Патэнцыйна Беларусь можа паставіць на ўкраінскі рынак каля 5-6 млрд кВт-гадзін электраэнэргіі.
Беларусь экспартавала ва Ўкраіну зь ліпеня па сёньня каля 840 млн кВт-гадзін электраэнэргіі. Пра гэта паведаміў журналістам генэральны дырэктар ДВА «Белэнэрга» Павел Дрозд.
«Пасьля адкрыцьця рынку ва Ўкраіне з 1 ліпеня мы на ім пачалі пасьпяхова працаваць», — сказаў ён.
Беларусь мае 22 рамкавыя кантракты з трэйдэрамі з Украіны. 9 кантрактаў плянуюць падпісаць у бліжэйшыя дні. Яшчэ 36 трэйдэраў гатовыя заключыць кантракт.
«Усё будзе залежаць ад таго, зь якой цаной і сабекоштам мы будзем прапаноўваць энэргію на ўкраінскі рынак», — сказаў Павел Дрозд.
Ён зьняпраўдзіў інфармацыю пра тое, што з 1 сьнежня беларуская электраэнэргія стала дарагой і неканкурэнтназдольнай на ўкраінскім рынку. Маўляў, гэта было зьвязана з тэхнічнымі пытаньнямі. «Узгодненая заяўка на вывад у рамонт міждзяржаўнай лініі 330 кВ паміж Беларусьсю і Ўкраінай», — сказаў Павел Дрозд.
На сёньня Беларусь экспартавала на рынак Украіны і ў краіны Nord Pool 2,3 млрд кВт-гадзін.
Да канца году «Белэнэрга» плянуе падпісаць кантракты на пастаўкі на рынак Nord Pool 180 мэгават у першым квартале будучага году, сказаў Павел Дрозд.
«Пакуль АЭС ня ўключана ў энэргасыстэму, няма забароны на пастаўкі ў Літву. Але мы прадаём на рынкавую пляцоўку Nord Pool, у якую ўваходзіць шэраг краін», — сказаў Павел Дрозд.
Паралельна Беларусь плянуе працаваць зь Літвой яшчэ пяць гадоў у сыстэме БРЭЛЛ (Беларусь — Расея — Эстонія — Латвія — Літва), пакуль Літва ня выйдзе зь яе ў 2025 годзе. Беларускі бок спадзяецца на пастаўкі ў Расею і Ўкраіну.
Таксама, паводле Паўла Дразда, Беларусь абмяркоўвае зь дзяржаўнымі структурамі Польшчы пастаўкі электраэнэргіі туды. Дзеля рэалізацыі гэтага ёсьць 2 лініі (прапускная здольнасьць каля 140 мВт), якія зьвязваюць Берасьце з польскай тэрыторыяй.
«Для выдачы магутнасьцяў з АЭС сёньня няма праблемаў»
Што да рэалізацыі энэргіі зь Беларускай АЭС, то, паводле дырэктара «Белэнэрга», летась завершаны маштабны праект для выдачы магутнасьцяў АЭС у энэргасыстэму: пабудавалі больш за тысячу кілямэтраў новых лініяў, рэканструявалі 672,4 км, мадэрнізавалі чатыры падстанцыі і пабудавалі адну новую.
«То бок для выдачы магутнасьцяў з АЭС сёньня няма праблемаў. Сёньня энэргасыстэма мае міждзяржаўныя сувязі з трыма дзяржавамі — Літвой, Расеяй і Украінай. 11 лініяў па 330 кВ, адна лінія 750 кВ. Сёлета мы завяршылі маштабны праект першай чаргі — мадэрнізавалі нашу адзіную падстанцыю „Беларуская“ на 750 кВ у Старадароскім раёне. Такім чынам мы забясьпечылі надзейную сувязь, а з Расеяй яшчэ ўзмацнілі. Гэтая лінія можа прапускаць да 2 гВт. Усё, што трэба для выдачы магутнасьцяў, энэргасыстэма зрэалізавала», — сказаў Павел Дрозд.
У міністэрстве заяўляюць, што АЭС зьвязана з усімі рэгіёнамі Беларусі.
«Беларусі давядзецца дэмпінгаваць»
Украінскі экспэрт, выкладчык Нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Сяргей Бахмачук у інтэрвію Свабодзе сказаў, што Ўкраіна з 1 ліпеня моцна лібэралізавала энэргарынак у зьвязку з эўрапейскімі пагадненьнямі.
«Калі Беларусь будзе дэмпінгаваць і запрапануе нізкія цэны, то пастаўкі могуць быць. Асабліва калі энэргія будзе пастаўляцца раніцай і ўвечары. Тады танная беларуская энэргія дапаможа зьбіць цэны ва Ўкраіне ў гэтыя пэрыяды часу, і гэта пазытыўна. Але Беларусі тады трэба кудысьці падзець энэргію, якая будзе выпрацоўвацца на АЭС уначы. Дэмпінгаваць Беларусі давядзецца і на аўкцыёнах Nord Pool, цяпер там гэта робіць Расея і перамагае беларускія прапановы», — кажа Сяргей Бахмачук.
Паводле Сяргея Бахмачука, празь некалькі гадоў Украіна зьбіраецца ў адпаведнасьці з палітычным курсам інтэграцыі ў ЭЗ перайсьці да паралельнай працы зь сеткай эўрапейскай краін ENTSO-E і аддзяліць свае сеткі ад сетак краін СНД.
«Хіба што Беларусь зробіць тое ж самае? Хоць беларуская АЭС арыентуецца на расейскае паліва, і Расея ёй гэтага не дазволіць», — сказаў Сяргей Бахмачук.
Паводле «Укрэнэрга», у лістападзе 2019 году агульны імпарт электраэнэргіі ва Ўкраіну склаў 661 тыс. мВт-гадзін і ўпершыню ад пачатку працы новага рынку электраэнэргіі на 5% перавысіў сумарны аб’ём экспарту (629 тыс. мВт-гадзін).
Але для забесьпячэньня балянсу і эксплюатацыйнай бясьпекі электрасыстэмы ў лістападзе заплянаваны імпарт электраэнэргіі зь Беларусі ва Украіну быў абмежаваны на 46% (з 294,7 тыс. мВт-гадзін да 157,8 тыс. мВт-гадзін), з Расеі на 34% (з 201,5 тыс. мВт-гадзін да 132,6 тыс. мВт-гадзін).