Паводле турэцкіх СМІ, некалькі соцень мігрантаў накіраваліся да мяжы з Грэцыяй. Гэтая навіна зьявілася пасьля заявы высокага турэцкага чыноўніка ў чацьвер, што краіна больш ня будзе спыняць сырыйскіх уцекачоў, якія спрабуюць дабрацца да Эўропы. Рашэньне зьвязваюць з магчымай хваляй уцекачоў з сырыйскай правінцыі Ідліб.
Турэцкая паліцыя, узьбярэжныя і памежныя службы атрымалі загад ня ўмешвацца, заявіў турэцкі чыноўнік. У пятніцу турэцкае агенцтва Demirören паведаміла, што вялікая група мігрантаў набліжаецца да мяжы з Грэцыяй на паўночным захадзе краіны. Грэцыя абвясьціла, што ўзмацніла патрулі на мяжы з Турэччынай на сушы і на моры.
Каля трохсот чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці, пачалі перамяшчацца каля паўночы ў турэцкай правінцыі Эдырне. Правінцыя мяжуе з Грэцыяй, а таксама з Баўгарыяй. Паводле турэцкіх СМІ, у групу ўваходзяць сырыйцы, іранцы і іракцы.
Reuters адзначае, што пакуль не ўдалося праверыць праўдзівасьць інфармацыі на месцы. Турэцкая дзяржаўная тэлевізія TRT і прыватны канал НТВ паказалі кадры некалькіх групаў зь дзясяткамі людзей, нібыта мігрантаў, якія рухаюцца да мяжы.
Паводле газэты Sabah Ankara, Рада дзяржаўнай бясьпекі Турэччыны пад старшынствам прэзыдэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана прыняла рашэньне не перашкаджаць мігрантам ехаць у Эўропу. Рада сабралася неўзабаве пасьля таго, як у паветраных налётах у Ідлібе, паўночнай сырыйскай правінцыі, забілі як мінімум 33 турэцкіх салдат. Адказнасьць за паветраныя ўдары Турэччына ўскладае на рэжым сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада.
Як паведамляе АР, 33 загінулыя ў чацвер — самая вялікая колькасьць забітых у Сырыі турэцкіх вайскоўцаў за адзін дзень ад пачатку наступу. Турэцкае агенцтва Anadolu заявіла, што Турэччына адказала на напад агнём.