Чытач нашай фэйсбучнай суполкі «Толькі пра мову» задаўся такім пытаньнем:
А як тутэйшы гісторыка-лінгвістычна-палітычна абазнаны люд ставіцца да таго, што краіну — нашую суседку з паўночнага-захаду, на Радыё Свабодзе (нават!!!) называюць скарочанай назвай нашай некалі існаваўшай агульнай дзяржавы, якая даўно знікла? Чаму б не выкарыстоўваць транслітарацыю ейнае саманазвы на ейнае мове — «Летува»? Каб не блыталася.
Адказваем за Радыё Свабода.
Што такое Літва
Літва — наша старажытнае слова: Литъва і балцкае Lietuva — дакладныя этымалягічныя адпаведнікі. То бо мы тую назву спрадвеку маем па-свойму. Словы Літва, літвін, літоўскі ў старабеларускай мове ад пачатку азначалі балцкае аб’яднаньне плямёнаў, яго прадстаўнікоў ды іхную мову, а потым, у эпоху ВКЛ, займелі некалькі значэньняў — і названае, і якое стасавалася агульнай дзяржаўнай прыналежнасьці людзей ды іхных моваў, у тым ліку беларускай, і якое апісвала адпаведны рэгіён ВКЛ.
З пачаткам мадэрнага беларускага нацыянальнага руху ў XIX ст. гэтымі словамі зноў пачалі называць перадусім суседні балцкі народ і яго мову. У Каліноўскага («Ліст з-пад шыбеніцы»), а пазьней пасьлядоўна ў Каруся Каганца бачым слова «літоўцы»; у мове «Нашай Нівы», ува ўсім спэктры беларускага грамадзкага і палітычнага жыцьця пачатку ХХ стагодзьдзя, у БНРаўскай дзяржаўнай палітыцы і г.д. так ужываюць увесь набор словаў. Яны зафіксаваныя ў тагачасных нарматыўных слоўніках, падручніках, даведніках.
Усе беларускія дзеячы, ня менш сьвядомыя за нас цяперашніх, спакойна давалі сабе рады зразумець, пра каторую Літву ідзецца — этнічную ці гістарычную. Ім гэтая аманімія не перашкаджала весьці адраджэнскую, асьветніцкую і дзяржаватворчую працу. Мовазнаўцы, якія зьберагалі міжваенную клясычную традыцыю, не сумняваліся, што Літвою завецца і суседняя дзяржава, гл. напр. Ангельска-беларускі слоўнік Валянтыны Пашкевіч (2005 г.).
А назва «Летува» непрымальная ня толькі таму, што мы ўжо маем гістарычную, утвораную паводле фанэтычных законаў назву. Яна пярэчыць прыродзе беларускай мовы, бо ад яе немагчыма карэктна ўтварыць неабходныя словы — прыметнік, назвы прадстаўнікоў народу мужчынскага і жаночага роду. У выдуманых словах-калеках накшталт «летувіскі» канчаткі сьмела робяць суфіксамі. Адэпты ўвядзеньня слова «Летува» і падобных у беларускую мову ставяць у іх націск па-рознаму, пацьвярджаючы, што гэта імправізацыя, некампэтэнтная зь лінгвістычнага гледзішча.
Галоўнае — гістарычная адукацыя
Дый з нацыятворчага гледзішча — таксама збыткоўная імправізацыя. Для сучасных беларусаў Літва — назва сёньняшняй суседняй краіны. І корань праблемы ў правалах нашай гістарычнай адукацыі. Кожны беларус мусіў бы ведаць, што Літва — гэта і яго старадаўняя краіна. Калі такое з маленства ўкласьці ў галовы — ніхто ня будзе блытаць Літву-1 і Літву-2.
Прыклад таго, што ўсе ўсё разумеюць, — Польшча. Для (многіх) палякаў Літва («наша») — нешта значна больш роднае і бліжэйшае, чым (на жаль!) для беларусаў. Кожны паляк працытуе «Litwo, Ojczyzno moja!..», ведаючы, што гэта ягонае. І ніводнаму паляку яшчэ ня стрэльнула ў галаву пераймяноўваць сёньняшнюю Літву — каб нейкія гопнікі ня блыталі яе зь Літвой Міцкевіча.
Тут ідзецца пра сьпеласьць нацыі. Палякі — сьпелая нацыя, ім назва сёньняшняй Літвы нічым не замінае. А ў некаторых беларусаў яшчэ застаецца комплекс непаўнавартасьці, ім здаецца, што назва сёньняшняй Літвы страшна замінае росту самасьвядомасьці беларусаў, у іх «крадуць» сваю, гістарычную Літву... Дык пара ўжо ад гэтых дзіцячых комплексаў вызваляцца.
Галоўнае ў навязваньні грамадзтву словаў-монстрыкаў накшталт «Лету́ва» нават ня іх беспадстаўнасьць і неэстэтычнасьць, а тое, што ўсё адно трэба будзе тлумачыць, што была наша, гістарычная Літва. (Праўда, падазраем, што «летувісты» лічаць інакш: маўляў, досыць толькі зьмяніць назву — і ўсё разьвяжацца само сабой. Але ж гэта аблуда.)
Пазбавіцца комплексу
Дык вось, гістарычнай адукацыяй давядзецца займацца ў кожным разе. І калі ўдасца навучыць людзей — што такое наша гістарычная Літва і як яна нам дарагая — нашто тады наагул будуць тыя лінгвістычныя выбрыкі зь «Лету́вай» і «летувíсамі»? І хто сказаў, што навучыць масы новай назьве будзе лягчэй, чым растлумачыць, што Літва — гэта найперш наша гісторыя (прычым супольная зь сёньняшнімі літоўцамі — ад гэтага ніхто не памрэ)? Комплекс зьнікне — і непатрэбныя будуць такія сумнеўныя «лекі». А праблемы з гістарычнымі назвамі маюць і ўкраінцы (Русь), і грэкі (Македонія), ёсьць іншыя прыклады блуканьня назваў, як тая самая Альбанія ці Брытанія.
Саміх «летувíсаў» гэтыя тэрміны ў беларускай мове нямала напружваюць. На пачатку 1990-х адбылася спрэчка паміж віленскімі беларускімі і літоўскімі інтэлектуаламі, пасьля якой і пастаноўлена было перастаць ужываць такія словы ў беларускіх выданьнях. Усякая канфрантацыя паміж беларусамі і літоўцамі (а гэтыя тэрміны яе ствараюць) — на руку вядома каму.
Карацей, адчуйма сябе прадстаўнікамі сьпелай эўрапейскай нацыі, сьвядомай сваёй гісторыі, пазбаўленай дзіцячых комплексаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.