым вы думаеце.
Як сярэднявечная краіна магла стаць каралеўствам?
Зрабіць дзяржаву каралеўствам у сярэднявечнай Эўропе маглі толькі два чалавекі: Папа Рымскі альбо імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі. Гэта значыць, што каралём мог стаць толькі ўладар-хрысьціянін. Прычым не абавязкова каталік. У 1253 годзе карону ад Папы Рымскага атрымаў праваслаўны князь Даніла Галіцкі.
Другая ўмова — гэта статус, веліч і аўтарытэт сярод суседзяў.
«У сярэдзіне XIII стагодзьдзя Вялікае Княства Літоўскае было магутнай дзяржавай, добра вядомай у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе», — расказвае Свабодзе Васіль Варонін, загадчык аддзелу гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук.
Апошняя хваля ўзьнікненьня новых каралеўстваў у Эўропе прыпадае на XIII стагодзьдзе. У гэты час каралеўствамі сталі Баўгарыя, Сэрбія, Русь Данііла Раманавіча. У гэты ж час каралеўствам стала і Літва.
Спроба І. Чаму на месца караля Міндоўга не прыйшоў літоўскі прынц?
У 1253 годзе заснавальнік Вялікага Княства Літоўскага Міндоўг атрымаў ад папы Рымскага тытул караля. Гэта здарылася толькі пасьля таго, як у 1251 годзе ён перайшоў з паганства ў каталіцтва.
Чаму Міндоўг змог атрымаць карону? Як тлумачыць Васіль Варонін, найперш таму, што ў кароне былі зацікаўленыя і Міндоўг, і папа Рымскі. На Міндоўга на той момант напіралі Лівонскі ордэн — з паўночнага захаду і Галіцка-Валынскае княства — з поўдня. Папа Рымскі, у сваю чаргу, быў моцна зацікаўлены, каб ахрысьціць апошнюю паганскую краіну Эўропы — Літву.
«Для Міндоўга статус караля нёс у першую чаргу прэстыж. Гэта роўнае становішча зь іншымі каралямі Эўропы», — кажа Васіль Варонін.
І хоць Міндоўг стаў каралём, але выраз «Каралеўства Літва» ў гістарычных крыніцах практычна не выкарыстоўваецца. Васіль Варонін тлумачыць гэта тым, што ў Сярэднявеччы ўлада была моцна пэрсаніфікаваная.
«Спачатку тытул атрымліваў манарх, а потым дзяржава называлася ад гэтага тытулу, — кажа гісторык. — Ведаючы, што Міндоўг быў каралём, мы маем поўнае права называць ягоную дзяржаву Каралеўствам Літвы».
Але чаму спадкаемцы караля Міндоўга ня сталі каралямі? Пасьля каранацыі папа рымскі Інакенці IV замацаваў за Міндоўгавымі сынамі права на каралеўскую карону. Але сыны Рукля і Рэпейка памерлі. Трэці сын Войшалк заснаваў Лаўрышаўскі манастыр каля Наваградку і стаў манахам.
Па вялікім рахунку, ужо сам Міндоўг у канцы жыцьця дэ-юрэ ня быў каралём, бо незадоўга да сьмерці адмовіўся ад хрысьціянства і перайшоў назад у паганства.
«Дасягнуўшы сваіх палітычных мэтаў і зразумеўшы, што хрысьціянства больш нічога яму ня дасьць, Міндоўг, імаверна, увогуле перастаў карыстацца каралеўскім тытулам, — кажа Васіль Варонін. — Яшчэ раз падкрэсьліваю, каралём афіцыйна мог называцца хрысьціянскі манарх».
Спроба ІІ. Гедзімін, які выслаў з ВКЛ папскіх паслоў
Па сьмерці Міндоўга тэма кароны ўзьнікала, але толькі калі б наступнікі прынялі хрост і перайшлі ў каталіцтва. І хоць больш як стагодзьдзе ўсе вялікія князі літоўскія заставаліся паганцамі, гаворка пра каралеўства пэрыядычна ўзьнікала.
Напрыклад, вялікі князь Гедзімін вёў інтэнсіўную перапіску з папскім пасадам. На той час папская рэзыдэнцыя месьцілася ў Авіньёне. Гедзімін даваў папу спадзяваньні, што хрысьціцца. Папа, адпаведна, абяцаў яму карону.
«Гэта былі ня проста абяцаньні, — кажа Васіль Варонін. — Прыяжджалі паслы праз Рыгу, яны мелі намер ехаць у Вялікае Княства».
Але Гедзімін прадставіў сытуацыю такім чынам, што ў Авіньёне ягоныя абяцаньні няправільна зразумелі і што папскім паслам у Вялікім Княстве няма чаго рабіць.
«Гедзімін быў вельмі спрытным і хітрым палітыкам, — кажа Варонін. — Заручыўшыся папскай падтрымкай, ён хацеў на час прыпыніць вайну з ордэнам. А таму перамовы наконт хрышчэньня і каранацыі мелі больш палітычныя мэты».
Спроба ІІІ і IV. Кейстут, які ўцёк па дарозе на хрост, і Альгерд, які прасіў правоў на ўсю Русь
Гедзімінавы сыны Альгерд і Кейстут, якія разам валадарылі Вялікім Княствам Літоўскім, таксама абяцалі папу рымскаму ахрысьціцца. І таксама намерваліся атрымаць за гэта карону.
Першым на каралеўскі тытул замахнуўся Кейстут. У 1351 годзе ў Будзе, сталіцы Вугоршчыны, было прызначанае хрышчэньне троцкага князя. Але па дарозе ў Вугоршчыну Кейстут проста ўцёк, не захацеўшы працягваць гэтую гісторыю.
«Далейшы плян атрыманьня Кейстутам каралеўскай кароны, які павінен быў стаць лягічным працягам яго хрышчэньня, зразумела, так і ня быў рэалізаваны», — кажа гісторык.
У той жа час вёў перамовы з імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі і князь Альгерд. Ёсьць зьвесткі, што ў 1358 годзе ён абмяркоўваў з імпэратарам умовы хросту. У абмен на згоду ахрысьціцца Альгерд прасіў перадаць яму вялікія тэрыторыі на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора і правы на ўсю Русь.
«Іншымі словамі, Альгерд проста выставіў непрымальныя ўмовы. Імпэратар тых умоваў не прыняў, і хрост не адбыўся», — кажа Варонін.
Чаму князі літоўскія так і не даводзілі справу з хростам і каранацыяй да канца? Як сьцьвярджае Васіль Варонін, хрышчэньне мела адзін, але важны мінус.
«Зноў ахрышчаныя манархі траплялі б у залежнасьць ад папы Рымскага. Яны мусілі б дзейнічаць па правілах і законах хрысьціянскага сьвету. А паганскі гаспадар у гэтым сэнсе быў абсалютна свабодны».
Зь іншага боку, у паганства былі і мінусы. Бо пашырэньне эўрапейскіх межаў у Сярэднявеччы ішло за кошт паганскіх земляў. І супраць Літвы абвяшчаліся крыжовыя паходы.
Спроба V. Вітаўт, які спадзяваўся перажыць Ягайлу і стаць каралём Польшчы
Зусім іншай была каралеўская сытуацыя ў часы Вітаўта. Ён хоць і быў каталіком, але ў канцы 14 — пачатку 15 стагодзьдзя гэтага для каранацыі было недастаткова.
Пасьля Крэўскага пагадненьня 1385 году ВКЛ і Каралеўства Польшча аб’ядноўваліся пад уладай аднаго манарха. І напачатку Вітаўт быў усяго толькі намесьнікам Ягайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім.
«Тэарэтычна Ягайла пры сваім жаданьні мог пасунуць Вітаўта ў любы момант, — кажа Варонін. — Іншая справа, што Вітаўт быў вельмі аўтарытэтным чалавекам у ВКЛ».
Самыя рэальныя шанцы стварыць Каралеўства Літва былі ў Вітаўта Вялікага ў канцы жыцьця. Прычым спробы атрымаць карону ён рабіў двойчы.
У студзені 1429 году ў Луцку адбыўся зьезд, на якім прысутнічаў кароль Чэхіі Жыгамонт Люксэмбурскі, які лічыў сябе імпэратарам Сьвятой Рымскай Імпэрыі, а таму меў права ствараць новыя каралеўствы. Ён і прапанаваў Вітаўту каранавацца.
Першую дэлегацыю з Прагі затрымалі палякі. Яны зьбілі і абрабавалі паслоў, а потым адправілі іх назад. На наступны год кароны Вітаўту і ягонай жонцы Ўльляне паслалі з самога Рыму. Гэтая гісторыя апісваецца ў «Хроніцы Быхаўца». Паслы спазьніліся літаральна на некалькі тыдняў. 23 кастрычніка 1430 году, калі яны былі ў Львове, вялікі князь Вітаўт памёр, так і ня стаўшы каралём.
«Вестка аб сьмерці вялікага князя Вітаўта застала іх у Львове. А ляхі, ня хочучы, каб Літва стала каралеўствам, аднялі ў іх тую карону і, расьсекшы яе на паловы, прыклалі паловы да кароны біскупа кракаўскага, якая і цяпер захоўваецца ў Кракаўскім замку, у касьцёле сьвятога Станіслава».
Каралеўства Літва для Вітаўта было не прыярытэтнае
Але чаму Вітаўт вырашыў атрымаць карону так позна, хоць ён і быў каталіком? Васіль Варонін лічыць, што князь спадзяваўся на каралеўскія тытулы іншых краінаў. Найперш — Польшчы, якой кіраваў ягоны стрыечны брат Ягайла.
«У Ягайлы доўгі час не было сыноў, а Вітаўт меў шанец перажыць Ягайлу, — кажа Варонін. — Калі б так здарылася, ён меў бы нядрэнныя шанцы стаць польскім каралём. Ягоны аўтарытэт у Польшчы быў вельмі высокі, у той жа час у Польшчы было дастаткова ўплывовых асоб, якія недалюблівалі Ягайлу».
У чацьвёртым шлюбе Ягайла дачакаўся сыноў, і таму варыянт з польскім тронам для Вітаўта адпаў у 1424 годзе. Аднак у яго яшчэ быў шанец стаць каралём Чэхіі. Але паколькі прапанова была ад гусітаў, якіх лічылі ерэтыкамі, Вітаўт пабаяўся мець зь імі справу і адправіў у Прагу свайго стрыечнага пляменьніка Жыгімонта Карыбутавіча.
«Карона 1429 году была ўжо ініцыятывай Вітаўта. Ён зразумеў, што карону іншай дзяржавы не атрымае, трэба ўзвышаць статус уласнай», — кажа Васіль Варонін.
Спроба VІ. Жыгімонт Стары, які не пагадзіўся зрабіць свайго сына каралём Літвы
Апошні раз гаворка пра літоўскую карону зайшла ў 16 стагодзьдзі — праз сто год пасьля няўдалай каранацыі Вітаўта.
У гэты час у Вялікім Княстве ўзмацніўся рух за незалежнасьць. З падачы віленскага ваяводы і канцлера Альбрэхта Гаштольда ў 1526 годзе паны-рада адправілі пасольства ў Варшаву — да караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Літвіны прапаноўвалі зрабіць Вялікае Княства Літоўскае каралеўствам. Такі статус, на думку паслоў, гарантаваў бы незалежнасьць ВКЛ ад Польшчы, бо «Коруна в Коруну втелена быть не може», пісалі аўтары інструкцыі паслам да Жыгімонта (Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці, Том 1).
Па задуме літвінаў, дзейны валадар Польшчы і Літвы Жыгімонт Стары меўся б застацца каралём Польшчы, а ягоны сын Жыгімонт Аўгуст стаў бы каралём Літвы.
«Праўда, пры такім варыянце ўзьнікала шмат пытаньняў, — кажа Варонін. — ВКЛ для Жыгімонта Старога было спадчынным уладаньнем і „падушкай бясьпекі“, якая гарантавала яму польскую карону».
Сам кароль не падтрымаў стварэньня Каралеўства Літва. Краіна засталася Вялікім Княствам, і пытаньне пра літоўскую карону больш не ўздымалася. Міндоўг так і ўвайшоў у гісторыю як першы і адзіны кароль Літвы.