Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна спыніць пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі, але часова


Украіна ў сакавіку-чэрвені адмовіцца ад набыцьця электраэнэргіі ў Беларусі, але ў ліпені адновіць пастаўкі.

У Міністэрстве энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны Свабодзе патлумачылі, што спыненьне паставак беларускай электраэнэргіі прадугледжана ў сувязі з рачнымі паводкамі і адпаведна высокай базавай нагрузкай на гідраэлектрастанцыі. Адпаведныя абмежаваньні ўключаныя ў прагнозны балянс электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны на 2020 год.

Раней міністар энэргетыкі Ўкраіны Аляксей Оржэль зьвярнуўся зь лістом у Нацыянальную камісію па дзяржаўным рэгуляваньні ў сфэры энэргетыкі і камунальных паслуг, у якім прасіў абмежаваць прапускную здольнасьць для імпарту электраэнэргіі зь дзяржаў, што не ўваходзяць у Эўрапейскую садружнасьць. Неабходнасьць у абмежаваньні імпарту міністар патлумачыў вялікім аб’ёмам вырабленай электраэнэргіі на ўкраінскіх прадпрыемствах.

«Імпарт электраэнэргіі стаў магчымым пасьля адкрыцьця ва Ўкраіне рынку згодна з законам аб рынку электраэнэргіі. Заканадаўца дазволіў імпарт з краін, якія ня ёсьць сябрамі Энэргетычнай садружнасьці, на падставе двухбаковых дамоў. Камісія можа толькі скасоўваць аўкцыёны або абмяжоўваць ператокі. Мы можам умяшацца толькі ў тым выпадку, калі былі нейкія злоўжываньні, а не забараніць імпарт. Інстытуцыйна гэта немагчыма», — паведаміў кіраўнік Нацыянальнай камісіі па дзяржаўным рэгуляваньні ў сфэры энэргетыкі і камунальных паслуг Валеры Тарасюк сёньня на брыфінгу ва ўрадзе.

Паводле яго, пастаўкі беларускай электраэнэргіі нязначныя паводле аб’ёмаў, але яны істотна паўплывалі на зьніжэньне цаны на ўнутраным рынку. «Сёньня, напрыклад, увогуле не было імпарту зь Беларусі, ён мізэрны, але гэты чыньнік стрымлівае фармаваньне цаны нашымі ўнутранымі гульцамі. Эфэкт ад 0,5 адсотка імпарту складае 10 і больш адсоткаў у зьніжэньні цаны», — дадаў ён.

«Трэба ўсё ўзважыць. Ці гатовы мы ўсе плаціць за такое рашэньне (забарону імпарту — РС)? Усе яшчэ дыскутуем. Але найперш пытаньне датычыцца імпарту з Расеі, а не зь Беларусі», — падкрэсьліў Валеры Тарасюк.

З моманту адкрыцьця ўкраінскага рынку электраэнэргіі Беларусь выйшла на першае месца па аб’ёмах паставак, апярэдзіўшы Славаччыну, Вугоршчыну і Расею.

Тады ж стала вядома, што Ўкраіна ў 2020 годзе плянуе закупіць у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі.

Аднаўленьне паставак ва Ўкраіну электраэнэргіі зь Беларусі, Славаччыны, Вугоршчыны і Расеі выклікала незадаволенасьць прафсаюзу працаўнікоў энэргетыкі і электратэхнічнай прамысловасьці Ўкраіны. Яны папярэдзілі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага і прэм’ер-міністра Аляксея Ганчарука аб магчымым крызісе ў галіне і пагрозе закрыцьця 100 тысяч працоўных месцаў у нацыянальнай энэргетыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG