Міністар замежных справаў Нямеччыны Гайка Мас абвінаваціў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада і яго саюзьніка Расею ў зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў ў правінцыі Ідліб на паўночным захадзе Сырыі, паведамляе Deutsche Welle.
Дамаск і Масква, як удзельнікі канфлікту ў Сірыі, абавязаныя абараняць цывільнае насельніцтва, заявіў Мас 27 лютага, выступаючы на пасяджэньні Рады Бяспекі ААН у Нью-Ёрку. Замест гэтага, дадаў кіраўнік МЗС Нямеччыны, яны бамбуюць такія аб’екты цывільнай інфраструктуры, як шпіталі і школы. «Наўмысныя атакі на цывільнае насельніцтва зьяўляюцца ваенным злачынствам», — патлумачыў Мас.
У адказ на аргумэнтацыю Расеі аб тым, што на паўночным захадзе Сырыі яна ажыцьцяўляе барацьбу з тэрарыстычнымі групамі, Мас сказаў: «Захады па барацьбе з тэрарызмам не вызваляюць нікога ад захаваньня нормаў міжнароднага гуманітарнага права».
«У той час як мы сядзім тут, у Ідлібе тры мільёны мірных жыхароў адчуваюць страх за сваё жыцьцё. 80 працэнтаў з іх — гэта жанчыны і дзеці», — дадаў Мас.
Ідліб — апошняя правінцыя Сырыі, якую кантралююць апазыцыйныя прэзыдэнту Башару Асаду палітычныя сілы, а таксама ісламісцкія баевікі. Са снежня 2019 году Дамаск вядзе тут буйнамаштабны наступ. Паводле зьвестак ААН, амаль 900 000 мірных жыхароў уцяклі з правінцыі ад вайны. Большасьць з іх вымушаная жыць у катастрафічных умовах у лягерах паблізу турэцка-сырыйскай мяжы.